Выбрать главу

“...А я ж верыў, што ты ацалееш. Ня з тых ты бабак, якія ледзь што, адразу ў зямлю хаваюцца. Ты сама як зямля, нашто табе тыя клопаты: дамавіна, поп, памінкі, галашэньні... Няпростая ты бабка. Толькі прыкідваешся дурной, а сама ўсё разумееш...”

Ён склаў на грудзях рукі, як нябожчык, вочы закаціў, абмяк — толькі сьвечку ўстаў і памаліся. Скасавурыў вока на бабку ды засьмяяўся:

“Разумееш жа? Вось бы цябе яшчэ гаварыць прымусіць. Каб ты расказала, па якіх лясах ходзіш, калі людзей лечыш, у якія чорныя дзюры зазіраеш. І плян намалявала, са стрэлкамі і ўсімі пазнакамі. У мудрацоў, бабка, мусяць быць вучні. Інакш які сэнс у мудрасьці. А калі баба ў мудрацы падалася — з мужам трэба навукай падзяліцца. Правільна? Як ты лічыш? Што твая філязофія лясная кажа? А, бабка? Ты ў гэтых рэчах разумнейшая за мяне, хоць я і Максім Крывічанін, а ты — бабка дурная...”

Ён асьцярожна правёў рукой па бабчыным твары. Адвярнулася старая Бянігна да сьцяны, Максім руку прыбраў ды прамовіў ужо іншым, будзённым, панылым голасам:

“А нас, пакуль ты тут сьпіш, паменела. Ага. Янку, ёлупня, мора забрала — і што яму ў галаву стукнула з вострава бегчы? Лодку мы знайшлі, кілямэтры за тры ад берага плавала, перакуленая. А самога прыб’е праз год да якога-небудзь Родасу ці Лесбасу. Дурань. Дурань і здраднік. Ён табе нічога не казаў, калі ты яго лячыла? А, ну так, ты ж у нас нямая. Зручная пазыцыя, асабліва ў такім месцы, як наша Крыўя...”

Жаніх прыўзьняўся на локці, зазірнуў ёй праз плячо:

“Зноў заснула? Хітрая бабка... Як там слоўнік кажа: хітра бабка, дый сабе, зьела кашку, ды скрабе. Толькі слоўнікі і можна чытаць у гэтай бібліятэцы. А ўсё астатняе выкінуць. А гаварыла б ты, не маўчала — я б і слоўнікі загадаў спаліць. Усё ў табе знайсьці можна. І мову, і ісьціну, і гісторыю, і лек... Эх... Што ж ты маўчыш усё? Бабка з дэфэктам...”

Максім адсьмяяўся і зноў паваліўся на сьпіну, склаўшы рукі.

“А татарын наш забіўся... Чуеш, бабка? Я яму сказаў, што ты канцы аддала. Дык ён з роспачы ўзяў ды галавой уніз са скалы. А такі беларус быў — для Крыўі самае тое. Нашчадак тых татараў, што ў ВКЛ жылі, між іншым. А я толькі хацеў, каб яны табе спакою крыху далі, а то ўсё лезуць, лезуць, палячы ды палячы... Ты мая бабка. З чаго яны вырашылі, што я табой дзяліцца мушу?”

Уздыхнуў Максім Крывічанін ды паляпаў рукой па жываце.

“Так што мінус два. Нічога. Знайду, кім замяніць. Там, у Беларусі вашай, хапае ахвотных на Крыўю перабрацца. Вазьму адтуль хлапцоў, якія даўно просяцца. Харошыя хлопцы, перакананыя, зацятыя, нацыяналісты першы сорт. Падпсаваныя крыху, ясная рэч, але гэтая зямля іх хутка сапраўднымі беларусамі зробіць. Зямля тут урадлівая... Засынаеш, бабка?”

Ён зноў навіс над ёй:

“Не, ты ня сьпіш. Ведаю я, што ты робіш. Ты, відаць, ляжыш і думаеш мазгамі сваімі хітрымі: як гэта зямля тут лечыць, калі ўсе жыўцом гніюць. Праўда, бабка? Гэта табе спакою не дае?”

Ён ускочыў з ложка і пачаў хадзіць па пакоі сюды-туды — нібы на бой выклікаў кагосьці. Той, другі, нябачны, перад ім скокаў, парыкваў, пасопваў, пысы курчыў, лапамі Крывічаніна абхапіць хацеў, але ўхіляўся Крывічанін, круціўся, як зьмяюка, локцямі ўзмахваў, запясьці выгінаў. Уяўляў сабе Крывічанін, што ў руках ягоных двухручны меч — і вось даскакаўся ягоны вораг, страціў пільнасьць. Выкруціўся Крывічанін і адным махам зьняў ворагу таму жудаснаму галаву з шыі, а другім махам другую галаву, а трэцім махам насадзіў зьвера на меч, а нагой трэцюю галаву ў акно адфутболіў. Станчыў пераможны танец і зьняможаны, спацелы, назад да Бянігны ў ложак паваліўся. Выцер пот з ілба:

“Раскажу табе, бабка, як усё было. Расказаць хочацца, а з кім тут яшчэ пагаворыш. У Алесі розуму, як у пэтэвэшніцы, а гэтыя двое — ня веру я ім...”

Ён паглядзеў на бабку і дадаў пасьпешліва:

“У нас тут народу хапае. Занятыя проста, працуюць увесь белы дзень. Лянівых не бяром... У нас тут і жанчыны, і дзеці, цэлы Ноеў каўчэг нашая Крыўя. Тыя, каго ты бачыла, гэта мае радцы-мініст­ры. ­Адзін за парадкам сочыць, другі кроніку вядзе, для гісторыі. А цябе, бабка, калі пажэнімся, я міністрам аховы здароўя зраблю. Хаця не... Міністрам культуры і адукацыі. Хай лепш у цябе вучацца, як правільна жыць і ў што верыць. А то ноччу страшна: сто чалавек сядзяць там, унізе, і кожны ведае, што такое інтэрнэт. А сыгналу няма... Толькі тут, у мяне. Страшна...

Інтэрнэт-інтэрнэт... Пагуляеш па ім уначы, па гэтым сеціве паскудным палазіш, і хочацца ўсё паадрубаць, надзець на гэты востраў, на маю Крыўю сьвятую, шалом і сказаць: усё, жывіце там сабе, як хочаце, прападайце, а мы тут самі па сабе будзем. Столькі пра нас брыды пішуць... Рукі ім паадся­каць за гэта. Усё ім мой востраў спакою не дае. Пранюхалі неяк — і пішуць, пішуць, патрабуюць, каб іх сюды пусьцілі. Мы знайшлі, хто здрадзіў, пакаралі — а яны не супакойваюцца. Вось і ўчора зноў. Зайшоў пачытаць, што ў сьвеце робіцца, а тут чарго­вы паск­віль. Панавыдумлялі пра востраў усялякай лухты. Капаюць, капаюць, хочуць ведаць, каму належыць. Але рукі кароткія — нават калі зной­дуць, тут мая, прыватная тэрыторыя. Але крыўдна — пісалі б пра сваё, што ім мая Крыўя... У саміх дома хрэн ведае што робіцца, бабка, а яны праз мора да мяне заглянуць хочуць. Праверку на мяне наслаць. Ды ўсім насраць, што яны пішуць. Ніхто сюды не паедзе. А ня хочацца, каб маё імя ўсплыло. Сама разумееш, бабка, як гэта — калі тваё імя з гразёй мяшаюць. Найміты маскоўскія... Ды былі б маскоўскія, а то свае ж людзі, беларусы. Разьвялося набрыдзі: левыя, правыя, журналісьцікі, фіміністкі нейкія, праваабаронцы. Сунуць носа ў чужое проса...