Але гэта даўно было. Дужа даўно, калі яшчэ думала яна, што вось, было ў яе тры мужы, і што чатыры — цыфра няправільная. А цяпер ляціць Бянігна на белым самалёце. Расказала б яна пра гэта мужу свайму першаму, які пад парэчкавым кустом ляжыць — што ведае яна цяпер, як гэта: ангелам па небе лётаць.
Але ці пабачыць яна калі той парэчкавы куст — гэта было вялікае пытаньне. А дзядзька той у акно тыцкае: глядзі, бабка, глядзі, шаптуха. Яна скасіла вока, а там і праўда было на што паглядзець. Проста пад імі на сіняй тканіне мора ляжаў невялікі востраў, выгнуты, як кот, што на печы заснуў. Тапырылася на сьпіне вострава зялёная шэрсьць, і сядзелі на ягоным карку белыя дамы. Усё ніжэй і ніжэй спускаўся над востравам самалёт, усё больш і больш бачыла Бянігна, дарма што вочы старыя былі. Быццам маладзейшая яна зрабілася, калі над востравам апынулася. Бачыла сьцягі, якія трапяталі на марскім ветры, бачыла дарогу, што вілася па востраве, і чалавека, які ехаў на ровары, не падазраючы нават, што Бянігна на яго зь неба глядзіць. Бачыла дрэвы, якія дрыжалі ў паветры, як балярыны.
Загудзеў андартальскі сьвет і прыцягнуў да сябе Бянігну. Прыціснула яна да грудзей жаніховы падарункі — а ў руках ужо і няма нічога. Толькі сваё калена ў грубай тоўстай панчосе. Такія яны, падарункі мужчынскія: падманлівыя, прыгожыя, празрыстыя, як словы іхныя ласкавыя — і не жывуць доўга, у пыл рассыпаюцца, як толькі іх у рукі возьмеш. Бянігна засаромелася, паправіла спадніцу, самалёт грымліва павітаўся зь зямлёю і, лёгкай птушынай хадою прабегшы па яе пузе, стаў і сьціх.
Дзядзька адчыніў дзьверы, упусьціў у самалёт сонца і скінуў лесьвіцу. Адшпіліў старую, як карціну са сьцяны зьняў, і дапамог ёй падняцца.
Асьлепленая, зь цяжкім сэрцам і нягнуткімі нагамі, стала Бянігна на жалезную лесьвіцу і, хоць і не хацела, але ўдыхнула глыбока ў сябе чужое паветра.
Салёнае яно было, і такое чыстае, што аж выплюнуць захацелася. Але стрымалася Бянігна, бо хто ж, у госьці прыходзячы, гаспадарам пад ногі плюе.
Дзе ты, хата далёкая, дзе ты, неба роднае, нізкае, руку працягні — і дастанеш, дзе ты, пад парэчкавым кустом белы парашут зь белымі костачкамі. Занесла старую Бянігну на самы край сьвету. І як ёй адсюль выбрацца, яна ня ведала.
6.
Каля самалёта Бянігну сустракалі мужчыны — быццам была яна нейкаю важнаю госьцяй, а ня бабкай цёмнай ды нямоглай. Стаялі і глядзелі на яе — ды з такой цікаўнасьцю, што Бянігна ўміг засаромелася, спынілася пасярод дарожкі, што ад самалёта проста да іх вяла, разгубілася, галаву яшчэ глыбей у шыю сваю крывую схавала.
Так і стаялі яны насупраць — бабка, якую той самы дзядзька ўсё пад руку дзяржаў, і цэлая група мужыкоў у шортах ды кепках, што на Бянігну глядзелі. І ніхто ня рухаўся — як зачараваў хто. Толькі вецер марскі іх па галовах тузаў, і пад Бянігніну хустку лез. Цырульнік-назола. Прычоску ёй, відаць, справіць хацеў, каб пад жаніховы вочы яна папрылічней убраная выйшла.
Асвоілася Бянігна, стала мужчын разглядваць. Быў сярод іх нейкі дзед сівенькі, увесь у белым, быў асілак малады, з нагамі паголенымі, як у дзеўкі, быў мужчынка вузкавокі, невысокі, як татарын, быў і тоўсты, мажны, з палкай гумовай, якой ён сябе па калену голаму стукаў. Пачала Бянігна разважаць, хто зь іх яе жаніх, ды з тым тварам на фатаздымку параўноўваць. А яны ўсё моўчкі ў Бянігну ўзіраліся — і цяжка было сказаць, радыя яны яе бачыць, ці не. Такімі вачыма можна і на сабаку глядзець, і на каня, і на машыну новую, і на грады, градам пабітыя. Але каб так на нейкую там бабку глядзелі — такога Бянігна яшчэ не сустракала. Думалі мужчыны пра нешта, на яе гледзячы, а пра што — хто ж тых мужчын ведае, яны ўсягда сабе на вуме.
Сівы дзед быў хаця й дзед, але ж нейкі дужа малады ды маладцаваты. Не прыдаваўся ён на жаніхова месца, дый на фатаздымку твар без барады быў, а гэты, бач ты, з барадой казьлінай. Ня мог дзядок гэты рукі яе прасіць. Ён хіба за бацьку жаніха пайсьці мог, але сам ужо аджаніўся. Таму не, ня гэты, вырашыла Бянігна і ўпілася вачыма ў другога мужчыну.
Гэты, з нагамі гладкімі, дзявочымі, ды з такімі цягліцамі пад майкай, што яму б дубы варочаць, быў дастаткова малады, каб здурнець і ў жаніхі да бабкі падацца. Але вочы ягоныя не такія былі, як на картачцы той дзівоснай. Прасьцейшыя ды дабрэйшыя. Мо трэці? Татарын? Хто тых татараў ведае, які ў іх там звычай, і якія мысьлі дзікія, татарскія, ім па начах прыходзяць? Ці гэты — вось ужо дзе таўстун. Як ён у дзьверы пралазіць. У Бянігніну хату дакладна ня ўлез бы.