Выбрать главу

Дзірку памерам з востраў.

14.

Уцекачы зьявіліся з поўдня. Аблезлы баркас, што зь цяжкасьцю перапаўзаў з хвалі на хвалю, раптам перастаў тарахцець, замёр на ўваходзе ў бухту — і, заваліўшыся на левы бок, паплыў у бок вострава.

Максім Крывічанін заўважыў людзей занадта позна. Баркас кінуў якар зусім блізка — а можа, сеў на мель — і ягоныя пасажыры, па калена ў вадзе, доўгай чарадою рушылі да берага. Іх было шмат — і гаспадар вострава не разумеў, як яны ўсе маглі зьмясьціцца на гэтым кавалку жалеза, які прасядаў у вадзе ледзьве не да палубы. Баркас мусіў пайсьці на дно адразу ж пасьля іхнага адпраўленьня — і ўсё ж дабраўся сюды, нібы яго падтрымлівалі пад вадой нябачныя рукі нейкіх марскіх бостваў. Ягоны шлях ляжаў далей, на кантынэнт, але сілы гэтых людзей сканчаліся. Таму яны вырашылі зрабіць перадышку. А можа, і праўда, палічылі гэтую нікому не патрэбную сушу Эўропай.

Адкуль яны прыплылі? Максім Крывічанін не хацеў гэтага ведаць. Месца, адкуль яны ўцякалі, было адной з тых сьпякотных краін, дзе ў людзей замест крыві сіне-зялёная рошчына. Як у васьміногаў, каракаціц, малюскаў. Крывічаніну было ўсё роўна, хто яны, адкуль і чаго хочуць. Чужакі мусілі пакінуць Крыўю. Пагатоў, яны зрывалі яму вясельле.

Зноў зрывалі іхнае вясельле.

Колькі іх было? Мо паўсотні. Некалі ў яго таксама было паўсотні, ды яшчэ паўсотні. Але іх няма. І куды падзеліся, Максім Крывічанін думаць не хацеў. Іх няма. Дык нашто пра іх думаць?

Толькі ён, ды бабка, ды Алеся. Крыўская сям’я. Апошняя крыўская сям’я.

Ён з пагардай глядзеў у бінокль, як чужакі раскладваюць на беразе пажыткі, як зьбіраюць і зноў раскладваюць, ужо далей ад вады, заваёўваючы крок за крокам гэтую нечаканую зямлю. Бачыў, як адны падаюць у зьнямозе, іншыя кідаюцца да дзяцей, трэція азіраюцца, шукаючы абароны ад сонца. А сонца ўставала, падымалася ўсё вышэй, Ярыла сьмяяўся, Ярыла даваў цеплыню кожнаму, незалежна ад веры ў яго, і не сачыў за тым, колькі яны гатовы ўзяць. Людзі замітусіліся. Над лягерам уцекачоў вырасьлі самаробныя парасоны ды павеці — большасьць хавалася пад імі, перадавала з рук у рукі плястыкавыя каністры з вадой, але некаторыя мужчыны адыходзілі ад лягеру ўсё далей і далей. І з кожным крокам пачуваліся ўсё больш упэўнена.

Ён сачыў за імі да абеду.

А па абедзе выйшаў на ганак і пабачыў на ўзгорку пяць ці шэсьць цёмных постацяў.

Яны ішлі да ягонага дому, бо іх прывяла сюды старая дарога. Хутчэй за ўсё, з-за скалаў яны не маглі пабачыць пасёлак, і таму ішлі сюды, усё далей, за сьлядамі аўтамабільных шынаў.

Постаці набліжаліся. Максім Крывічанін узяў бінокль і разгледзеў іх. Цёмныя, бліскучыя твары, сьціснутыя кулакі, босыя ногі. Як у яго. Востраў пад іхнымі нагамі дрыжэў. І дрыжэла паветра, якое прагна ўцягвалі іхныя звычныя да сьпякоты шырокія насы.

Ён выйшаў ім насустрач. Яны ня мелі права тут знаходзіцца, гэта была яго прыватная тэрыторыя. Востраў належаў яму паводле закону. Тая дзяржава, што прадала яму востраў, абараняла прыватную ўласнасьць. Яна ні разу не паслала сюды паліцыю. Але закон быў далёка. А тут былі ён — і гэты статак.

Племя, успомніў ён. Так іх і трэба называць. Племя. У яго таксама было сваё племя — і вось яны сустрэліся. Што ім трэба? Канечне, найперш пажэрці. Іншыя патрэбы прыйдуць пасьля. Можа быць, заўтра.

Пяцёра мужчын падняліся да ягонага дому і нарэшце заўважылі яго — не старога яшчэ чалавека ў чорным, зь віхрастай галавой, бяз зброі і з усьмешкай на твары. Такім белым твары. Твары таго, хто жыве за морам.

Мужчыны спыніліся мэтраў за пяць ад Крывічаніна і нерашуча загаварылі паміж сабой. Максім Крывічанін, схіліўшы галаву, чакаў.

Потым яны зьвярнуліся да яго. Быццам апраў­два­ючыся, але Максім Крывічанін ведаў цану ап­раўданьням.

Спачатку гаварыў адзін — і паказваў рукой у бок мора. І вось ужо яны гаварылі ўсе разам — усё больш голасна.

Ён кіўнуў. Ім гэта спадабалася, але насьцярожанасьць не зьнікала з быццам алеем намазаных твараў. Сьлізкія людзі, што выйшлі з мора. Ён жэстам запрасіў іх пайсьці зь ім, правёў да каморы з прыпасамі, адчыніў дзьверы. Яны стаялі, не набліжаючыся, і глядзелі, як ён выгружае, крэкаючы, і ставіць перад імі бляшанкі з кансэрваваным мясам, рыс, муку. І нават згушчанае малако — адтуль. Яны загаварылі зноў — узбуджана і пакрыўджана, і замахалі рукамі.

“Вада, — усьміхнуўся Крывічанін. — Вядома, вада”.

Ён адкрыў кран і падкаціў плястыкавую бочку. Вада лілася доўга, бясконца доўга. Мужчыны з племені разглядвалі прыпасы. Адзін падышоў да машыны і прыхіліўся да капота. Ён амаль сеў на яго, засранец. Сеў сваёй задніцай, пад якой яшчэ раніцай было сто мэтраў вады, у якой ён мог скончыць сваё ўбогае жыцьцё. А цяпер ён сядзіць на капоце ягонай машыны.