У нас, славянаў, бабка, кроў асаблівая. Ёсьць тэст адмысловы: нашая кроў чырвонай застаецца, а ў жыдоў, арабаў, турак, армян, індусаў, іранцаў — у чужародцаў кроў бляднее, сіне-зялёнай робіцца. Як у малюскаў, васьміногаў і каракаціц. Тых, каго на востраў наш сьвяты мора выносіць...”
Хутка ў яе жаніха настрой мяняўся — як у тэлевізара. Толькі што бегаў ад сьцяны да сьцяны, а цяпер ляжаў на пузе, сьмяяўся — ды прыгадваў уголас, забыўшы пра сваю нявесту.
“Некалі я верыў у кроў. Мы з хлопцамі-крывічамі ў Менску такія экспэрымэнты ставілі... Хімія і ніякай магіі. Аднапрацэнтны сьпіртавы раствор мэтыленавай лязуркі; сьпіртавая рошчына крэзылвіялету; паўтарапрацэнтная рошчына нітрату срэбра; саракапрацэнтная саляная кіслата ды яшчэ аднапрацэнтны раствор пэрманганату калію. Хочаш у крывічы? Дакажы, што варты... Што твая кроў чырвоная. Расеец Манойлаў гэтую формулу вывеў. Бралі кроў — сваю, чужую — ды на аналіз. Я ведаў, што не змагу глядзець, а каб не глядзець, найлепшы спосаб — камандаваць. Так я зрабіўся галоўным. Бо не глядзеў. Ніколі не глядзеў, што на мой загад робяць... Там я з Храністам нашым і пазнаёміўся. О, бабка, што ён пісаў тады. Хочаш, пачытаю? Усё тут, усё засталося, толькі вось Кранікёра няма больш... Скончыўся. Дапісаўся. Касмоляг наш...”
Спахмурнеў яе жаніх, але адкінуў змрочныя думкі:
“Ну, няма і няма, і няма чаго пра яго гаварыць. Галоўнае — што ад яго засталося!”
Ён уключыў ноўтбук, уладкаваўся побач з бабкай і, захлынаючыся ад захапленьня, пачаў чытаць:
“Навіны касмалёгіі. Гэта рубрыка такая... Формула крыві... А гэта назва... Бла-бла-бла... Гэта не цікава. Вось. Вось тут. “У СССР гэтую інфармацыю засакрэцілі, бо ва ўладзе былі чужародцы: жыды і каўказцы. Пад іх уплывам і пачалося перараджэньне”.
Ясна, што гэтае іхнае хрысьцінства даўно ўжо ў дупе... Але чытаем далей.
“...Кажуць, усе людзі паходзяць ад Адама. Але калі ў славянаў і ў мурынаў адзін продак, то чаму ж мы ўсе такія розныя? На першы погляд, у людзей чатыры групы крыві, рэзус-фактар і ўсё такое. Афіцыйная навука тлумачыла гэтую розніцу ўмовамі пражываньня, клімату... Напрыклад, нэгры. Яны чорныя таму, што жывуць у тропіках. Аднак колькі б тысяч гадоў белыя ні жылі ў Афрыцы і Азіі, яны чамусьці не зрабіліся ні чорнымі, як нэгры, ні вузкавокімі, як мангалёіды. У Паўночна-Ледавітым акіяне “British Petroleum” і “Газпром” знайшлі парэшткі трапічных расьлін і жывёлаў. Даказана, што яшчэ да глябальнай катастрофы полюсы памяняліся месцамі, трапічны клімат на працягу мільёнаў гадоў быў ня ў Афрыцы, а ў нас на Поўначы. Значыць, нэгры маюць такі выгляд зусім не таму, што яны жывуць у тропіках. Застаецца зьдзіўляцца, наколькі чужародныя рэлігіі (Індуізм, Хрысціянства і інш.) Белых людзей замбавалі, прымусіўшы іх паверыць у тое, што нібыта ўсё чалавецтва адбылося ад аднаго юдэйскага Адама. Чытаючы іх Біблію, мы нават ніколі не зьвярталі ўвагі на тое, што іх Адам ня быў народжаны, а быў створаны з праху, створаны штучна. Ева была зробленая з рабрыны, то бок — кланаваная. Адам і Ева былі адны, а значыць іх дзеці распладзіліся праз інцэст, як зьмеі. Таму кроў чужародцаў пры тэставаньні робіцца сіне-зялёнага колеру, што пацьвярджае іх біблейскае г. зн. штучнае паходжаньне. Атрымліваецца, што гэтыя нашчадкі Адама, як навучае іхная Біблія, чалавекападобныя, але яны ня людзі.
Адкуль жа зьявіліся чужародцы?
Міты не ўзьнікаюць на пустым месцы. За кожным мітам хаваецца нейкая рэальнасьць. Так, кітайскія міты кажуць, што кітайцы паходзяць ад нябеснага зьмея, лаціняне вядуць сваё паходжаньне ад чароўнага сабакі, жыды і арабы ад створанага Госпадам Адама. Высновы навукоўцаў: Цалкам відавочна, што розныя “расы” паходзяць ад розных пачаткаў, а не ад аднаго іх Адама, як палохалі нас хрысьціяне. І мы не самотныя ў сусьвеце. Існуе маса навуковых сьведчаньняў, прадстаўленых у фільме Everard Jurquet “Сакрэтны Космас”, аб генэтычнай сувязі чужародцаў з прышэльцамі пазазямных цывілізацый рэптылёідаў, якіх старажытныя людзі прынялі за багоў. Проста на гэтай зямлі чужародцы расы c4e34f95-150x150 апрануліся ў зразумелую нам матэрыяльную абалонку. На старажытных фрэсках адлюстравана, як прыхадні праводзяць генэтычнае скрыжаваньне ДНК малпаў, сабакаў з ДНК рэптылёідаў, каб вывесьці чалавекападобных істот і празь іх асыміляваць людзей. У няўдалых скрыжаваньнях атрымліваліся сьнежныя людзі, голэмы, русалкі і кінакефалы.
Вось так, бабка. І людзі чыталі гэта! Тысячы чыталі, дзясяткі тысяч. Чыталі і верылі! Усе чыталі — а я ўжо тады думаў пра Крыўю... ”
Спала старая Бянігна. Спала пасярод мёртвага старога гораду, побач з жаніхом сваім, які глядзеў у ноч так, быццам хацеў у ёй дзірку прагледзець.