— Непрыстойнымі словамі не выражацца, — раптам гыркнуў сабака з крэсла і ўстаў.
Чорны чалавек раптоўна пабялеў, упусціў партфель і пачаў падаць, міліцыянер падхапіў яго збоку, а Фёдар ззаду. Адбылася валтузня, і сярод яе выразна пачуліся тры фразы:
Піліпа Піліпавіча: — Валяр'янку. Гэта страта прытомнасці.
Доктара Барменталя: — Швондзера я ўласнаручна выкіну з лесвіцы, калі ён яшчэ раз з'явіцца ў кватэры прафесара Праабражэнскага.
І Швондзерава: — Прашу запісаць гэтыя словы ў пратакол.
Шэрыя гармонікі труб грэлі. Шторы засланілі густую прачысцінскую ноч з яе адзінокай зоркай. Найвышэйшае стварэнне, вялікі сабачы бог сядзеў у крэсле, а сабака Шарык ляжаў на дыване ля скураной канапы. Ад сакавіцкага туману сабаку раніцай мучыў боль у галаве, які расцякаўся кругам па галаўному шву. Але ад цяпла пад вечар боль праходзіў. І зараз рабілася лягчэй, лягчэй, і думкі ў галаве ў сабакі цяклі прыемныя і цёплыя.
«Як мне пашанцавала, як пашанцавала, — думаў ён скрозь дрымоту, — нельга і апісаць, як пашанцавала. Прыжыўся я ў гэтай кватэры. І канчаткова перакананы, што з маім паходжаннем нешта нячыста. Тут без вадалаза не абышлося. Патаскуха была мая бабулька, царства ёй нябеснае, старэнькай. Праўда, чамусьці голаў усю зрэзалі, але да вяселля гэта загоіцца. Нам на гэта няма чаго зважаць».
Здалёк прыглушана пагруквалі шклянкі. Укушаны прыбіраў у шафах у аглядальні.
А чараўнік сядзеў і наспеўваў:
— К берегам священным Нила…
Сабака бачыў страшнае. Рукі ў слізкіх пальчатках вялікі чалавек апускаў у сасуд, даставаў мазгі — упарты, настойлівы, усё нечага дабіваўся, рэзаў, разглядаў, прыплюшчваў вочы і спяваў:
— К берегам священным Нила…