Выбрать главу

Тупат на калідоры, вясёлы голас гаспадара. Такі голас, які бывае, калі ім спрабуюць заглушыць далёкі бой барабанаў — ці ляскат нажа. Перабольшана бадзёры, фальшывы, акторскі голас. Няўжо яна нічога не адчувае?

Дзьверы адчыніліся, Храніст адклаў кнігу, пагладзіў сівую бараду.

“Ну як, не ўпусьціў бабку? — гучна прамовіў Крывічанін, гледзячы на Кранікёра так добразычліва, што таму падалося, што ён раскрыты. — Сьпіць...”

“Яна ўвесь час спала”, — сказаў Храніст, спрабуючы выглядаць спакойным.

За сьпінай у Крывічаніна была гэтая дасьледчыца, якая звалілася ім учора на галаву, Касія. І Таўстун — адзіны на востраве, хто ўмеў па-ангельску.

“Скажы ёй, што матцы лепш, — адрывіста кінуў Крывічанін. — Скажы, што зараз перакусім і я адвязу яе на маторцы... І ўсьміхайся, доўбня. Што ты крывішся?”

“Ты сказаў, што...”

“Рабі што сказаў”.

Тоўсты пераклаў. Касія паціснула плячыма. Ві­давочна, ёй не хацелася зьяжджаць. Востраў яе зацікавіў, і яна ўжо цьвёрда вырашыла, што вернецца сюды зноў. Тут хапала таямніцаў. Таямніцы пачаліся з самага ранку. Таямніцы, дзіўныя ўчынкі людзей — як у кепскай п’есе. Таямніцы...

У тым ліку ў гэтым доме. Дый паводзіны гаспадара, гэтага халерычнага, так ненатуральна жвавага і гаваркога Макса, падаваліся ёй усё больш падазронымі. Яны аб’ехалі ўвесь востраў, і нешта падказвала Касіі, што тут ня ўсё ў парадку. Гэтыя пустыя дамы, кінутыя рэчы — і сьляды нечага шалу, якія яна, нягледзячы на тое, што ўсё рабілася сьпехам, пасьпела заўважыць. Якія сьляды? Нібы нехта прыходзіў у пакінутыя людзьмі жытлы і гістэрычна крышыў усё, што трапіцца пад руку. Выдраныя з рамаў фота, бітае шкло, якое хрусьцела пад нагамі так вусьцішна — як быццам галасы людзей, што тут жылі, заклікалі яе не сыходзіць, прагнулі расказаць свае гісторыі... Але нават калі зрабіць дапушчэньне, што ўсё тут сумленна, законна і гэтая невялікая калёнія квітнее — Касія не магла дапяць: як яны тут жывуць? Пасьля ўсяго, што адбылося з гэтым маленькім востравам? Як яны могуць тут жыць?

І галоўнае: дзе яны ўсе? Жыхары, якія не пабаяліся тут пасяліцца?..

Яна спрабавала задаваць пытаньні. Яна спрабавала расказаць Крывічаніну пра тое, што тут было раней. Яна абірала далікатныя фармулёўкі і намагалася не параніць пачуцьцяў гэтых дзіўных іншаземцаў. Яна глядзела яму ў твар, проста пад кудзеркі, пад якімі ён хаваў свае насьмешлівыя вочы. Ён не разумеў, неўразумела хмурыў лоб або аглушальна, зь нейкім адчаем рагатаў, нібы яна ўдала пажартавала. Ніхто не разумеў яе. Спачатку яна палічыла, што гэта віна мажнога перакладчыка, які глядзеў на Крывічаніна з сабачай адданасьцю і нейкім дзіўным страхам. Ягоная ангельская і праўда была так сабе, але ж яна не казала нічога складанага. Урэшце, калі яны падымаліся па ўзгорку, яна спытала ў лоб:

“Вы ведаеце, што тут нельга жыць? Што гэты востраў азначае павольную сьмерць?”

Максім Крывічанін зарагатаў і паляпаў яе па плячы.

“Ён кажа, што вы зашмат чытаеце жоўтай прэсы”.

“Жоўтай прэсы?”

“Yes, the yellow press”, — абыякава сказаў таўстун.

Цяпер па доме гаспадара, віхляючы сьцёгнамі, хадзіла і грукала талеркамі паўголая дзяўчына, якая глядзела на Касію з такой пагардай, што Касія адчувала яе амаль фізычна: ёй забалела галава ад такой невытлумачальнай непрыязі і перахацелася есьці. Хоць яны паўдня блукалі па востраве і там, каля мора, яна намякнула таўстуну, што была б ня супраць гарачага супу. Не, яна нічога не разумела.

Яна прайшлася па калідоры, думаючы, ці не спытаць пра пігулкі ад галавы. Крывічанін схаваўся ў сваім пакоі, таўстун закурыў, разваліўшыся на канапе ў гасьцёўні.

Сёньня яна запыталася ў таўстуна наконт інтэр­нэту. Ёй трэба было паведаміць сваім — Костасу, Джузі, Сандры, што зь ёй. “Інтэрнэт не працуе, — разьвёў рукамі таўстун. — Нам вельмі шкада”. Потым яна зьвярнулася да самога Крывічаніна. “Не працуе. Адключылі за няўплату”, — зьдзекліва пераклаў таўстун.

“А тэлефон? У вас жа мусіць быць тэлефон?”

“Не. У нас няма патрэбы. Мы ж як рэлігійная сэкта. І калі б вы сталі на нашае месца, зразумелі б, што так людзі пачуваюцца значна шчасьлівейшымі. Гэта жудасная залежнасьць... Інтэрнэт, тэлефон...”

Тады яна зрабіла выгляд, што паверыла. А цяпер, у калідоры, яна нейкім нюхам адчувала, што сувязь з кантынэнтам тут ёсьць. Усё было насычана ёй. Усё вібравала і перадавала нейкія сыгналы. Касія паволі разглядвала дзьверы: адны, другія, трэція... І з другога боку. І яшчэ адны ў глыбіні калідору. Што за імі? І што на другім паверсе? Чаму яны хлусяць? І навошта будаваць такі вялікі дом, калі...