Першы раз пасьля Гамбургу, калі ў той лес свой пайшла, падавалася ёй, што падазрона на яе глядзяць, што вось-вось зараз выйдзе з-за дрэва які начальнік тутэйшы ды скажа: чаго, бабка, прыйшла? Нарабіла тут брыды, няма табе больш сюды пропуску. А яна б кінулася на калені ды адказала:
“Ведаю я, якая мая віна, спаліце мяне, дзядзькі неандартальскія, на вашым лясным агні, хай мае костачкі згараць, каб і дыму ад іх не засталося! Так мне і трэба, дурной бабцы! Не вярнуся я больш у андартальскі лес!”
Але ніхто ня выйшаў, ніхто на яе ня крыкнуў. Як хадзіла, так і ходзіць. Жыве ў цеплыні, смачна есьць. Можа, і тэлевізар ёй хутка паставяць, калі добра паводзіцца будзе. Толькі ўсё часьцей бабцы чамусьці пад сэрцам смыліць. Ды так, што жыць больш ня хочацца.
Прыехаў неяк на вілу адзін іншаземец — да каня падобны. Пыса выцягнутая, грыва карычневая, а зубы дык і праўда, як у каня. Паказытаў яго ахоўнік-паляк ды памацаў, прапусьціў у іншыя дзьверы — там і Таня яму паўсьміхалася, бо перавёў той конь добрую суму на рахунак фірмы. Сеў нарэшце перад самім доктарам, расказаў, што зь ім здарылася. Доктар Філіп Майно паспачуваў, як ён гэта ўмеў, ды да бабкі госьця адвёў. Зачыніў дзьверы ды наліў сабе, пакуль ніхто ня бачыць. Сядзіць, зажоўвае, у кампутар свой недаверліва ўзіраецца. Бо ўсё там у кампутары, добра. Так добра, што ня можа такога быць. Мо і праўда скончыўся страшны сон? Ці толькі пачынаецца? Уздыхнуў доктар ды яшчэ кілішак спустошыў. Кінуўся люльку раскурваць. І паціху яго адпусьціла.
“Хопіць, — сказаў ён сабе, прымінаючы тытунь. — Страшны сон. І кропка. Усё добра. Што ж мяне так трасе?”
І тут з пакоя, дзе бабка з канём тым працавала, пачуўся крык.
Такога на белай віле яшчэ ніколі не адбывалася.
Кінуўся доктар Філіп да дзьвярэй у бабчын кабінэт, разнасьцежыў іх ды за галаву схапіўся. Госьць ягоны, мужчына-конь, да сьцяны прыціснуўся, твар перакошаны, адной рукой чэлес свой прыкрывае, бо голы ўвесь, як быццам абакралі яго ды разьдзелі, а другой на бабку паказвае і крычыць. Ляжыць бабка на падлозе, вочы закаціліся, балахон жоўты да грудзей задраўся, і бачыць доктар бабчына сподняе, і вачэй адвесьці ня можа. Варушыць бабка вуснамі сухімі ды з рота ў яе стогны рвуцца: мокрыя, жаласьлівыя, доўгія.
Прыбегла на гэты дзікі крык Таня, і ахоўнік прыбег, доктар да бабкі кінуўся, а Таня з ахоўнікам пачалі мужчыну адзяваць. Той ачуняў крыху, змоўк ды іх адпіхнуў — і на доктара па-свойму брэша. Маўляў, адкажаце мне за гэтую траўму. Доктар яго як мог супакоіў — але госьць і слухаць ня стаў, выскачыў за дзьверы.
Паклалі яны бабку на ложак, неўзабаве яна сьціхла і вочы расплюшчыла. Доктар махнуў рукой на ахоўніка з Таняй — выйшлі вон.
“Што ж ты, бабка, вытвараеш? — з дакорам запытаўся тоўсты доктар, выціраючы зь пінжака бабчыну сьліну. — Я табе і сёе, і тое... І ад Крывічаніна ўратаваў. Ці...?”
Ён утаропіўся ёй у вочы.
“Каго ты там бачыла? Бабка? Каго?”
Бабка нічога не сказала, паглядзела доктару свайму, збаўцу, у твар, і доктар пабачыў, што нічога бабцы ня хочацца ўжо, а толькі сьмерці.
“Каго? — закрычаў доктар. — Што там, бабка? Спачатку скажы, а потым памірай! Хто там быў?”
Хоць адказ быў яму без патрэбы. Ён і так ужо ведаў, што адбылося. Глядзеў у бабчыны сінія вочы, якія згасалі так хутка, нібы нехта высмоктваў зь іх сьвятло, і бачыў усё, як на экране. Бачыў, што спаткала бабка некага на сваіх сьцежках. Каго? А знаёмага аднаго. Вясёлага хлопца ў кудзерках, што басанож па зямлі хадзіць любіў. Жыў на сьвеце хлопец, які купіў сабе востраў сярод мора. І хацеў з бабкай старой ажаніцца. Вось жа штука. Вось жа гісторыя. Вось жа замысел бязбожны. На які ня кожны наважыцца, а ён — узяў ды зрабіў.
“Таня! Выкліч хуткую”, — крыкнуў доктар гідліва. Яго ажно перасмыкнула ад таго, што зараз пачнецца. Прыедуць, будуць хадзіць, запісваць, пытацца, дададуць у сьпісы, унясуць у базы. Сьмерць распачне сваю бюракратыю. Няма нічога больш пакутлівага і ганебнага, чым бюракратыя сьмерці.
Хуткая прыехала празь дзесяць хвілін.
“Хто яна вам?”
“Маці”.
Два лысыя, татуіраваныя, падобныя, як браты, мэдыкі схіліліся над бабкай. Доктар чакаў у калідоры. Паспрабаваў удаць твар забітага горам. Зараз выйдуць, скажуць, што позна: трэба вылаяцца, вылаяцца і заплакаць, выціснуць зь сябе хаця б пару сьлязінаў. А потым падпісваць, падпісваць, падпісваць, замаўляць, плаціць, прымаць спачуваньні...