Выбрать главу

Бянігна спалохалася сваёй ажылай памяці. Памяць тупала ёй па галаве, як сьляпая па чужой хаце, зараз зачэпіць локцем і разаб’е. Як яе спыніць? Што яшчэ яна ўспомніць, старая шаптуха, адарваная ад сваёй хаты, нікога ня лечачы, забыўшы пра свой абавязак? Не ратуючы людзей, а толькі лежачы, жуючы ды едучы — а куды, сама ня ведае.

Куды павязуць.

А што рабіць? Як ты дакажаш двум маладым мужыкам, што позна табе нявестай быць? Як папрасіцца, каб адпусьцілі, калі яны ня чуюць — і слухаць нічога ня хочуць?

Пэўне, нешта яна ня так зрабіла. Правінілася перад тым, хто ўсё гэта прыдумаў. А можа, непасільную ношку на сябе ўзяла, не па сабе груз, можа, нейкая іншая жанчына мусіла ў неандартальскі лес хадзіць, а яна, Бянігна, у яе ключы скрала? А, старая ты ведзьма? Што ты яшчэ ўспомніш?

Але пакрысе Бянігна звыклася, усё часьцей разглядвала сьцены пакоя — і неўзабаве знайшла на блакітных шпалерах крамзолі. Быццам нехта спрабаваў ручкай замаляваць карцінкі. Цёмна-сіняя лінія бегала па сьценах, сустракалася з чырвонай, рабіла пісягі, зыгзагі, узьлятала да сярэдзіны і зноў апускалася да падлогі. І хутка ўжо Бянігна ўцяміла — у гэтым пакоі некалі жыло дзіцятка. Жыло з мурашамі жахлівымі, з мышамі драпежнымі, з пчоламі гіганцкімі, з хлапцамі-буйнымі насамі. З строгай Дзевай блакітнавалосай пасярэдзіне. Спала на тым ложку, на якім цяпер яна сьпіць. Спала, ела, крычала. Жыло, сталела. Вырасла неяк. Зьехала адсюль назаўжды, даўным-даўно, а цяпер у хаце кожны месяц новыя людзі начуюць, грошы плацяць, каб у гэтым пакоі спаць і ў акно глядзець.

За адзіным у пакоі акном быў Мінск.

Мінск, якога яна ніколі ў жыцьці ня бачыла і ня думала, што пабачыць, а калі шчыра-шчыранька, дык і сумнявалася, што той Мінск сапраўды існуе. Ці мала што людзі расказваюць.

А ён, аказваецца, вось які, Мінск.

Як узор на шэрай тканіне. Сплецены ў клубок лес, які размотваецца, размотваецца, ніткі абвіваюць рысачкі, прадзяваюцца скрозь павуціньне голых веснавых дрэваў, чапляюцца за зямлю і выпаўзаюць праз зусім іншыя дзіркі, пралазяць скрозь машыны, сутыкаюцца, завязваюцца на вузельчыкі і зноў разьвязваюцца, затрымваюцца ў ім фігуркі людзей, сьцяжкі, сабакі, лаўкі і агароджы. Усё цягнецца і цягнецца гэты клубок, а куды, дзе ўсё гэта сканчаецца — невядома. Бо насупраць дому, дзе яна сядзіць, іншы дом. Пазірае гэты дом на Бянігну ўсімі сваімі вачыма, і такое ў яе адчуваньне, што кожны ведае: прывезьлі сюды некалькі дзён таму на досьвітку нейкую старую, пасялілі ў пакоі, а выходзіць не даюць. А чаму? Што за старая такая?

Ды яна б і сама не змагла расказаць.

Насамрэч у Мінску, канешна, нікому ні да кога справы няма. Кожны сам па сабе — варушацца людзі ў адным клубку, а думаюць, што свабодныя, як тыя пціцы. Птушак тут многа, але ні вароны, ні галубы на Бянігніна падваконьне не садзяцца. Чужая яна ў Мінску. Што ты, старая, забыла ў вялікім горадзе? У самай што ні ёсьць сярэдзіне андартальскага лесу?

Ніхто не здагадваецца, што яна тут. Дый хто стаў бы такую нецікавую загадку разгадваць. Ім бы свае клубкі да канца разматаць. А на гэта мінскім жыцьця ня хопіць.

Гэта ўдзень Мінск такі — сплецены, зьвязаны, белы, шэры, чорны, сіняваты, як скура на марозе. Уначы Мінск гарыць, але не згарае. Як вечны агонь.

Баляць Бянігніны вочы, баляць, яна іх адводзіць, а яны ўсё роўна да акна просяцца. Быццам ёсьць тут нехта, хто зь ёй пагаварыць хоча.

Насамрэч у яе ў Мінску шмат знаёмцаў. Колькі людзей адсюль да яе пераезьдзіла. Колькі лішняга, у Мінску імі нажытага, яна ў неандартальскі лес аднесла. Тыя, што ў двары пад яе акном бегаюць — хто ж знае, можа, яны некалі ў яе хаце стаялі, дрыжэлі, рук яе чакалі — з жахам, з жыватом да рота падцягнутым, з жыламі застылымі, з душамі, лішнім набітымі. Яна б кожнага пазнала, так ёй здавалася. Толькі вось саму сябе яна ўжо не пазнавала. Увечары, стоячы ля акна, яна бачыла свой твар у цёмнай шыбіне, і была пэўная: не яе гэта аблічча, не яе, гэта нейкая іншая бабка ў дом просіцца.

Але раніцай тая чужая баба сыходзіла. Мінск рабіўся ружова-белы, як зэфір. Пачынаўся дзень, такі самы, як учора. Ніхто не прыносіў Бянігне лішняга, ніхто не маліў аб помачы, ніхто ня клікаў яе:

“Бабушка!”

Таму закрыты быў для Бянігны неандартальскі лес. Няма для каго туды ісьці. І яна са страхам думала, што забудзе за ўсе гэтыя марныя, бясконцыя дні, дзе якая сьцежка, забудзе пра тое, у якім месцы пінжак на пні пасьцелены. А калі і не забудзе, калі дабярэцца — што калі ні пінжака, ні пня там няма ўжо? Адна крапіва. Куды яна лішняе дзяваць будзе?