Усхліпнуў яе жаніх, але зараз жа падміргнуў бабцы: не ўсур’ёз я.
“У нас тут таксама адзін такі жыве.. Пісацель... Кранікёр наш... ”
Зарагатаў жанішок ейны ды зноў бабку ледзь з крэсла ня вытрас.
“Алеся! Абед нясеш? Ты, бабка, што любіш? Гадаў марскіх любіш? Ня думаю... Мяса? Мяса табе няма чым жаваць... Бульбы мы тут не ямо... Алеся! Што ў бабкі на абед? Перцаў ёй, перцаў трэба, каб кроў разагнаць, ад перцаў усе маладзеюць... Ад перцаў мёртвыя сьмерцію сьмерць пяруць... Як парашком. Так, тут у нас пакой для прыёмаў. Тут для роздуму. Прыходзяць гэтыя, мудрацы мае, сядуць і думаюць, думаюць... Заснуць зь імі можна. Тут прыбіральня... Але ты можаш пад сябе хадзіць, ты ж бабка, табе можна! Чуеш? Бабка так і павінна рабіць: усё пад сябе... А тут... О, тут мой любімы пакой... Прыгажосьць, праўда, бабка? Алеся! Так пціцы крычат! Так пціцы крычат!”
Ён закаціў яе ў прасторную залю, пакрытую каляровай мазаікай. Пасярод залі мігцеў, пераліваўся вадзяной луской нешырокі басэйн. А ў ім адбівалася пазалочаная жырандоля, якую лёгка гайдаў вецер. Вецер быў тут паўсюль, у доме гаспадарылі скразьнякі. Прабягалі па паверхні басэйна, а басэйн глядзеў на бабку, як вялікае вока, і падміргваў:
“Пазнаеш?”
Узятая ў злое кола, самкнутая ў жорсткую форму вада, і відаць у ёй да самага дна. Мазаічныя фігуры, ад якіх тхне зубным болем, ды горкімі травамі, ды ўспамінамі.
Быццам узятае ў палон, прывезенае на востраў у белым самалёце лясное азярцо. І сама мазаіка зялёная, пацёртая, шчодрая на колер ды гладкая, як рыбіна скура...
Задумаўся жаніх у гэтым месцы, але потым рашуча таўхануў крэсла да дзьвярэй.
“Мы сюды яшчэ завітаем... Як будзе настрой. Дзе вада, там і сьветлыя справы. Тут спальня, тут малітоўня, каплічка наша хатняя, а тут ты, бабка, спаць сёньня будзеш, а тут... А сюды, бабка, не хадзі. Няма там чаго табе рабіць. Лічы, што няма тут ніякіх дзьвярэй. Сьцяна і ўсё. Ну, паехалі назад”.
Ён разьвярнуўся, разагнаўся, і яны шпарка пранесьліся па калідоры ў адваротным кірунку, пакуль не даехалі да лесьвіцы. Па лесьвіцы да іх спускалася дзяўчына ў кароткай майцы і ў трусах бясстыдных, з грудзьмі такімі вялікімі, што Бянігна, галава якой яшчэ гайдалася ад хуткай язды па калідоры, захацела падняцца і заправіць іх назад. Хоць запраўляць іх не было куды. Відаць, гэта і была тая самая Алеся — у руках яна трымала талерку з пачастункам для бабкі.
“Давай сюды, — жаніх схапіў лыжку, зачарпнуў і паднёс да бабчынага рота. — Адкрывай, бабка, рот. Давай, смачна? Хто сказаў, што жаніх нявесту пакарміць ня можа? Дзе такое напісана? У ложак да вясельля заваліцца — гэта грэх, а кашы лыжку ў бабчын рот — пра такое нідзе ня сказана!”
Алеся трымала талерку, над якой навісалі яе абшырныя, загарэлыя грудзі, і разглядвала бабку са злавеснай усьмешкай. Бянігна намагалася зразумець, хто яна тут, гэтая сьветлавалосая дзеўка: сястра, каханка? Мо гэтая, як яе, аднакурсьніца? Ці так проста, дзевушка знаёмая, па хазяйству памагае? Але нічога ўжо не зьмяшчалася ў яе ўшчэнт задуранай за гэты дзень старой і занадта малой галаве. Адзін змрок там быў, змрок і боль, цягучы, даўно ён не прыходзіў, заждалася яна гэтага болю. І ногі ватныя-ватныя...
Яна пакорліва глытала тое, што нецярпліва падкладваў ёй у рот жаніх. А ён раптам кінуў лыжку на падлогу ды ўперыўся вачыма ў сьцяну.
“Гэта што такое?”
Алеся неахвотна зірнула на сьцяну і паціснула плячыма.
“Ну, Ісусік. Ён жа даўно тут вісіць”.
“А цяпер ня будзе. І-су-сік... Навісеўся. У нас цяпер вось...”
Ён падняў з падлогі лыжку і стукнуў па інвалідным крэсьле.
“У нас цяпер бабка ёсьць!”
Пагладзіў Алесю па яе густым валосьсі і строга сказаў:
“Цёмная, чорная, такая старая, што табе ня сьнілася. Сіла! Лясная, неадольная, бязь-лі-тас-на-я. Ісусік супраць яе — як моська супраць слана. Іх на рынг выпусьці — я б на бабку ўвесь востраў паставіў. Так што здымі. Чакай, я сам здыму...”
Толькі па гэтым дзіўным абедзе старую Бянігну пакінулі нарэшце ў спакоі. Алеся адвяла яе па калідоры і даволі груба штурхнула за адны зь дзьвярэй. Усьміхнулася нядобра, зьдзекліва, усімі сваімі белымі зубамі, так, што дзясны агаліліся, і зачыніла за сабой — быццам слова злое на парозе кінула. Вось ужо дзеўка нешчасьлівая, такіх Бянігна за сваё жыцьцё шмат бачыла, і з кожнай рады дала. Сагрэць бы такую, вылечыць яе белае вялікае цела, удыхнуць у грудзі важнае, лёгкае, жывое, палягчала б Алесі гэтай, пачала б глядзець на сьвет чалавекам. Ды не адчувала Бянігна ў сабе сілы болей ні на што. Толькі б не памерці ёй сёньня ў гэтым чужым краі, на чортавым гэтым востраве, які ёй адну псіхбальніцу нагадваў. Ніколі яна тых псіхбальніцаў ня бачыла, але выглядаюць яны, мабыць, рыхтык як гэтае ўладаньне жаніха ейнага, у якога імя няма. Але ж і тут жыць можна і трэба. Ня хоча Бянігна на востраве ў лепшы сьвет адыходзіць, ня будзе ёй тут спакойнай сьмерці, калі і пахаваюць, дык у цырк пахаваньне тое ператвораць. Такія тут людзі жывуць — странныя, бальныя, нядобрыя. Ды балбатлівыя — як напіліся ўсе. Можа, працьверазеюць ранкам — ды сумленьне прачнецца.