Успомніла Бянігна бібліятэку ды ўздыхнула. Няма ім спакою, тым пісацелям. Усё пішуць, пішуць, хочуць сваю бібліятэку напісаць. А кніжкі тыя ў цемры зь пісацеляў сьмяюцца: у кніжкі жыцьцё даўгое, з чалавечым не зраўняецца, колькі б чалавек ні пісаў — усё роўна яму з андартальскага лесу не ўцячы, усё роўна ў зямлі ляжаць сырой, а кніжка жыць будзе ды з паліцы на сьвет глядзець. Можа, яе за сто гадоў ніхто ў рукі ня возьме — а яна ўсё роўна свайго часу дачакаецца. А чалавек — не. Як бы ні карцела яму на перамогу сваю палюбавацца.
На трэці дзень таўстун да яе заявіўся, увайшоў, падсеў да яе, паглядзеў лісьліва ў вочы бабчыны.
“Палячы мяне, бабка. Як ты іншых палячыла”.
“Заўтра прыйдзі, небарака”, — прамовіла бабка аднымі вачыма, пачуваючыся вінаватай: але ж прыхварэла яна, баялася з болесьцямі сваімі да пня хадзіць. Ёй бы спакою на дзень, а тады яна палечыць, нікому не адмовіць. Ды ня ўмеў таўстун той вочы слухаць, глядзеў на бабку ўмольна вачыма сваімі заплылымі ды чакаў.
“Ну што ж ты ня лечыш? Глядзі, у мяне ж таксама па ўсім целе хярня гэтая, што я, не чалавек?”
Яна ўзяла яго за руку, але адпусьціла. Не была пэўная, што зможа.
“Палячы, бабка! На калені стану!”
Легла бабка. Блага ёй было і нудзіла.
“А я табе, бабка, навіны раскажу, — прамармытаў той мажны дзядзька напаўголасу, на дзьверы трывожна азіраючыся. — Усё табе расказваць буду, што знаю, толькі палячы. Вось ты тут сядзіш і ня ведаеш, а Янка наш, той, спартовы такі хлопец, разумны аказаўся. Уцёк сёньня зранку з вострава. Ня хоча, паршывец, з намі жыць. Паглядзеў, што гнайнікі загойваюцца, ды ўпрочкі кінуўся. Усё разьлічыў, гад, ніхто б і не заўважыў. Яго б адразу не хапіліся, калі б ня я. Я першы знайшоў, што лодкі адной не хапае. Мяне за такое палячыць добра трэба, чуеш, бабка? Бабка?”
Раскатурхаў ён яе, паднялася Бянігна з апошніх сілаў, да пня дайшла, а як назад трапіла — сама ня ведае. А тут ужо й татарын той стаіць, вочы бегаюць, а рот пад вусікамі хадуном ходзіць:
“Мне апошняму да цябе ісьці выпала, не магу да заўтра трываць, раптам ты, бабка, да заўтра не дацягнеш! Сказалі, што паміраеш, дык я адразу прыбег! Палячы мяне, бабка, а там ужо памірай! Чуеш? Ня маеш права! Ну што табе, шкада? Ты ж усё роўна падохнеш, а мне жыць!”
Ды не магла бабка падняцца. Ляжала і глядзела ў столь. Хай бы пакінулі яе адну — усім бы лепей было. Сорамна сьмерцю сваёй людзям у вочы калоць. Доўга стаяў татарын на каленях перад яе ложкам — так бы да ночы яе маліў ды галавой біўся аб яе падушку, калі б не жаніх. Выцягнуў таго татарына за шкірку:
“Ідзі маторкі заводзь, я цябе што, дарэмна ў радцы выбраў? Да цемнаты павінны Янку знайсьці, шторм пачынаецца, загіне хлопец! Зноў мяне вінаватым зробіце, сукіны дзеці!”
А сам падышоў да Бянігнінага ложка, сеў ды абхапіў бабу за ногі:
“Надвое бабка варажыла: ці памрэ, ці будзе жыва...”
І засьмяяўся нэрвова:
“Бачу я, бабка, што ня хочаш ты за мяне замуж ісьці. Бачу... Што, праўда сабралася тут ногі выпруціць, на маім востраве? Не... Не падабаецца табе такі расклад”.
Пальцамі палез у вочы, падняў павекі:
“Бачу, што не падабаецца. Ты хочаш у хату сваю вярнуцца, апошні раз на дзяцей паглядзець, на ўнукаў, ды на якіх-небудзь супэрпупэрхрысьціянскіх могілках ляжаць, разам з набрыдзьдзю ўсялякай і бяздарнымі людзішкамі. Што я, ня ведаю? Дык вось: памрэш — закапаю цябе тут, ніколі роднай хаты не пабачыш. А ачуняеш: вярну туды дзе ўзяў. Думай, бабка, думай, нявестухна...”
І пайшоў, раздаючы ўсім загады. Быццам народу быў поўны дом.
Задумалася Бянігна, паверыла жаніху свайму. Можа, і праўда разам са здароўем да яго розум вярнуўся. Але не магла яна сваёй нямогласьці рады даць. У неандартальскі лес са сваім лішнім ня ходзяць. Сорам гэта. Не зразумеюць яе інастранцы, туркі гэтыя, і мужчына той, чый пінжак на пні пасьцелены, ня ўхваліць. Выйдзе з-за дрэва, папяроску жуючы, ды скажа ёй:
“Усё, бабка. Забараняю табе хадзіць у наш лес. На вякі вечныя”.
Цяжка было Бянігне. І паміраць цяжка, і жыць. Усё хацеў ад яе нечага андартальскі лес — прыдушыў, наваліўся ўсім цяжарам сваіх неўтаймоўных жаданьняў. Вырашыла яна, што памрэ. Разгарэўся ў ёй такі жар, што страшна стала — няўжо дом падпаліць? Хоць і странны ён, гэты дом на востраве — але ж таксама хата: тут людзі жывуць, людзі яго будавалі, людзі тут ад холаду ды зла хаваюцца. Гарэла Бянігна, гарэла, і нібыта бачыла з агню свайго, як стаяць вакол яе агнішча насельнікі лесу неандартальскага, стаяць ды вецьце падкідваюць. Гары, гары, бабка, гары, старая, гу-у-у... Гу-у-у...