Выбрать главу

Я тады даволі моцна перапужаўся. Я сядзеў перад завіслым кампутарам, узіраўся ў блакітнае колца, што абыякава круцілася на экране, і думаў пра тое, што нябачнасьць маёй адзіноты, маёй працы, маіх шматгадзінных двубоеў і замірэньняў з уласным тэкстам — усяго толькі ілюзія. Мяне не чапалі да таго моманту, як я сабраўся напісаць слова “Крыўя”. Гэтага яны сьцярпець і дараваць ужо не маглі. Уключыліся таемныя мэханізмы — і замест таго, каб працаваць, я сам завіс, як танны безабаронны кампутар у руках неасьцярожнага прафана.

Я паспрабаваў пракруціць час крыху назад — і, здаецца, зразумеў, у чым прычына майго страху. Яшчэ ўчора я прачытаў у фэйсбуку пра тое, што Крыўя — наша духоўная Шамбала. Гэтая тэма актыўна абмяркоўвалася ў сеціве, бітва паміж арыйцамі і лібэраламі (падзел, вядома, умоўны) ішла не на жыцьцё, а на сьмерць. Спачатку я толькі пасьмейваўся, чытаючы іхныя дыскусіі, я быў далёка і мог спакойна паплёўваць на іхныя гарачыя галовы, але пакрысе пачаў крыху зайздросьціць арыйцам. У іх была іхная Крыўя — у мяне ж быў толькі мой тэкст і сумнеўная слава. Крыўя была іхным апошнім аплотам, апошняй выспай у бурапенным моры сучаснасьці, якое ўсё перакуліла з ног на галаву, патапіла іхныя крэйсэры, зацягнула ў віры самых трывалых і моцных байцоў. Іхныя субмарыны плавалі дагары пузамі, усплыўшы на паверхню, як мёртвыя рыбіны. Ім не было за што хапацца. Старажытная Крыўя, эзатэрычны міт нашых дамарошчаных арыйцаў, мэтафара іхнага першакораня і апакаліпсысу, заставалася адзіным, куды яшчэ не даляцеў плявок сучаснасьці. Яны баяліся, што цяпер, калі іхнае сьвяшчэннае слова мусоліць у сеціве кожны ахвотны, іхны аплот зробіцца дасягальным для крытыкі і дэканструкцыі.

Трэба сказаць, што я прычыніўся да таго бядотнага стану, у якім мізарнелі апошнія гады прыхільнікі велічнай містычнай Крыўі. На радзіме мяне ненавідзелі, я ня раз атрымліваў лісты з пагрозамі, мне адкрыта пісалі, што доўга плявузгаць на Бацькаўшчыну мне не дазволяць. Пісалі, што мяне надышоў час спыніць. Некалькі тыдняў таму, ужо жывучы тут, я меў неасьцярожнасьць пакінуць пад адным допісам пару зьедлівых камэнтароў, у адказ на якія атрымаў ад сваіх апанэнтаў толькі загадкавую фразу: “Чакай гасьцей”. Тады я не зьвярнуў на гэта ўвагі. Мяне ні каліўца не насьцярожыла, што гэтым разам замест чарады нацыстоўскіх лёзунгаў і няздарна сфармуляваных абразаў было толькі гэта: два словы, якія ставілі кропку ў абмеркаваньні. У тым допісе канцэпцыя новай Крыўі разглядалася даволі далікатна і бесстаронна, а мае камэнтары да такіх аніяк не належалі, таму ўвесь дзень я меў непрыемнае пачуцьцё, што напісаў нешта недарэчнае. Я вырашыў, што сканцэнтруюся на рамане і пастараюся меней сядзець у фэйсбуку. І ўсё ж я разумеў: сацсеткі сацсеткамі, але калі раман будзе апублікаваны, літасьці мне ня будзе. Яны проста не перажывуць, калі ў рамане зьявіцца іхная Крыўя. Раман незваротна стварае стасункі паміж аўтарам і тым, пра што ён піша, і гэтыя стасункі досыць інтымныя. Дастаткова інтымныя, каб параніць тых, хто ў іх не ўпісаны. Нашым арыйцам была нясьцерпная самая верагоднасьць таго, што я магу рабіць зь іхнай сьвятыняй, што захачу. Яны лічылі Крыўю сваёй — і будуць уважаць яе выкарыстаньне подлым крадзяжом.

Мяне заўжды дзівіла, колькі ў іхным стаўленьні да ўласных мітаў рэлігійнага пачуцьця. Сапраўднага экстазу. Ім немагчыма было нешта давесьці: іхная Крыўя была пытаньнем веры, а ня розуму. І часам я сам баяўся прызнацца сабе, што зайздрошчу гэтым людзям, якія так мяне ненавідзяць.

І ўсё ж да сёньняшняга дня я адчуваў сябе ў бясьпецы. Я быў за тысячу кілямэтраў ад іх і чуў, як яны выюць ад бясьсільля. Яны маглі пісаць усё, што хо­чуць — у сваім пакоі, сам-насам з тэкстам я быў для іх недасягальны.

Тады я працаваў над гісторыяй старой беларускай шаптухі, цёмнай бабкі, якую выкрадаюць і перавозяць на востраў чальцы таямнічай арганізацыі. Спачатку раман не ішоў, увечары мне здавалася, што я пішу поўную лухту, раніцай я са­дзіўся за кампутар разьбіты і дэмаралізаваны, мне ўсё часьцей падавалася, што я губляю час і з кнігай нічога ня выйдзе. Але паціху, як гэта часта бывае, я зжыўся з пэрсанажамі, выразна пабачыў усе месцы, дзе мела адбывацца дзеяньне, і нават сам пачаў размаўляць, як старая бабка. Або так, як, я думаў, магла б размаўляць сама з сабой старая бабка, калі б апынулася ў такіх абставінах.