Ня выйшла ў яе памерці. І гэтым разам ня выйшла. Як зачараваў хто.
Прачнулася ўначы Бянігна, уся мокрая, халодная. Адплюшчыла вочы, паварушыла рукамі. Бачыць, а па пакоі здань нейкая жаночая рухаецца. Замерла здань над яе ложкам, узьнялася над галавой старой бабкі. Зразумела Бянігна, хто перад ёю. Алеся, тая самая дзеўка, што на Бянігну так злосна глядзела. Была гэтым разам Алеся зусім голая — села каля бабкі, валасы на плечы адкінула, грудзі адной рукой прытрымала, а другой бабку за халодныя пальцы схапіла:
“Палячы мяне, бабушка!”
Вось які голас у яе. Зусім нявінны. Як у мэдсястрычкі. Прыціскае Алеся свае пальцы з доўгімі пазногцямі да старэчай скуры, укладвае сваю руку ў бабчыну, а сама шэпча:
“Глядзі, бабка, што са мною. Палячы мяне, палячы, прашу!”
Засьлізгала рука старой Бянігны па дзявочым целе, знайшла ўсе яе гнойныя раны. Задыхалі яны пад бабчынымі пальцамі, заварушыліся, навастрылі язычкі, плюнулі гноем ды крывёю папсаванай. Уздыхнула Бянігна — ды так, што пакацілася яна па барвовых сьцежках і па гальлі сухім кудысьці, упала тварам у крапіву.
“Зноў ты тут, бабка?” — зьдзівілася каралева крапіўная, Страківа смарагдавая.
Схадзіла Бянігна да пня, пакінула там дзявочае лішняе, пакацілася назад, не азіраючыся. Адкуль толькі сілы ўзяліся. Вярнулася, легла побач зь дзеўкай — чыстай, здаровай, палечанай. А тая спала ўжо — як была, голая, у чым людзі на сьвет прыходзяць. Захінула яе Бянігна коўдрай, паслухала, як суцішваецца Алесіна сэрца, панюхала радасна, які цяпер дух у яе з рота ідзе — ды сама задрамала.
Жыла ў доме котка зьлюшчая — а зьявілася ў старой бабкі ўнучанька.
9.
Як разьвіднела, прынесла ёй унучка паесьці — адзетая, вочы хаваючы, нічым не паказваючы, што ўначы было. Унучка вусны нафарбавала ды падціснула, дэманструе, што нічога за ноч не зьмянілася. Толькі бачыла старая Бянігна, што нават рукі Алесіны падабрэлі, памякчэлі — не як скаціну цяпер Алеся яе карміла, а як бабушку дарагую. Пройдуць твае раны, унучка, загояцца — паглядзела яна на Алесю ды вачыма яе прыгалубіла. Паморшчылася Алеся, быццам яе паказытаў хто, сьпінай павяла ды ў калідор выбегла.
Ну, бяжы, бяжы. Падсілкавалася бабка ды зноў задрамала.
Некалі, як яна ў сваёй хаце жыла, дык магла кожны дзень без выхадных ды сьвятаў у неандартальскі лес хадзіць, а цяперака во — тры дні пабегала і ляжыць. Відаць, на востраве час хутчэй ідзе і людзі тут хутчэй старэюць ды парахнеюць. Вось жа, і жаніх яе чаму такі — з выгляду маладзён, а па розуме ды па мучэньні сваім — як стары корч. Задумалася бабка, ці бачыла яна ў гэтым доме вялікім хоць бы адзін гадзіньнік — ды так і ня ўспомніла ніводнага. Цяперашнім людзям гадзіньнікі без патрэбы — таму і парадку няма. Таму і ня сьпяць яны начамі, усё думаюць, чым бы яшчэ заняцца. А паспалі б, аддыхнулі крыху — дык, можа, не дратавалі б іх дурныя ідэі ды бязглуздыя справы. І хваробы злыя, гнойныя, заразныя не чапляліся б.
І тады, як паратунак ды аддышка ад андартальскага лесу, наваліўся на бабку глыбокі сон. Сядзела яна ў тым сьне ля парэчкавага куста і слухала, як пчолы наўкола гудуць. Гу-у-у... Гу-у-у...
Ня чула бабка, як зайшоў у яе пакой жаніх, Максім Крывічанін, лёгкі, як лісточак, ды прылёг ціхенька каля Бянігны. Ляжаў на баку ды твар бабчын, чорны ды страшны, разглядваў. Кожны ўзгорачак і кожны прыгарачак на ім разглядзеў, паўглядаўся, як скура мярцьвяная знутры матава сьвеціцца, як нос бабчын уздрыгвае, як насякомыя на бабку садзяцца, лапкамі перабіраюць, правальваюцца ў сухія чорныя трэшчыны ды выкараскваюцца, а яна не варухнецца. Падзьмуў на бабку, прыбраў тую жамяру, і тады яна вочы расплюшчыла — сінія, як шкельцы дзявочага сакрэту, у садовай зямлі закапанага. Ня мог Максім зразумець, сьпіць яна ці праўда прачнулася. Вочы бабчыны не міргалі, ляжала, як мёртвая — ці проста на паўзу пастаўленая.
І раптам ён пабачыў. Вогнішчы, вецьце, вывернутыя, васковыя фігуркі ў гарачым тумане. Але за імі цемра, зь якой патыхнула дымам і гулам. Мільганула ўсё гэта і зьнікла, мімалётнае, недасяжнае, адзін кадр — патухла ўсё, толькі ён затрымаць карцінку зьбіраўся.
Уздыхнула бабка, здрыганулася і закашлялася. Прачнулася. А побач зь ёй жаніх ляжыць, кудзеркі па падушцы рассыпаліся.
“Бабка сьпіць, а гусей пасе”, — прамовіў Максім і ўсьміхнуўся. Як быццам ведаў цяпер штосьці пра яе, як быццам расказалі яму яе сакрэт. Страшна стала бабцы: няўжо яна ў сьне лішняе сказала? Зірнула яна на Максіма — не, такі самы, як быў. Падалося, значыць.
Перакуліўся на сьпіну побач з бабкай і з асалодай уцягнуў у сябе паветра: