Ён скрывіўся. Мэдыкі прайшлі міма, весела перамаўляючыся.
“Як яна?”
“Сьпіць, — сказаў адзін, спыніўшыся і высмаркаўшыся. — Старая ў вас маці. Вельмі старая. Але пажыве яшчэ”.
“Дзякуй! — прашаптаў ён, паціснуўшы лысаму руку. — Дзякуй!”
“Такому старому чалавеку ня трэба спаць у пакоі без акна, — строга сказаў другі лысы. — Ні ў якім разе”.
І яны зьехалі. Доктар зазірнуў у пакой, падышоў да ложка. Сьпіць. Чортава бабка. Чортава-чортава-чортава бабка, якая сустрэлася толькі што зь ягоным самым страшным сном. Якую толькі што лапаў у невядомых лясах сам Крывічанін. Лапаў, перадаючы яму прывітаньне са сваёй Шамбалы. Доктар адпусьціў ахоўніка, сказаў Тані, што заўтра ў яе выходны, і зачыніў дзьверы. Зрабіў агляд дому — падаецца, усё на замку. Яму раптам падумалася, што запас сьлівовіцы скончыўся — няўжо давядзецца наноў усё адчыняць, ісьці ў гараж, ехаць у горад? Але не, апошняя бутэлька была на месцы. Ён наліў сабе, сеў за кампутар і адмяніў усе візыты ажно да нядзелі. Бабка была жывая. Бабку трэба было паберагчы. Бабка магла яшчэ. Магла. Старая Магла, з націскам на першы склад. Крывая Магла, вечна жывая Магла, Магла вечначорная зь вечнасінімі вачыма... Магічная шаманка...
Брэ-э-эд...
Выпіўшы ўсё да апошняй кроплі, ён зайшоў да яе і лёг побач.
“Ты жывая, бабка? Га, бабка? Не мані мне, я цябе ўратаваць хацеў, я табе толькі дабра зычыў, каб ты старасьць дастойную мела. Не дуры мяне, бабка. Жывая... Жывая ты, я ж чую, як тваё сэрца б’ецца. У старых яно ня так б’ецца, як у нас, у старых яно як званы ў царкве, гулкае... Што ты сваім сэрцам усё грукочаш, бабка? Каго ты клічаш? А? Крывічаніна клічаш?.. А хера яму, хера, не аддам я цябе, ты яшчэ жывая, ты людзям патрэбная — і мне, і мне...”
І тады бабка ўзьняла руку і за паветра сутаргава схапілася, нібы падцягнуцца на ім хацела.
Не было ў тым пакоі, дзе яны ляжалі, ніводнага акна, ні шчыліны, ні прарэху — і ўсё ж бачылі яны ў гэты момант, у паўзмроку лежачы, на сьцяне сьветлы прастакутнік, туманам знутры ахутаны, а ў тым прастакутніку, у самай глыбіні, паляваў на іх ды пераліваўся, пляваўся зьмяіным бляскам ды пілаваў іх позіркам знаёмы твар. І прыкрыць яго ў гэтым душным пакоі можна было хіба што ўласнымі вейкамі — але і туды прасочваўся, запаўзаў навязьлівы вобраз, і пальцы самі лезьлі ў вочы, разьдзіралі іх, каб ня бачыць таго, што няўхільна і насьмешліва красавалася перад імі.
“Скажы мне, бабка, прызнайся: спала ты з Крывічанінам? Спала? Дала яму, Максіму нашаму? Распусная бабка, дурная старая, адказвай: зрабіла грэх з маладым? А ён гэтага хоча, толькі гэтага і хоча, каб сілу тваю забраць, ён сам казаў, што цябе возьме і вытрасе на прасьціну, як сумачку вытрасе, як куфэрак — і сам бабкай зробіцца. Не давай яму, бабка, не давай, інакш нам усім канец! Калі тваю сілу Крывічанін займее, вось тады зразумееш, бабка, што такое страшны сон!”
Румзаў п’яны доктар Філіп, курчыўся на ложку побач з бабкай — дый ня доктар ужо, а проста таўстун, які некалі паверыў, што зможа цэлы востраў у руках трымаць, за парадкам глядзець. Паверыў, што будзе яму шчасьце за верную службу. Ужо і не міністар, не бандзюган і ня пан крыўскі ашалела торгаўся ў бабкі ў нагах, то адпіхваючы іх, то хапаючы за худыя калені ды цалуючы праз тонкую тканіну.
“Думаеш, чаму на востраве нас так мала? Бо беглі зь яго людзі, уцякалі, на лодках, на плытах, за любую магчымасьць чапляліся, каб толькі ўцячы як мага далей ад нашай Крыўі. Кожнага, каго мы лавілі, Крывічанін абдымаў ды ў дом да сябе клікаў, пагаварыць па душах, а дзе яны ўсе, тыя душы? А няма, і ніхто ня ведае, куды падзеліся. Думаеш, нехта пытаўся ў яго? Страшна, бабка, было пытацца. Так і засталіся ў Крывічаніна толькі мы... Самыя верныя крывічы!”
Засьмяяўся таўстун празь сьлёзы, але тут скрыпнула нешта ў нетрах дому, нібы падладжваючыся да ягонага плачу — і таўстун ускочыў, кінуўся дзьверы зачыняць, і ніяк ня мог, бо яны ўжо і так зачыненыя былі, мучыўся ён з замком, мучыўся, ды кінуў нарэшце ды зваліўся зьнясілены на ложак.
“Самыя верныя ды самыя баязьлівыя, бабка. Толькі мы Крывічаніна паслухалі, калі народ на востраве жыўцом гніць пачаў. Патлумачыў нам Крывічанін, што гэта перацярпець трэба — першая стадыя перараджэньня: ня толькі душа зьмяняецца ў тых, хто Крыўю сваю знайшоў, але і цела! А як жа інакш? Слухаліся мы Крывічаніна, усё рабілі, як ён скажа, хоць ужо тады ясна было, што забойца ён, забойца... І тое, што дзеўка гэтая, Касія, расказвала, усё праўда: на востраў гэты гаўно рознае звозілі, адкіды, хімію ды іншую дрэнь, каб у сябе экалёгію не псаваць. Таму і змог наш Максімка востраў затанна купіць — бо каму ён яшчэ патрэбны, бабка? Востраў сьмяротнага гаўна!”