Вяровачка сырая — будзе дождж.
Вяровачка сухая — дажджу ня будзе.
Вяровачка скача — вецер.
Вяровачка б’ецца ў руках — бура.
Вяровачка дыміцца — пажар.
Вяровачкі няма — яе скраў мамант.
Кошт — 14 эўра 95 цэнтаў. Добрая забаўка для дзяцей, асабліва апошні пункт: гуляць зь ёй можна да ўпаду.
Нэандэртальцы ў выглядзе гумак, нэандэртальцы з вапны, нэандэртальцы з воску і плястыку, фігуры нэандэртальцаў у сучасных касьцюмах. Мясцовае Нэандэртальскае піва. Нэандэртальскія сасіскі. Міт зэнф одэр онэ?
Калі ўсю гісторыю Зямлі ўявіць як 455 дзён, нэандэртальцы жылі 8 хвілін таму.
І прынамсі некалькі зь іх жылі ў Эркраце.
Даўным-даўно.
А цяпер тут іншыя людзі жывуць. Мёд-піва п’юць. Розныя людзі.
Тут, у самым заселеным нямецкім краі, дзе так лёгка схавацца між людзей і нэандэртальцаў, у адной зь белых вілаў за вапнавай агароджай пасяліўся аднойчы мажны іншаземец. Відаць, ён марыў вярнуць Эркрату колішнюю славу — бо неўзабаве да ягонай вілы пачалі езьдзіць машыны з нумарамі самых розных гарадоў і краін.
Звалі гаспадара вілы доктар Філіп Майно, і нацыянальнасьць ягоную вызначыць было цяжка. Фін — а можа, украінец. Ці наогул азіят — было ў ягоным абліччы штосьці ад круглага мангола, ці ад расейскага селяніна, ці ад бялявага баявога балта. Хто ведае, ці было гэта ягонае сапраўднае імя — але ж кожны мае права мець псэўданім, асабліва калі ён доктар.
Іншаземец узяўся за справу грунтоўна. Спачатку наведнік трапляў да ахоўніка — магутны руды паляк Баляслаў, колішні чэмпіён Памор’я па лесарубным спорце, дабрадушна правяраў госьця на наяўнасьць забароненых рэчаў, забіраў тэлефон і іншую драбязу. Ачышчаны ад пладоў цывілізацыі, госьць трапляў у наступны пакой, ужо менш строгі, але даволі таямнічы, бо ў ім на сталах стаялі сьвечкі, а са сьцен зьвісалі шкуры. У тым пакоі ветлівая дзяўчына Таня правярала, ці праўда госьць зарэгістраваўся на адмысловым сайце, і ці заплаціў ён за візыт. Бо ў трэцім пакоі госьця чакаў сам доктар Філіп Майно — седзячы ў высокім фатэлі, ён прапаноўваў каву, гарбату, сок або глыток добрага віна, каб зьняць стрэс, і з моцным акцэнтам расказваў госьцю, як правільна паводзіцца, калі перад ім адчыняцца апошнія, самыя важныя дзьверы. Бывала так, што доктар заставаўся незадаволены размовай — і карэктна, але цьвёрда казаў, што таму або іншаму госьцю ня варта заставацца ў ягоным доме. Зразумела, у такім разе ўсе выдаткі за візыт вярталіся ў поўным аб’ёме — кампэнсаваўся і кошт праезду. Прынамсі, скаргаў на доктара Майно не было. Усё на ягонай віле было зроблена так, каб госьць адчуваў, што ён завітаў да цывілізаваных і культурных людзей. Якія дбаюць пра тое, каб ад візыту была карысьць.
І толькі пагаварыўшы з доктарам, зрабіўшы на яго добрае ўражаньне і атрымаўшы ўхвальны ківок, госьць мог увайсьці туды, куды так імкнуўся. У паўцёмным пакоі бяз вокнаў, дзе былі толькі ложак, вешалка, невялікі стол і крэсла-качалка, яго сустракала вельмі старая жанчына з тварам такім чорным, што яе можна было прыняць за афрыканку. Апранутая ў жоўты балахон да самых пят, яна невідушчымі вачыма ўзіралася ў госьця і сутаргава ўздыхала. Госьць перапуджана заміраў на парозе. Старая варушыла вуснамі, а гаспадар вілы ціхенька зачыняў за імі дзьверы. Пакідаючы госьця сам-насам са сваім найвялікшым скарбам, які на сайце апісваўся так: магічная шаманка з глыбіні першабытных лясоў, што за адзін сэанс пазбаўляе сучаснага чалавека шкодных узьдзеяньняў асяродзьдзя і мэнтальнага бруду. Спрадвечны рэцэпт чысьціні нашых продкаў перамагае агрэсіўны бруд цывілізацыі. Ну, ці нешта такое.
Зарэгістравацца на тым сайце было няпроста. Прыкладна восем зь дзесяці ахвотных ня здолелі гэтага зрабіць — адпаведна, так і не атрымаўшы падрабязных інструкцый, як дабрацца да “магічнай шаманкі” або хаця б проста зь ёй зьвязацца. Існаваў невялікі тэст, які трэба было прайсьці, перш чым прыступіць да працэдуры рэгістрацыі. Нямногія дасягалі посьпеху. Але машын каля белай эркрацкай вілы доктара Філіпа Майно хапала. І грошай у доктара хапала таксама.
О не, гэта не была мэдычная практыка або гомэапатычнае лячэньне. Гэта была проста сустрэча. Размова. Гутарка напаўголасу. Старая жанчына кансультавала няшчасных насельнікаў эўрапейскіх і суседніх з Эўропай краін. Яна шаптала ім нешта — што ж супрацьзаконнага ў тым, каб шэптам паразмаўляць са старой жанчынай? Урэшце, старыя як ніхто іншы маюць патрэбу ў суцяшэньні. Хто мог бы давесьці, што тут адбываецца нешта большае за простую душэўную размову? І якая розьніца, кім гэтая жанчына даводзілася шаноўнаму доктару? Гэта ягоная справа. Яна лячыла — і ніхто з дыплямаваных мэдыкаў і гамэапатаў ня мог зь ёй параўнацца.