Выбрать главу

З прыбіральні выйшаў той сівы, пажылы мужчына, якога Крывічанін пакінуў глядзець за сваёй маці, пакуль ладзіў ёй экскурсію. Сівы загарэлы мужчына ў белым. Ён усьміхнуўся ёй і прайшоў побач, сьпяшаючыся, паціраючы рукі — у яго відавочна не было ахвоты зь ёй размаўляць. Яна прыхінулася да сьцяны, прапускаючы яго. Ён падзякаваў кіўком галавы і прайшоў міма, разгублены, пахілы, маршчыністы мужчына гадоў шасьцідзесяці, з тыпова славянскім тварам, і ўсё было б нічога, калі б...

Прамінаючы яе, ён сунуў нешта Касіі ў руку. Яна міжволі ўзяла, а ён, як нічога й не было, рушыў далей, да выгляду на мора, якім тут так ганарыліся, да цыгарэтнага дыму, які вецер заганяў ва ўсе шчыліны.

Яна расьціснула пальцы. Гэта была флэшка. Зу­сім маленькая чорная флэшка.

Ён азірнуўся і падміргнуў — ён ня ўмеў міргаць або рабіў гэта занадта рэдка ў сваім жыцьці. Такі пажылы чалавек — і так непераканаўча і нягегла міргаць. Як быццам зараз чхне.

Але яна зразумела — і ён бачыў, што яна яго зразумела. Яна зразумела і сунула флэшку ў кішэнь сваіх шортаў, якія ёй выдала ўчора непрыветная грудастая дзяўчына.

Там, у гэтай кішэні, ляжала яшчэ нешта. А менавіта неахайна складзены лісток паперы, на якім былі няроўныя крамзолі, выведзеныя ці то дзіцячай, ці то старэчай, ці то параненай рукой.

Сёньня на досьвітку ў пакой, дзе спала Касія, увайшла старая жанчына.

Маці гаспадара, якую Касія ўратавала ў моры, недалёка ад берага. Яна страціла лодку, затое дзякуючы ёй жыў чалавек.

Гэта напаўняла Касію гордасьцю. Ёй яшчэ ніколі не даводзілася ратаваць людзей.

Жанчына была такая старая, што Касія нават прыкладна не магла б вызначыць яе ўзрост.

Можа, дзевяноста.

А можа, сто дзесяць.

А можа, яна была несьмяротная.

У апошняе верылася. Толькі несьмяротная жанчына ў такім веку можа пайсьці ўначы ў неспакойнае мора.

Калі б Касія ўмела чытаць гэтыя крывыя, выгнутыя, ламаныя, як ветрам вырваныя зь зямлі літары, яна б прачытала пра сястру старой жанчыны, якая жыве далёка адсюль, у сіняй хатцы каля старой ігрушы. Пра тое, што са здароўем усё дай божа, толькі ногі баляць. Пра тое, што цяпер у яе ёсьць два сынкі, Антон і Міша. І ўнучанька Алеся. І пра тое, што яе тут

дзяржаць

і ці не магла б дарагая сястрыца забраць яе адсюль, бо яе тут

дзяржаць

і калі грошай даехаць у сястрыцы няма, дык можна дабрацца да ейнай хаткі на беразе возера, выдраць адну масьнічыну і ўзяць адтуль два мільёны на білеты, але прыехаць як мага хутчэй, бо яе, старую б, старую ба, старую Бя, старую бабку, тут

дзяржаць

Аднак Касія не магла гэтага прачытаць. Затое магла перадаць таму, хто абавязкова расшыфраваў бы бабчыны крамзолі, беларускія руны, крывіцкія герогліфы.

Старая, якая аддала Касі гэтую паперку ў сьві­тальных прыцемках, паглядзела ёй уважліва ў вочы, і позірк у яе быў добры-добры.

Вусны старой заварушыліся. Касія зазірнула ў гэтыя сінія вочы, прасачыла, як заварожаная, за трапяткімі рухамі вуснаў.

“Гэта мне?” — спытала яна, асьцярожна трымаючы паперку.

І тады старая высунула свой страшны язык і ліз­нула ім паветра.

“Гэта мне... — сьцьвярджальна шапнула Касія. — Але...”

Старая лізнула паветра яшчэ раз. І тады Касія зразумела.

“Я мушу быць паштальёнам? Адаслаць гэта? Але адрэса? Дзе адрэса?”

Па вачах старой яна бачыла, што ўсё зразумела правільна. Шчасьліва ўсьміхнуўшыся, старая выйшла з пакоя.

І вось цяпер Касія мела ў кішэні два пасланьні з вострава, якія ёй трэба было перадаць. Два тайныя пасланьні. Пра якія ёй ні ў якім разе нельга было расказваць. Ні гаспадару, ні ягонаму перакладчыку, ні гэтай непрыязнай дзяўчыне. Нікому.

Яе паклікалі абедаць. Рэдкі суп бязь мяса, гародніна і кансэрваваны тунец. Сухары і салодкае густое малако зь сініх бляшанак, па якіх бегала незнаёмая Касіі кірыліца. За сталом уселіся ўсе: на канапе старая, побач дзяўчына, якая гатавала гэтую няхітрую ежу, з другога боку Касія. Насупраць сядзелі таўстун і сівы мужчына ў белым, засяроджана і прагна глытаючы суп. Сам Крывічанін сядзеў асобна, трымаючы талерку на каленях, і еў мала — затое ўвесь час балбатаў. Яму вельмі хацелася, каб яна зьнікла адсюль.

“Госьць ня госьць, а валакіты досьць... Ну што, пара! — закрычаў ён, удаючы засмучанасьць. — Я сказаў, каб падрыхтавалі маторку. Трэба ехаць, нешта не падабаецца мне гэтае мора! Лепш рукі ў ногі і наперад, пакуль сьветла”.

Перакладчык так і сказаў: рукі ў ногі. Касія ўсь­міхнулася, абвяла вачыма стол і тых дзіўных людзей, што за ім сядзелі. Цяпер у яе была зь некаторымі зь іх свая таямніца. І таму яна таксама адчувала сябе гордай. У яе не было таямніцаў з таго часу, калі яна малой дзяўчынкай выкурыла бацькаву цыгару. Вельмі дарагую. Як жа яе тады ванітавала...