І калі Бянігна перабрала ўсіх ды так і не дапяла, хто з тых мужыкоў яе сюды даставіць загадаў, з-за яе сьпіны — адкуль толькі ўзяўся — выскачыў хлопец, увесь у чорным, сам босы, а галава ў кудзерках. Разбаўтаны, рухавы, так і хацелася падкруціць на ім шрубы ды ў некаторых месцах цьвікамі пазабіваць, каб не разваліўся. Рот у хлопца быў прыгожы, як чырвоная ягада на кусьце, але толькі да таго моманту, пакуль той хлопец рот не разявіў. І тады ператварыўся ягоны рот у шырокую чорную дзірку, якая адразу ж усю ягоную красату сапсавала.
Хлопец забег перад ёй, стаў — блізка-блізка, так, што Бянігна адчула ягоны подых, зазірнуў ёй у вочы — уладна, патрабавальна, зрэнкі ягоныя зьледзянелі. Паклаў ёй рукі на плечы — і тут жа адняў, схаваў за сьпінай. А потым зноў абабег Бянігну, як быццам яна дрэвам была, да якога ён штосьці прывязваў.
І зноў замёр перад ёй, гэтым разам усьміхаючыся.
Бянігна паглядзела на мужыкоў — тыя, мабыць, сьмяяліся з такіх выкрутасаў. Але мужыкі стаялі сур’ёзныя, нейкія панылыя нават, ніхто нават найменшай усьмешкі сабе не дазволіў. Быццам гэта тут у іх нармальна было — вакол бабак старых бегаць, як тыя клоўны.
Хлопец у чорным зрабіў вакол бабкі трэцяе кола і гэтым разам коратка віскнуў. Стаў да яе ўсутыч, зноў віскнуў і змоўк.
І паглядзеў на яе тым самым позіркам. Позіркам жаніха з фатакарткі.
Стаяла перад ім Бянігна ні жыва ні мяртва.
“Бабка!” — пракрычаў раптам жаніх ейны, ды так гучна, што яна ледзь не павалілася: ці то ад страху, ці то ад сьмеху. Такога сьмеху, які бывае, калі жах да самага сэрца працінае.
“Бабка!” — пракрычаў ён са шчырым, маладым захапленьнем і абвёў вачыма сваіх таварышаў. Глынуў, бліснуў вачыма.
“Сапраўдная!” — голас ягоны быў такі шчасьлівы, што ўсе заківалі, заўсьміхаліся, расслабіліся.
“Сапраўдная, жывая бабка, — прамовіў ён ужо спакайней, і вочы ягоныя прамяніліся ад задавальненьня. — Мая!”
“Мая бабка, — прамармытаў яе шчасьлівы жанішок і памацаў яе за шчаку, за плячо, за жывот. — Мая ўласная. Што скажаце?”
Ён павярнуўся да прыяцеляў сваіх, і ўсе заківалі яшчэ больш жвава: бабка, твая, сапраўдная, ніхто не аспрэчыць, жывая.
“Можа, хтосьці сумняваецца? — падазрона зьвярнуўся хлопец да мужчын, што ўсё ківалі, ківалі, ды бліжэй не падыходзілі. — А? Дык ідзіце бліжэй, што вы там застылі, як у заапарку? Хадзіце сюды, мая бабка вас ня ўкусіць... А сам я яшчэ падумаю, кусаць вас ці жыўцом рэзаць. Паслухаю спачатку, што вы скажаце. Мудрацы вы мае, сумленьне нацыі. Ідзіце, праверце”.
“Ды што ты ўсё скачаш... — падаў голас багатыр з жаночымі нагамі. — Ну, бабка. Ну, сапраўдная. Ніхто не сумняваецца. Такая, як ты хацеў. Старая, праўда, занадта. Гадоў бы на дзесяць маладзейшую...”
“А што, было з чаго выбіраць? — прамовіў скрыпучым голасам сівы дзядок. — Гэта ж ня проста бабка. Такія толькі ў адным экзэмпляры бываюць. Гэта такая бабка, што адна цэлай краіны вартая. Скарб, а ня бабка”.
Бянігнін жаніх імкліва пераводзіў вочы то на аднаго, то на другога, а потым стаў з бабкай поплеч, і была яна яму па грудзі, і легла ягоная рука ёй на плечы.
“Бабка... — прымружыўся жаніх, агаліўшы свой вялізны рот, і да неба галаву ўзьняў. — Гэта ж трэба. Даставілі мне бабку проста на дом, быццам пасылку поштай прывезьлі. Цёплую яшчэ, пахучую, з ручкамі, ножкамі. Расьпісаўся, заплаціў за перасылку — і вось яна, тут. Хто б мог падумаць... У такі час жывем. Адлегласьць больш нічога ня значыць. Межы, дзяржавы, законы — усё лухта. Захацеў — і сваю бабку маеш. Уласную. Нават засумаваць па ёй не пасьпеў як сьлед — а яна ўжо тут...”
Мужчыны зьбянтэжана нахмурыліся, на іхных тварах усё выразьней праступалі пагарда і неўразуменьне, яны пераступалі нагамі, як прывязаныя — адчувалася, што не цярпіцца ім пайсьці адсюль, наглядзеліся яны на бабку, і цяжка ім было бабкай гэтай старой так па-дзіцячаму захапляцца. Але нешта іх тут трымала, нешта не давала сказаць, што думаюць — улавіла Бянігна гэтыя хвалі, што ад мужыкоў ішлі, і ўцяміла, што ня ўсе тут такія, з дуратой у галаве, ёсьць і нармальныя людзі, а значыць, мае яна надзею адсюль вырвацца.
А жаніх яе зноў да яе ўсім целам павярнуўся, за рукі яе схапіў і зноў у вочы ёй сваімі зрэнкамі пякучымі ўпіўся:
“Ух, бабка... Якая ж у табе сіла! Чую яе, да костак прабірае. Сілішча! Цёмная, чорная, лясная...”
І такая йшла ад яе жаніха любоў, што Бянігне зусім вусьцішна стала. Даўно яна так нікога не пужалася, як гэтага хлопца хворага. А жаніх яе ўсё не змаўкаў: