“Уставай, бабка, жывенька, давай! — замармытаў ён, скідваючы з бабкі коўдру і хапаючы яе пад пахі. — Слухайся мяне, бабка, я табе ў жаніхі не набіваюся, я табе дабра хачу, таму не трасі нагамі, рабі, што кажу!”
Пасадзіў ён бабку ў вазок, накінуў куртку, торбу праз плячо павесіў. Вывез за дзьверы абрыдлае ёй крэсла разам з тым мехам, што бабкаю ў іх зваўся, выклікаў ліфт. Выбег на вуліцу, перад сабой вазок штурхаючы — яны перасеклі праезную частку і, пасьпеўшы добра змакрэць, прабіраліся цяпер між машынаў на стаянцы таксі.
Паджылы кіроўца адвёз іх на вакзал. Грала музыка, як быццам яны на канцэрт прыехалі, вакол хадзілі змрочныя паліцэйскія, і ад паху чужаземнай ежы, падгарэлай, усюдыіснай, тлустай, паху, які зьмешваўся з пахамі сырой курылкі, дарагіх крамаў, засцаных закуткоў і нагрэтага жалезьзя, бабку пачало нудзіць. Яны доўга стаялі ў чарзе, каб купіць білеты — і вось ужо шкляны ліфт апускаў іх на плятформу, дзе тоўпілася моладзь у стракатай адзежы. Гляйс айнс, гляйс цвай, гляйс драй — скакаў па галовах настойлівы голас — калі ж ты ўжо змоўкнеш?; цягнік падышоў, белы, з чырвонай паласою, цягнік, што нібыта казаў усім сваім выглядам: я тут ні пры чым! Я нічога ня ведаю!; праваднік дапамог таўстуну пагрузіць вазок.
Яны прабраліся на свае месцы, таўстун бухнуўся на сядзеньне і выцер пот. Бабку ён пасадзіў насупраць сябе — і, аддыхаўшыся, важна ўзьняў палец. Паднёс да бабчыных вачэй, быццам хацеў, каб яна разгледзела гэты салідны палец, сымбаль ягонай улады. А потым палез гэтым пальцам да акна, за якім усё яшчэ ліў дождж. Прысунуў яго да самага шкла — і пагразіў камусьці, хто хаваўся за суцэльнай сьцяною залевы.
12.
Акуратныя, нібы з паштоўкі выразаныя ды на неба наклееныя, зялёныя ўзгоркі, абвітыя цяністымі сьцежкамі, утульныя панэлькі, што мяжуюць зь бела-цукровымі віламі і клятчастымі фахвэркавымі дамкамі. Вузкія вулкі, плошча, гемютныя гномы ў садах, усё, што ні пабачыш, выглядае як слодыч. І не зразумееш, дзе сканчаецца гарадзкая рыса. Забярэшся на гару, і можна пабачыць так далёка, што нават Кёльнскі сабор у ранішняй смузе разгледзіш.
Такі ён увесну, гарадок Эркрат у Вэстфаліі.
Сьціплы і непрыкметны, але з душою — як прыгожанькі грыб сярод пярэстага лісьця.
Некалі, калі Эркрат быў яшчэ вёскай, упісанай хіба што ў самыя панылыя аналы, тут была адкрытая гаючая крыніца — так гэтае месца ўпершыню здабыла сабе хоць нейкую славу. Здарылася гэта ў 1830-м. З усіх княстваў ды каралеўстваў сюды прыяжджалі лячыць рэўматызм ды падагру, па-нашаму казìнец. Залаты быў час. Нямецкай Ніцай клікалі тады Эркрат, быў тут вялікі дом з купальняй на тысячу месцаў, і залазілі ў воды Ніцы-крыніцы і паэты, і прыдворныя, і купцы, і сьвятары, і іншаземцы. Вылазілі ды ішлі на шпацыр па даліне Нэандэр, названай у гонар аднаго кампазытара. Мабыць, добры быў кампазытар, калі ў ягоны гонар назвалі цэлую даліну — а ня вуліцу і не вучэльню. Ну, даліна — гэта толькі так кажуць. Лагчына... Лог. Так было б правільней.
Нэандэртальскі лог.
Квітнеў Эркрат. Але ўжо ў 1870 скончылася ў гаючай крыніцы вада, перакрылі яе недзе на небе, вырашыўшы, што досыць ужо нейкаму там Эркрату гуляць у курорт, і замест бальнэалёгіі заняўся б ён лепш геалёгіяй, пагатоў рэсурсаў падземных тут заўжды было багата — як і па ўсім Райнскім краі. Няма вады — няма і славы. Заняпаў Эркрат і зноў у вёсачку ператварыўся. Перасталі сюды езьдзіць паэты, прыдворныя, сьвятары, купцы і іншаземцы. Затое пачалі наведвацца вучоныя.
Бо крыху раней Эркрат прычыніўся да іншай слаўнай знаходкі. Адным жнівеньскім днём група італійскіх рабочых, што працавала па найме ў вапнавым кар’еры паблізу ад гораду, а прасьцей кажучы, даставала вапну зь нейкай пячоры, якіх тут ня менш, чым прыдарожных корчмаў, натрапіла на добра захаваныя парэшткі чалавека. Парэшткі купілі разумныя людзі і доўга ламалі галаву, што гэта за чалавек — пакуль урэшце не зразумелі, што і не зусім чалавек гэта, і вырашылі назваць яго нэандэртальцам. Так ён і атрымаў сваё імя — больш за сто пяцьдзясят гадоў таму.
Цяпер Эркрат — брама ў Нэандэртальскую даліну. Зусім недалёка адсюль Нэандэртальскі музэй. А які ж музэй без сувэнірнай крамы. Наканечнікі для дзідаў ды сякераў, крэсіва ды кнот, каб здабываць агонь — па-нэандэртальску... Кніжкі, паштоўкі, камяні З Той Самай Даліны. Можна павесіць на шыю. Ці вось: нэандэртальскі баромэтр — звычайная вяровачка з інструкцыяй: