Выбрать главу

Максім Крывічанін перавёў дух, праверыў, ці сьпіць бабка — і задаволена адкашляўся.

“...Праўда, быў сярод фашыстаў адзін хлопец беларускамоўны. Ён мне праўду адкрыў: і пра гісторыю праўдзівую, і пра мову нашу тарашкевіцу, і пра сьвятых нашых пакутнікаў за незалеж­насьць. Гэта было, як у царкву хадзіць — але затое ўвесь сьвет па-іншаму пачаў выглядаць. Ходзіш па горадзе і па нейкіх умоўных знаках сваіх пазнаеш. Сярод натоўпу. Зь пісьменьнікамі пазнаёміўся, сам вершы пачаў пісаць, усю Беларусь аб’ехаў, і паўсюль мне здавалася, што яшчэ трошкі, яшчэ адно намаганьне — і яна будзе такая, пра якую ў кніжках пішуць. Такую я меў тады веру, бабка, што ні з чым не параўнаць.

Верыў я, што Беларусь мае быць беларускай! Уяві сабе, бабка! Верыў! Глядзеў на людзей са шкадаваньнем і любоўю: жыцьцё пакладу, а зраблю з вас беларусаў. Мне іх і праўда шкада было: ну як такое магчыма, казаў я сабе, што народ ня хоча на мове роднай размаўляць, пад Пагоняй у будучыню ісьці — шчыльнымі радамі. Я вырашыў, што гэта мая місія — зрабіць так, каб Беларусь жыла. Не адзін, вядома, я за гэта ўзяўся, а з паплечнікамі, пад кіраўніцтвам правадыроў мудрых, у засені нашых спрадвечных сымбаляў. Грошы ім даваў, на іхныя прэміі, паездкі, на барацьбу, на штрафы... Яны бралі. І плацілі тым, што прымалі мяне ў сваё кола — далучаных, бралі ў эліту нацыянальнага адраджэньня. Ніколі не пыталіся, адкуль у мяне такія сумы. Як тыя рэвалюцыянэры, яны лічылі, што для змаганьня ўсе сродкі добрыя. Грошы ня пахнуць. Ня тое што ты, бабка. Нявеста мая...

Маўчыш усё. Добрую я сабе бабку знайшоў. Толькі шэпча і слухае, шэпча і слухае. Кожнаму б так сваё месца ведаць. Звычайна наадварот бывае. Чортавы беларусы...

Разумееш, мне нават да галавы не прыходзіла, мая ты бабка, што калі б я грошай ня меў, мяне б ніхто слухаць ня стаў. Быў бы проста нябачным салдатам іхнага майнкампфу. І згінуў бы на той вайне, бо дзяржава мною зацікавілася...

І тут неяк стаю я ў звычайным гіпэрмаркеце і бачу аднаго з нашых духоўных настаўнікаў. З усім сваім сямействам. Я іх бачыў, такія сьветлыя людзі былі, сапраўдныя патрыёты. Мне, калі шчыра, хацелася ягоным сынам стаць, прыёмным. Падышоў я да іх, каб павітацца, але пару крокаў не дайшоўшы, чую: ён селядзец купляе. І так ужо таргуецца, ды ўсё па-маскальску, ды з жыдоўскімі такімі інтанацыямі, а жонка ягоная яму з-пад рукі дапамагае, і хлопчык зь дзяўчынкай перамаўляюцца, марозіва выбіраючы — усё чыста па-расейску, і ўсё такое нізкае, такое ўсё чалавечае, з жывата ды з жопы... На мяне як неба ўпала. Пачаў я таемнае дазнаньне, як нашыя настаўнікі духоўныя жы­вуць. Гэта няцяжка было, па адных жа вуліцах хадзілі, у адным мэтро езьдзілі. Я іх усіх у твар ведаў, а яны мяне не, хоць у мяне на куртцы “Пагоня” была, на заплечніку стужачка бел-чырвона-белая, на цішотцы лёзунгі нашы, лацінкай... Такія няўважлівыя дзядзькі, бабка, проста паталягічна няўважлівыя, ва ўпор людзей ня бачаць, твары не запамінаюць, толькі сабой любуюцца.

Для іх гэта была гульня... Гульня, бабка! Усё тое, у што я верыў — гуль-ня!

Кінуў я гэтую справу, зьнік зь іхных сходак, знакі сарваў, як салдат-дэзэртыр, і далей вырашыў сам шукаць. Навобмацак. Так і адкрыў, што Беларусь іхная — толькі абалонка пустая. Так і зразумеў нарэшце... А, не, мяне яшчэ ў ліцьвіны клікалі. Але гэта ўжо зусім нешта было несур’ёзнае. Літва ды Літва, варыяцыі адны на тую самую тэму... Паслухаў — і да пабачэньня. Шамбала — вось што сьвяціла мне ў той ночы. Месяцам ясным сьвяціла. Чыслабог мне шлях паказваў, а я пад ногі глядзеў, хацеў пад нагамі сьвятое адшукаць. Сьляпы быў, ня бачыў, ня чуў, тыцкаўся лбом у гіпсавых іхных ідалаў, маліўся, замест каб з таго боку цемры шукаць...

І тады я купіў востраў. Нядорага”.

Ён падняўся і падышоў да акна. Над востравам вісела поўня, застылая і такая жывая ў сваёй нерухомасьці, нібы заслухалася яна Крывічаніна — і Бянігна падумала, што жаніх яе, мабыць, і месяц купіў бы, калі б мог: вось дзе было б для ягонай Крыўі найлепшае месца. Купіў бы — і забраў туды бабку, вырваўшы зь зямлі, як куст. Вось там была б роспач, вось там было б чаго сьлёзы ліць. Сядзела б старая бабка на месяцы і на зямлю глядзела, як цяпер на поўню пазірае: што адна, што другая — як яблык, а як зацягнуць цябе туды, тады і ўцяміш, які твой праўдзівы памер і дзе твая свабода чалавечая канчаецца.