Выбрать главу

Нічога, разьбяруся. Цяпер у мяне бабка ёсьць. Вось ты кім будзеш, нявеста мая мілая. Міністар культуры і абароны. З табой Крыўя такую зброю мае — беражыся. Мы з табой іх пакараем. Ужо хутка. Не чакаюць яны, што ў нас адказ гатовы на іхныя гнюсныя інтрыгі. А што? Што яны хацелі? Цікаўнай Амілі нос прышчамілі!”

Крывічанін зайшоўся шчасьлівым сьмехам, закаціў вочы і заклаў рукі за галаву.

“Прышчэмім ім нос... Мы тут, на Крыўі, гордыя.

Інтэрнэт-інтэрнэт... Я, калі малады быў, дужа добра ў кампутарах знаўся. Ды ня проста знаўся — я гэтым жыў і дыхаў. Як ты, бабка, лесам ды гародам. Як са школы прыйду, адразу за комп, і так да раніцы. Усё там было — і сябры, і любоў, і сэкс, і забавы, і кніжкі. Так і жыў, пакуль ня вырас. Як кажуць, і спаў, і еў, і сраў за тым кампутарам. У мяне нават дзеўкі не было — навошта, калі ў сеціве ўсе дзеўкі мае, выбірай, якую хочаш? У гульні гуляю, бацькоў нахрэн пасылаю, а калі абрыдне, іншую гульню ўключу. Так і жыў у сваім кампутарным сьвеце. Сам ня ведаю, як унівэр у Менску скончыў — але ж скончыў, бо праз кампутар такі стаў інтэлектуал, што мае выкладчыкі мне зайздросьцілі — я іх на паўстагодзьдзя абагнаў, а яны толькі ворд у гэты час асвойвалі. А потым, бабка, адным цудоўным днём — як цяпер памятаю, выскачыў я па піва на вуліцу, рукі трасуцца, няўтульна ў тым іхным сьвеце, смуродна ўсё і бяздарна, як быццам ідыёта пусьцілі са складанай праграмай працаваць: хочацца хутчэй назад, бо такое адчуваньне, што зараз мяне прыб’юць — і тут асяніла маю галаву. Асяніла, бабка, разумееш?”

Гарэў твар у Крывічаніна, калі ён гэта рас­казваў. Так гарэў, што старая Бянігна да сьцяны адсунулася. Быццам наноў ён перажываў усю сваю маладосьць. А маладосьць у яго, відаць, доўгая была — засушваюць сябе хлопцы, за кампутарамі дзень і ноч седзячы, у кансервы ператвараюцца. Мабыць, таму жаніх ейны такім юным падаецца.

“Прыдумаў я, бабка, кампутарную гульню і назваў яе “Біблія”. Прынцып просты, як двойчы два. Спачатку ў цябе няма нічога — затое ты можаш усё. Можаш стварыць сьвет наноў. Паказаў знаёмым, тыя — сваім знаёмым... І пачалося. Але я быў ня з простых. Купілі ў мяне тую гульню амэрыканцы, паўсьвету ў яе гуляць стала, а мне грошыкі пайшлі. Вось так, бабка. Толькі была адна праблема. Прыдумаўшы сваю “Біблію”, страціў я да кампутараў інтарэс. Як памерла што ўнутры. Ішоў неяк паўз царкву — усё жыцьцё хадзіў і заўжды пляваць было, што там. А тут чамусьці шапку зьняў, зайшоў. І застаўся — так мне цікава было, такое сьвятло запалілася ў душы. Пазнаёміўся з бацюшкам, мы гаварылі, гаварылі, я да яго на дачу езьдзіў, хрост прыняў, кнігі стаў чытаць па тэме. Шчасьлівым чалавекам зрабіўся, бабка. Не паверыш. Некуды ўсё сплыло — і кампутары, і сябры мае, якіх жыўцом ніколі ня бачыў, і парнушка любімая. Сьветла было на душы і хораша... А пасьля...”

Ашчэрыўся Максім Крывічанін і зноў засьмя­яўся.

“А пасьля бацюшка мне намякнуў, што пара мне з царквой падзяліцца капіталам. Я спачатку не паверыў, але ён праз тыдзень зноў намякае, і зноў... Ялеем разьліваецца. І зноў стала ў мяне на душы цёмна, бабка. Так цёмна...”

Цёмна стала і ў пакоі, але ведала старая Бяніг­на, што слухаць ёй яшчэ і слухаць жаніха свайго. Слухаць і не перапыняць.

“І панеслася. Кінуў я ў царкву хадзіць, думаў, чым залячыць сваю траўму. Так балюча было, бабка, ты сабе не ўяўляеш. Насіла мяне па канцэртах, па нейкіх сходах, па дэманстрацыях. І паўсюль кніжачкі падсоўвалі, ды спасылачкі скідвалі: пачытай, маўляў, літаратурку... Пайшоў я да левых, нейкія подпісы зьбіраў, але нудна стала: я чалавек інтравэртны, мне ад людзей адпачываць трэба, дый не люблю я чалавечую масу, і ніколі не любіў. Пра тое, што я чалавек багаты, я ўжо нікому не расказваў — навучаны. І вось вырашылі мы з адным хлопцам да ідэйных ворагаў наведацца. Так я, бабка, стаў фашыстам. Самым сапраўдным. Але і там — нуда адна. Фізкультура, дысцыпліна, расавы адбор — з гэтай ня спаць, гэтага мачыць, гэтага слухаць. Як у школе. Школа, бабка, звычайная беларуская школа — вось дзе Трэці Райх... Вось дзе ідэальная фашыстоўская дзяржава. Сярэдняя школа!”