Выбрать главу

Затое бабка ўцяміла, як тую жанчыну завуць. Фраў Вольга. Так да яе зьвярталіся: фраў Вольга ды фраў Вольга, і столькі ўжо слодычы ў голасе, нібы тая фраў Вольга ім варэнікаў наляпіла.

Спужалася бабка, што яны тут да раніцы сядзець будуць ды гутаркі свае з фраў Вольгай весьці, ажно не — кончылася тая сустрэча, усе ў ладкі пляскаць пачалі, як баптысты падчас малітвы, такія ўжо задаволеныя, быццам ім зубы вырвалі. Падняліся, зашумелі, усе адно з адным загаварылі. А Максім Крывічанін падхапіўся, вазок у рукі — ды да стала, дзе фраў Вольга размаўляла зь некім, кінуўся. Спыніўся каля яе, усьміхнуўся цярпліва, таўстун за сьпінай у бабкі стаў. Крывічанін яшчэ фраў Вользе той міргнуў — маўляў, нічога, нічога, я пачакаю. Яна дагаварыла і да Крывічаніна павярнулася, завушніцамі бліснуўшы ды белай кашулькай сваёй з выразам яму ў вочы тыцнуўшы:

“Прабачце, вы хацелі пра нешта запытацца?”

“Так! — усьміхнуўся ва ўвесь рот Максім Крывічанін. — Хацеў сказаць вам дзякуй за ваш сьмелы выступ, спадарыня Вольга. Мы так радыя, што тут, у Нямеччыне, ваш голас чуцён, яны ж нічога ня хочуць ведаць... Але пасьля такіх сустрэчаў нешта зьмя­няецца, мы, эмігранты, гэта адчуваем. Дзякуй!”

“Дзякуй”, — кіўнуў таўстун, аглядваючыся.

“Гэта наш доўг, — уздыхнула фраў Вольга, якая, як высьветлілася, зусім і ня фраў была, а нармальная, наша жэншчына: ах ты бабка дурненькая. — Каб разумелі, трэба гаварыць. Гаварыць і не баяцца, што на нас будуць глядзець як на ахвяраў. Вы даўно тут жывяце?”

“Ужо год, — сказаў Максім Крывічанін, горка склаў­шы вусны. — Дзякуй! Можна паціснуць вам руку?”

“Вядома”, — зьбянтэжылася Вольга і працягнула Максіму далонь. Ён узяў яе ў свае пальцы і сьціснуў:

“Дзякуй і за тое, што займаецеся гэтым... Ну, пра які вы любіце пісаць... Востравам. Думаеце, ён і праўда існуе? Мне дык падаецца, гэта ўсё журналісцкія выдумкі. Ды калі і праўда такое магчыма: нехта з нашых купіў востраў і заснаваў там калёнію, якая розьніца? Жыве чалавек сабе, рыбу ловіць, нікога не чапае... Ці вы думаеце, беларускай супольнасьці варта баяцца такіх ініцыятываў? Як непразрыстых і закрытых? Зразумейце, я супраць ізаляцыі, я за тое, каб мы былі згуртаванай супольнасьцю, але я бачу вялікую рызыку. Так лёгка паддацца маніпуляцыям і прыняць чуткі за факты...”

І Максім Крывічанін засмучана паціснуў пля­чыма. Вазок у ягоных руках гучна рыпнуў.

“Я веру, што востраў існуе... І ня толькі як сеціўны праект, як нас хочуць пераканаць. Вось толькі дзе дакладна і як туды дабрацца... У мяне такое ўражаньне, што там усё ня так проста, — цярпліва сказала Вольга і зірнула на экран свайго мабільнага. — Так, у мяне мала фактаў. Але ёсьць пэўныя сыг­налы, якія немагчыма праігнараваць. Мне падаецца, там адбываецца нешта дзіўнае. Ніхто ня хоча гэтым займацца. Усім падаецца, што вост­раў — нечая забаўка. Прычым чыста віртуальная. А я ўсё больш пераконваюся, што ён існуе і нехта вельмі ня хоча, каб пра яго даведаліся... Зьнікаюць людзі... Гэта ня жарты, пагадзіцеся.”

“Вядома! Калі ласка, ня кідайце гэтай тэмы! — горача прамовіў Максім Крывічанін, схапіўшы яе за руку. — Я падпісаны на вас у фэйсбуку, я чытаю кожную вашую калёнку. Мы маем права ведаць праўду. Дарэчы, пазнаёмцеся. Гэта мой сябар Арцём Крыштаповіч...”

Таўстун ухмыльнуўся і нязграбна паціснуў тонкую Вользіну руку.

“...А гэта мая старэнькая маці, Зінаіда Сямёнаўна Жылецкая, — пагладзіў Максім Крывічанін бабку па галаве і падсунуў яе бліжэй да Вольгі. — Яна так хацела паціснуць вам руку, вы ёй так спадабаліся... Арцём, сфатаграфуй нас. Можна, яна пацісьне вам руку? Зусім слабая мамачка мая...”

Крывічанін прыўзьняў Бянігніну руку і падаў Вользе — як мёртвую птушку. Бабка і пікнуць не пасьпела. А ён ёй на вуха шапнуў: “Ну што, палячы яе, бабка, добра палячы”.

“Вядома, — Вольга нахілілася да старой Бяніг­ны, усьміхнулася, ад яе ішоў пах смачнай парфумы і чыстай жаночай скуры, якую штодзённа даглядаюць, шмаруюць, чысьцяць, песьцяць. — Рада пазнаёміцца, спадарыня Зінаіда...”

Яна ўзяла сухую старэчую руку ў сваю — і вось тут гэта і адбылося. А што адбылося, Бянігна і сама не зразумела.

Толькі апынулася яна раптам пасярод неандартальскага лесу.