Выбрать главу

Максім павярнуўся да бабкі і саладжава ўсьміхнуўся, шырока раскрыўшы свой непрыгожы рот:

“Так, я купіў памыйку. І што, хто мяне асудзіць?”

Падбег да бабкі, ускочыў каленямі на ложак:

“Так, я ведаў. Ведаў, што гэта памыйка, утылізацыйная зона, у якой тэрмін даўно выйшаў. Востраў, якому ў рот сьмецьця натаўклі па самую глотку. Таму тут ніхто не жыве. Таму і нядорага. І што? Сады цьвітуць, зямля родзіць, мора шуміць. Чым ня рай? Была нічыйная памыйка, а стаў прытулак для абраных. Для гнаных і пагарджаных. А што ў сьвеце не памыйка? Вось гэта — пакуль што не. Але будзе, будзе, не сумнявайся! Калі ўвесь сьвет пойдзе на дно, яны на месяц залезуць!”

Ён паказаў на поўню.

“Нечым поўня цябе нагадвае, бабка. Моцна нагадвае... Таксама маўчыць і слухае. Старая, як гэты сьвет. І таксама лечыць і сілу дае. Поўня — гэта нам знак, што ўсё сваёй чарадой ідзе. Што шчасьце чакае Крыўю, а тых, хто здрадзіў, суворая кара. Калі месяц меншы робіцца, значыць, сілы ў зямлі і лю­дзях усё меней, значыць, правініліся мы, ня вартыя яго зьніча. А яна глядзі, як сьвеціць... Значыць, прыйшла пара. Цяпер або ніколі. Рыхтуйся, бабка, да вясельля. Была ты мне нявестай, а будзеш законнай жонкай”.

Чула бабка, як ён па калідоры пабег — адчыняючы ўсе дзьверы на сваім шляху, як крычаў ва ўсе проймы і ўсе пустыя каморы, усім кніжкам і ўсім сьценам, па якіх скразьнякі халодныя поўзалі. Крычаў пра тое, што ажэніцца ён са старой бабкай, заўтра ж ажэніцца, і ніхто яму не перашкодзіць зь ёй зьліцца ў адну непераможную сілу. Надрываўся Максім Крывічанін, рваў сабе горла, галасіў сваім дурным маладым голасам — так галасіў, быццам за кожнымі дзьвярамі процьмы людзей сядзелі, ды толькі й чакалі, калі гэтая шчасьлівая вестка па доме паляціць. Толькі ведала бабка Бянігна, што няма нікога ў тых прасторных пакоях, за шырокімі сталамі, пусты быў дом, пусты і варожы. Адно што ўнучка яе Алеся сядзела, у кут забіўшыся, ды пазногці на нагах фарбавала: з малога пачаўшы і да вялікага, на адной назе пяць, ды на другой пяць, ды на трэцяй, ды на пятай, ды лакам зялёным, як русалчын хвост, ды лакам чорным, як кашэчы загрывак, ды лакам жоўтым, як вока шалёнага зьвера ў ночы, ды лакам сінім, як Бянігніны вочы, ды лакам белым, як бабчын страх.

Пайшла тады бабка на двор — і ніхто яе не трымаў, пакацілася яна ў траву, а з травы на мураву чужую, а з муравы ўніз па ўзгорку, да мора выкацілася і на беразе стала, ля самай вады. Не было тут ужо лодак, не ляжалі яны, санлівыя, рэбры выставіўшы. Плавала па вадзе поўня — запрашала на сябе скочыць, а там з хвалі на хвалю, з хвалі на хвалю, ды пад самы далягляд. Заплюшчыла бабка вочы моцна-моцна, сэрца прыцішыла ды на тую поўню ступіла. Падкінула бабку вада, перакуліла, намачыла ад сьляпой галавы да нямых ног. Папіла бабка мора проста зь вядра, напілася, а мора ёй і далей кажа: пі, бабка, пі, старая, мяне многа, так многа, што на ўсіх нявестаў сьвету хопіць. Коціцца бабка па моры, упартая, ад вады салёнай п’яная, дно намацвае, па грудзі ўжо ў ваду ўвайшла — і ўсё роўна сухая застаецца. Пабыла ў вадзе — а ня мок­рая нідзе. Ударыла бабку ў вочы мора, як нявестка няўдзячная, ды яшчэ аплявуху збоку ўляпіла, згубіла бабка дно — а вось жа яно: над галавой скача, мора-кукарача. Не відаць ужо востраў Крыўю, а відаць толькі бабчыну сьмерць. Рукі ў сьмерці жаночыя, спрытныя, у пальчатках...

Вынесла сьмерць бабку на бераг ды давай цалаваць. Цалуе, цалуе, ды на грудзі навальваецца. Ня ведала старая Бянігна, што сьмерць так цалавацца любіць. Выплюнула бабка мора, усё, што выпіла, ды вочы расплюшчыла. А сьмерць сядзіць перад ёй на кукішках, у акулярах круглых, ды кажа нешта на сваёй сьмяротнай мове — і хоць ведала Бянігна ўсе інастранныя языкі, нічога яна не зразумела.

Падхапіла яе сьмерць на рукі ды пацягнула па ўзгорку. Ляжала бабка на ейных гладкіх грудзях, сохла на ветры ды ў сябе прыходзіла. Адчыніліся дзьверы на грукат. Вылаяўся нехта па-нашаму, пачаў званіць, бабку на сухі ды цёплы матрас паклалі, і вось ужо заходзіць у дом яе жаніх, Максім Крывічанін, да бабкі кідаецца, у вочы ўзіраецца ашалела. А сьмерць сьціпла ў баку стаіць ды па баках аглядваецца з інтарэсам. Дый ня сьмерць гэта, а дзяўчына нейкая чарнявая, якую раней Бянігна ня бачыла. Зацягнутая ў бліскучы касьцюм для плаваньня — мокры, у такую ўжо абцяжку, што аж сорамна глядзець. Дзяўчына-рыба.

“Яна кажа, што пабачыла, як чалавек тоне. А цяпер яе лодку ўжо не знайсьці. А там камэра, тэлефон...”.

“Ясна, што не знайсьці. Хто па такой цемры ў адкрытае мора пойдзе. Ладна... Скажы ёй, што мы ўдзячныя і ўсё такое, — прабурчэў Максім Крывічанін тоўстаму свайму прыяцелю, а сам на дзеўку глядзіць, усьміхаецца. — Што не забудзем, не прасьцім... У сэнсе, яна ўратавала самае дарагое, што ў мяне ёсьць, нявесту маю... Эй! Якую нявес­ту, скажы: маці! Маці! Так і скажы, што маці маю ўратавала і за гэта хай піздуе куды далей... Ну, ты зразумеў: хай пераначуе, а заўтра... Заўтра мы яе дамоў адправім. Ты і адправіш”.