Калі Бянігна прачнулася, было ўжо сьветла. Яна пабачыла перад сабой доўгую чараду машын — самага рознага колеру, машыны шчыльна стаялі адна за адной, нецярплівыя ззаду і такія пакорлівыя сьпераду. Няголеныя мужыкі са сваімі прымружанымі, маўклівымі бабамі смурна ўзіраліся ў суседзяў. Нехта бегаў, нехта курыў, нехта піў каву з тэрмасаў.
“Стаім...”
“Ну, нармальна, магло быць і горай”.
Антон уключыў радыё, і на Бянігну абрынуліся навіны. Тыя самыя, якія яна некалі называла Пасьледнія Ізьвесьція — тады, калі ў яе самой у хаце радыёкропка была.
“Чемпионат мира по фигурному катанию стартовал сегодня в американском городе Бостон. Будут разыграны комплекты медалей в мужском и женском одиночном катании, парном катании и танцах на льду. Беларусь на соревнованиях представят пары Татьяна Данилова-Николай Каменчук, Виктория Ковалева-Юрий Беляев...”
“А ты, бабка, як думаеш: калі ўжо гей-пары ў фігурным катаньні легалізуюць? — Міша паглядзеў на яе сур’ёзна і раптам нэрвова зарагатаў. — Ты, бабка, як — за аднаполую любоў ці супраць? Мне дык усё роўна, абы нашы перамаглі...”
“Не чапай бабку, ідыёт, — кінуў праз плячо Антон. — Хай сьпіць, у яе дарога доўгая... ”
Міша пакруціўся, пагрукаў пальцамі па сядзеньні. Бянігна пазірала на яго скоса, спагадліва, марнуецца хлопец у машыне, няма яму прасторы, і работы добрай няма. Хіба ж гэта работа — бабку старую даглядаць?
Вось памерла б яна, адышла, дык і заняліся б хлопцы якой карыснай справай. А так усё хаваюцца, носяцца, перажываюць, сэрцы свае мучаць. Яе ад людзей хаваюць — а яна што, з золата зробленая? Не было на Бянігне золата ані каліўца, нават пярсьцёнка залатога не было, нават зуба залатога. Як быццам пачуўшы яе думкі, Міша павярнуўся і пачаў яе разглядваць. Што ён там сабе думаў, цяжка было прачытаць. Але нешта ня надта добрае. Можа, пра тое, што нагадвае гэтая старая шаптуха чорную парэпаную гіру для гімнастыкі. Паскрабеш — а яна ўнутры з золата. Як у той кніжцы. Расьпілаваў бы старую малады хлопец, даведаўся б, што ў яе ўнутры — і чаму тую бабку ўбогую такі круты жаніх да сябе на востраў кліча. Нешта ж ёсьць у ёй такое... Каштоўнае... Вось жа, бабка — адна загадка.
“К другим новостям. Отвественность за взрыв в Лахоре (Пакистан, провинция Пенджаб) пока не взяла не себя ни одна группировка. Убито более семидесяти человек, около трехсот получили ранения. Напомним, что ответственность за недавние теракты в брюссельском метро, в ходе которых погибло почти сорок человек и триста сорок были ранены, взяла на себя организация “Исламское государство””.
Шкада, думала Бянігна, што па радзіву пра Мэры і Джона нічога ня скажуць. А людзям жа цікава. Нават тым, у каго тэлевізара няма. Калі б Бянігна магла, яна б усім расказала, што там за гісторыя. Радзіва ўсё гаварыла і гаварыла, тысячы незнаёмых словаў падалі на Бянігну, як мокры сьнег, і адразу ж высыхалі, не пакідаючы ў яе памяці сьлядоў. Толькі ў Мінску могуць так гаварыць — без супынку, то жартуючы, то быццам памёр хто, але гаварыць, гаварыць і гаварыць, нібыта ўцякаючы ад кагосьці. Бяз сэнсу, як увосень дождж па страсе барабаніць. Гавораць — і самі са сваіх жартаў сьмяюцца, і самі потым над сваімі Пасьледнімі Ізьвесьціямі галовы ломяць: што да чаго?
“...Шесть кандидатов претендуют на кресло главы государства в Джибути. Президентские выборы в этой небольшой восточноафриканской стране пройдут 8 апреля. Аналитики пророчат победу лидеру Народного движения за национальный прогресс Исмаилу Омару Гелле. Также в числе участников президентской гонки: Омар Эльми Хере и Мохамед Дауд Шеем из Союза национального спасения, и три независимых кандидата: Мохамед Мусса Али, Ассан Идрис Амед и Джама Абдурахман Джама...”
“Антон, а ты за каго? — спытаў Міша, схаваўшы твар у каўнер курткі. — Я дык за нацыянальнае спасеніе... Спасайся хто можа... ”
“Ды пайшоў ты”, — змрочна адказаў Антон.
Машына за імі рванула, праехала пару мэтраў, стала. Так яны і жывуць у андартальскім лесе: крануліся — ды замерлі, крануліся, ды замерлі. А потым канец: стоп машына.