Спачатку адмаўлялася бабка людзей лячыць — легла да сьцяны тварам ды на ўсе доктаравы просьбы не рэагуе. За сьцяной госьці сок апяльсінавы п’юць, абстаноўку разглядваюць ды хвалявацца пачынаюць — чаму іх да шаманкі не вядуць, раз грошы заплачаныя. А бабка ў сьцяну ўперылася — і не міргае. Адкрыла яна для сябе сакрэт усіх сьценаў андартальскага лесу: калі доўга на нейкую сьцяну глядзець, дык можна на ёй усё, што хочаш, пабачыць. Вось жа і навучылася бабка: то кот ейны на сьцяне зьявіцца, Гофман, ходзіць па шпалерах белых, пыску мые, яйцы сабе вылізвае, лапкі грызе. На бабку пазірае: калі ты ўжо, старая дурніца, дамоў вернешся? Так ужо табе добра ў тых немцаў? Не абрыдла яшчэ па астравах ды чужых хатах швэндацца? Эх, бабка, у тваім веку... У тваім веку ў труне сасновай трэба ляжаць, зямлёй захінуўшыся — ці хаця б ката карміць. А ты?
За катом іншая сэрыя пачыналася. Бачыла бабка сыночкаў сваіх, Антона ды Мішку — як яны да яе прыяжджаюць ды рэчы яе зьбіраюць: пара ўжо, бабка, вяртацца. Бачыш, мы па цябе прыехалі. Машына гатовая, паедзем у Мінск. У цырк цябе зводзім, і ў музэй вайны ацечэсьцьвеннай. А за Мішкам ды Антонам ужо і Джон з Мэры пад ручку ідуць — і сьмяюцца, шчасьлівыя. Відаць, панесла Мэры ад Джона, што б тая Элізабэта гнюсная ні падстройвала.
“Бабка! — хрыпеў доктар. — Бабка! Падымайся, людзі чакаюць! Не падымешся — карміць ня буду! Пабачыш!”
І праўда, перастаў таўстунок ейны, збавіцель дарагі, бабку карміць. І заходзіць перастаў. Невядома, ці яна так у свой лес неандартальскі хадзіць звыклася, ці ў фільмах бабцы падказалі, толькі праз два дні паднялася бабка ды Філіпу пакарылася: аднаго палячыла, другога, а там і трэці прыехаў. Атрымала тады бабка і ежы ўдосталь, і гэтую вось карціну — з акном ды логам...
Надышло ў Эркраце сапраўднае лета. І хоць кожны дзень сонца над Нэандэрталем сьвяціла, і птушкі пяялі, не было настрою ў андартальскіх людзей. Жылі яны так, быццам вось-вось павісьне над імі цёмная хмара ды пачне апускацца, засмоктваючы ў сябе ўсё жывое, што ў сьвеце засталося. Таму сьпяшаліся людзі жыць, у сто разоў больш і далей лёталі, у сто разоў больш грошай трацілі, у сто разоў шукалі мацнейшых радасьцяў ды асалодаў, і ў сто разоў больш верылі, што толькі магія і красата іх уратаваць ад той хмары змогуць. Усё новыя і новыя экстрасэнсы адчынялі свае цэрквы, да клінік падобныя, і клінікі, што выглядалі знутры, як храмы. Усё больш рабілася на вуліцах салёнаў прыгажосьці ды крамаў вечнай маладосьці, усё больш сайтаў зьяўлялася, дзе расказвалі, як у дзяўчат ды юнакоў ператварыцца, усё больш людзі пра любошчы і ліпасакцыі думалі, і ўсё менш давяралі розным сумніўцам ды прайдзісьветам. І ўсё расла ды расла слава белай вілы ў Эркраце. Не сярод усіх, каго папала, вядома, а сярод людзей знаюшчых, вопытных, хто пра здароўе сваё думае, а ня кніжкі цёмныя чытае ды ў магію і красату ня верыць. Усё больш і больш верыў андартальскі чалавек, што старыя могуць яго амаладзіць ды сілу даць — такую, каб як найдаўжэй у андартальскім лесе ўтрымацца.
На доктара Філіпа Майно лета таксама падзейнічала — аднойчы падняўся ён з ложка раніцай і вырашыў, што ўсе ягоныя бядоты мінулі. Пасьнедаў з апэтытам і спусьціўся ўніз, праверыў, ці ўсе на месцы. Пагаварыў з Баляславам сваім верным, што варта яму напарніка знайсьці — адзін ахоўнік добра, а чацьвёра плячэй шырокіх нікому не зашкодзяць, асабліва на белай віле. Потым за дзьверы, да Тані сваёй харошанькай — запытаўся, колькі візытаў на сёньня. Прыкінуў у галаве, падлічыў — калі бабка ў гуморы, добрая сума выйдзе. Прыбраў у сваім кабінэце, стараючыся пра бутэльку ня думаць — можа, хіба ўвечары сабе кропельку дазволіць. Адпусьціла Філіпа нарэшце, быццам скончыўся страшны сон. Так у той дзень летні пагодны яму на душы лёгка зрабілася, што хоць ты патанцуй.
Зайшоў да бабкі, нахмурыўся для прыліку. Паглядзела на яго бабка ды да сьцяны адвярнулася.
“Адварочвайся, адварочвайся, — весела сказаў Філіп. — Галоўнае, работу рабі, людзей лячы, а што ты там пра мяне думаеш, бабка, справа твая...”
Выйшаў на тэрасу, выкурыў люльку — смачная была люлька на сьвежым паветры. А тут ужо і першы пацыент пад’ехаў — адкуль? А няйнакш з Расеі. Багаты дзядзька. Шмат награшыў у жыцьці, а цяпер прыперла. Ну давай, плаці — бабка і не такіх здаровенькімі адпускала.