Адна сьцяна была, бадай што, голая, без карцінаў і белая, як скура — затое на ёй, проста пасярэдзіне, вісела вялікае ўкрыжаваньне. Сьвятое расьпяцьце, як у царкве. Значыць, хрысьціяне тут жывуць, пачала супакойваць сябе Бянігна. Хіба ж хрысьціяне ёй шкоду ўчыняць? Можа, гэта ў іх проста ігра такая.
І тут здарылася нешта неверагоднае. Жаніх яе няшчасны ўздыхнуў, пацягнуўся — і галава ягоная легла бабцы проста на калені. Ён выцягнуўся ва ўвесь рост на канапе, заклаў нагу за нагу і голасна, з асалодай застагнаў.
Бабка глядзела і вачам сваім ня верыла.
Проста ў яе на старэчых каленях, на сьцёгнах яе даўно нежывых, высахлых і кашчавых, на цёплай спадніцы, што не прапускала празь сябе нічога, апрача часу і болю, ляжала галава маладога хлопца, ляжала і хапала паветра шырокім, страшным ротам. Прыплюшчаныя вочы хітра глядзелі бабцы на зморшчаную шыю, на чорнае падбародзьдзе ў корцы аджылае скуры, на сінія вены, скаваныя зямлёй яе зьнявечанага доўгай старасьцю твару. Хлопец глынуў сьліну, прынюхаўся і правуркатаў, агаліўшы зубы і доўгі, белы ў вязкім павуціньні язык:
“Як добра, бабка... Можа, і званітуе зараз, але ж як добра... Якая ж ты харошая бабка, якая ж ты ўсім бабкам бабка... Добра, што прыехала. Вось ляжу я ў цябе на каленях, і ўжо адчуваю, што мацнейшы раблюся. Гэтыя мудрацы мае ўжо даўно б абасраліся ад агіды, калі б нас зараз пабачылі. Праўда, бабка?”
Бянігна глядзела проста перад сабой. Яна адчувала, як гэтаму маладому твару на яе каленях хочацца, каб яна зараз падняла сваю скурчаную руку, паклала яму на твар, але не магла Бянігна такога зрабіць, бо д’ябальскае гэта было ігрышча, ніколі ня стане яна ў такім удзел браць.
Хіба што сказаў бы ёй зараз: “Бабушка...”
Але ж ня скажа.
Бедны мой, бедны. Хто ж цябе такім зрабіў, хлопча ты мой? Хто ж табе так галаву задурыў, столькі лішняга ў цябе напхаўшы?
Грэх гэта, захацелася ёй сказаць, грэх. Але замест гэтага закашляла старая Бянігна, закерхала, быццам слова тое, “грэх”, у яе з горла выхаркалася. Паляцела старэчая сьліна проста жаніху ейнаму ў вочы, у рот, на шчокі румяныя. А ён толькі ўсьміхнуўся, задаволены, ды яшчэ лоб пад тую сьліну падставіў. Адкашлялася Бянігна і ад сораму вочы заплюшчыла, а ён прашаптаў пакрыўджана і шчасна:
“Ух ты, бабка... Які ж гэта рай...”
За акном расшумелася мора, і сонечны прамень разьлёгся проста пад нагамі Бянігны, скочыў ёй на калені, разрэзаў жаніха ейнага надвое. Адна палова цёмная, жарсная, страшная, другая бледная, спакойная, сонная. Жаніх на яе каленях перавярнуўся, зь ценем гуляючы, падставіў сонцу вуха, правёў рукой па Бянігнінай руцэ.
“Што, бабка? Баішся? Ня бойся... Да маладой дзяўчыны кожны на калені заскочыць... Да сьцёгнаў прыцісьнецца, панюхае ўпотай... У кожнага сэрца закалоціцца, калі ён скуру маладую, сакавітую пад тонкай сукенкай шчакой адчуе. Як жа гэта нудна, бабка... Як жа прадказальна. Колькі ў гэтым слабасьці, залежнасьці, няволі... А ты да старой бабкі на калені ляж ды прытуліся, ды панюхай, ды злаві асалоду. Ня можаш? А я магу... Я ня нудны, а ты нудны... У мяне бабка нявеста, ня тое што ў вас... Біяробатаў... Бабка... Ба-ба-ба-ба-ба...”
Ён быццам размаўляў цяпер з кімсьці, яе малады жаніх — нібы пабачыў некага ў сваіх ашалелых вачах і вёў з гэтым некім злосны, зьдзеклівы і стомлены дыялёг. Бабка адчула, што на нейкі момант перастала для яго існаваць — засталося ад бабкі толькі яе кашчавае крывое калена, за якое жаніх хапаўся цяпер, як за апошні паратунак. Старэчае калена, якім ён адбіваўся ад свайго лесу, што ішоў на яго вайной. Усім сваім розумам, усёй сваёй воляй і ўсім законам ішоў на жаніха ейнага цёмны лес, а ён стаяў адзін, выставіўшы наперад сваю бабку, і быў гатовы біцца да канца.
Што гэта за лес, Бянігна?
Лясоў жа ўсяго два.
Адзін андартальскі, а другі не. Зусім не андартальскі.
Дык у якім лесе жыў яе бедны жанішок? А можа, і сам ён быў лесам, можа, выкінуў яго гушчар неандартальскі на гэты чортаў востраў, а як вярнуцца — ня ведае небарака, таму і мучыцца?..
Раптам хлопец ускочыў зь яе каленяў, як ад сну ачуняўшы, выпрастаўся і пачаў махаць рукамі.
“Што ж гэта я, бабка, імя сваё табе не называю? З уладаньнямі не знаёмлю? Ты мне даруй, залатая мая, я чалавек малады, а ў маладых сама знаеш...”