Там яе і знайшла раніцай Алеся. Паесьці прынесла, а сама села насупраць — цыцкі з майкі вывальваюцца, рот размаляваны, нага ажно да азадка голая калышацца перад бабкай, пазногці фарбаваныя пабліскваюць. Глядзіць, як бабка сёрбае, і носам паводзіць, як сучка на марозе. Вочы гідлівыя, распусныя, пустыя. Бедная дзеўка, зусім цябе на востраве давялі, у ляльку ператварылі. А магла б дзетак нарадзіць, ды не аднаго-двух, а цэлую кучу. Хоць ад каго тут народзіш — усе бальныя, усе няшчасныя...
Калі сонца паднялося над востравам зусім высока, зьявіўся жаніх бабчын — ды павёз старую Бянігну пракаціцца. Пасадзіў бабку побач з сабой у машыну, дзе толькі два месца было, і паехаў паволі ўніз па схіле, туды, дзе мора сінела. Быў ён у гуморы — ці ўдаваў старанна, што ў яго сёньня замечацельнае настраеніе.
“Як спалася, бабка? Печку ўначы шукала? Ці вядро? — усьміхнуўся жаніх, прыгладжваючы свае кучары. — Ці кніжку чытала? Няўжо праўда кніжку?”
Ён выруліў на жоўтую зьбітую дарогу, абапал якой россыпамі бялелі камяні — кожны, быццам твар старога дзеда. Бянігна памрэ, і жаніх ейны, дай яму бог здароўя, і востраў гэты апусьціцца на дно марское, і Нямеччына з Амэрыкай забудуцца, як іх звалі, і Мінск далёкі лесам непралазным стане, а валуны так і будуць адзін на аднаго глядзець, як цяпер: насуплена, з-пад калматых броваў, якія вецер толькі раз на тысячу гадоў паварушыць.
“Кніжкі... Кідай ты гэта, бабка! — весела працягваў жаніх, адпусьціўшы стырно. — Нашто табе тыя кніжкі? Для мудрасьці? Дык ты сама — мудрасьць, чыстая, сапраўдная, часам правераная. У адным тваім зубе гнілым розуму больш, чым ва ўсіх гэтых кніжках. Бо ты — бабка! У табе сіла і прыгажосьць, дзікая, некранутая. Як там кажуць: стары гародзіць, ды на праўду выходзіць. А ў кніжках ні праўды няма, ні сілы. Адны патугі. Хто кніжкі чытае, той слабы і ілжывы робіцца. У бабак трэба сілу і праўду шукаць, у бабак! А не ў пісацеляў. Іх пачытаеш — жыць ня хочацца, а да цябе дакранешся раз — на год энэргіяй зараджаешся. Горы перавярнуць можна...”
Машына, набіраючы ход, неслася пад адхон — проста на скалы. Бянігна заплюшчыла вочы — празь некалькі імгненьняў яны мусілі зьляцець з дарогі і чмякнуцца проста ў бок камяністай сьцяны, пад пахай у якой быў заціснуты бераг, але жаніх яе прытармазіў і плаўна павярнуў на іншую дарогу, схаваную ў высокай траве.
“Ты, бабка, як яблык. Падпсаваны з бачка. Цывілізацыя цябе падтачыла, але зусім крышачку. Абрэзаць і можна есьці. А можна і не абразаць. Калі гнільцы трошкі — дык і яблычак саладзейшы. Гляджу я на цябе і любуюся. А яны там... Нагой раздушы і бяжы прэч зь іхнага саду...”
Яны нясьпешна выехалі да берага: насустрач выплылі з празрыстага мроіва невялікія ладныя дамы з садамі, што толькі нядаўна ўвайшлі ў цьвет. Сэрца Бянігны суцішылася, любіла яна, калі сады цьвітуць. Употай разглядвала бабка тутэйшыя падворкі: паўсюль сьмецьце, пустазельле зь зямлі лезе, ды камяні раскіданыя. Хаты нефарбаваныя, некаторыя бяз вокнаў, мо будуюцца яшчэ — але чаму тады рыштунку нідзе не відаць? Ні цясьлярскага, ні мулярскага, наогул ніякага інструманту? Адны бутэлькі плястыкавыя ды пакеты крамныя на вятры б’юцца.
Мора пакрысе адсунулася, вызваліўшы месца для шырокай пляцоўкі, дзе ляжалі, падставіўшы сонцу рабрыстыя сьпіны, сонныя гладкія лодкі. Не было відаць ні душы. Ні рыбакоў, ні дзетак з маткамі, ні начальства, ні хоць бы мужыкоў п’яных ля магазіну. Вось табе і андартальскі лес. Стаіць, як пасечаны.
“Ты, бабка, думаеш, мабыць, што зь Беларусі да нас прыехала? — прамовіў жаніх, паглядзеўшы на яе скоса. — Ага. Беларускую нявесту нейкі жаніх загранічны сабе выпісаў. Бывае і так, вядома. Але нічога падобнага. Ніякай Беларусі там, дзе ты жыла, даўно няма. Лес адзін, у якім толькі і засталося жывога, што бабкі нашы дарагія. А ўсё астатняе... Набрыдзь адна. Не, яны там, канешне, усе думаюць, што ў Беларусі жывуць. Але гэта проста слова. Адно слова толькі і засталося. Сапраўдная Беларусь — у нас, вось тут. Пад тваімі нагамі. Пад коламі вось гэтай машыны. Пад маімі босымі пяткамі”.
Ён спыніўся, выскачыў з машыны, тупнуў раз, тупнуў два, як у польку пусьціцца вырашыў, распасьцёр рукі: