5.
А што, калі Нільс Хольгерсан не разьбіўся? Я чытаў некалі, што адна югаслаўская стуардэса ўпала з вышыні дзесяць тысяч мэтраў і засталася жывая. Зь Нільсам таксама адбыўся цуд. Ня першы ў ягоным жыцьці, але, відаць, апошні. Нільс трапіў на брызэнтавы навес, нацягнуты над нейкай вясковай крамай, брызэнт быў вайсковы, натаўскі, гаспадар купіў яго затанна ў аднаго штабіста. Цела Нільсава ляпнулася на яго, падскочыла і зноў ляпнулася, але ўжо зусім лёгка — не забудзем, што ягоная вага зрабілася такой, як раней, толькі перад самым прызямленьнем. Ён нічога не адчуваў, ён быў у шоку, гэты палёт у бездань выключыў ягоную сьвядомасьць, паставіў на паўзу — ягонае цела перавярнулася і пакацілася па схіле ўніз.
Ён адплюшчыў вочы ў поўнай цемры. Спачатку яму падалося, што ён проста прачнуўся дома, у куратніку — і Нільс спахапіўся, паспрабаваў падняцца, бо спужаўся, што калі бацька знойдзе яго тут, то западозрыць няладнае. Ён ужо даўно на яго скоса глядзеў, ягоны агромністы, русы, страшны, як рускі, бацька. У прысутнасьці бацькі Нільс ніколі не глядзеў на сваю гусачку, бо яму здавалася, што бацьку адразу зробіцца ясна, усё зробіцца ясна пра ягоную неўзаемную і ганебную любоў.
Цела Нільсава было такое балючае, што яму захацелася памерці. Ён застагнаў, па-даросламу, па-бальнічнаму, і ў цемры раптам адчынілася сьветлая пройма. Месяц зірнуў на яго і прамовіў жаночым голасам:
“Жывы, курва. Жывы, халера ясна. Матка Боска, што ж ты палез на той брызэнт?”
Месяц рабіўся ўсё бліжэйшы і бліжэйшы. І вось ён ужо сьлепіць вочы. Нільс хоча прыкрыць іх, падымае руку да твару — у руцэ заціснута нешта, і ён ня можа расчапіць пальцы. І тады ён дастае гэта зубамі, выцягвае, як бацька выцягваў папяросу з пачка.
Гэта пяро. Шэрае пяро. У зубах у Нільса тырчыць пяро, і ён адчувае ў роце смак сырой курыцы. Падаецца, яно жывое і зараз скажа знаёмым голасам:
“Не змагу? Не змагу-у-у... Хехе! Ды яшчэ як змагу! Ляцім! Я даўно марыў кінуць гэтае быдла і зьехаць у эміграцыю!”
Эмігра-а-ацыю. Так ён казаў, ягоны дзікі гусак, што некалі апынуўся сярод рабоў, ягоны баявы боінг, ягоны нязломны баец, мужны ваяр супраць прыроды і законаў аэрадынамікі. Нільс плача, не расьціскаючы пальцаў, і вольнай рукой дастае пяро з рота. Ён пасьпявае схаваць яго пад пахай, калі дужыя рукі, што пахнуць півам і бульбай, падымаюць яго і прыціскаюць да сябе.
“Кто ты естэсь?”
6.
Думаючы пра Нільса Хольгерсана, я ехаў у аўтобусе ў Нацыянальны аэрапорт да Мамы і разглядваў пасажыраў. Зь Нільсам усё абышлося, а вось ці абыдзецца зь імі? Некаторыя зь іх, мабыць, палятуць разам з маёй Мамай — і што б я ні рабіў, у галаве маёй мільгалі розныя жудасныя, але вельмі выразныя карцінкі: лес пад Смалявічамі, раскіданыя па сьветлых, выгаралых ад сонца ялінах рэчы, агонь разыходзіцца ўсё далей і далей. Сто пяцьдзясят трупаў, ня выжыў ніхто, і голас па тэлевізары скажа, што на целе радзімы зьявілася яшчэ паўтары сотні шнараў.
Жукаў Луг, Каралёў Стан. Паэзія Менскага раёну.
Я ведаю той лес каля лётнішча. Скрозь ельнік бялеюць целы самалётаў, узьлётная паласа дакранаецца да ўзьлеску бэтоннай сьцяной, калючыя сухія кветкі дрыжаць на ветры, кожны кусьцік — таксама лётнішча, адкуль штохвіліны ўздымаюцца ў паветра грузныя чмялі. І калі ў аэрапорт ехаць цягніком, то чыгунка праходзіць акурат праз гэты лес, рэдкаваты, але поўны колераў, быццам лета тут зладзіла сваю лябараторыю. На лясных паваротах цягнік запавольвае хаду — і хочацца выскачыць, пругка ступіць на ігліцу, пагуляць у партызанаў. Хоць гэты лес каля лётнішча найпрыгажэйшы ўвосень. Я ўжо езьдзіў неяк сустракаць Маму з Гішпаніі. На ўзьлеску я нарваў ёй красак. Хоць я нешта блытаю, якія краскі. Краскі былі, калі яна была ў Атэнах.
Аўтобус падымаецца да самага тэрміналу, у дзьвярах захрасаюць чамаданы, я дапамагаю, нахіляючыся зусім блізка да нечых валасатых рук: а з рук глядзіць гадзіньнік, у яго твар маёй Мамы.
Спазьняюся.
У тэрмінале холадна і гулка, як у басэйне.
“Где ты ходишь? — яна бяжыць мне насустрач. — Прывітаньне! О Господи, ты чуть ходишь, круги под глазами, тощий весь как не знаю кто. Отвезешь это — и спать. И вот номер, позвони и договорись, только сегодня, обещай, там ждут!”
“Мама! — я з жахам паглядзеў на тое, што ў яе ў руках. — Мам, ты же знаешь, что я... Вот черт, ну ты ж могла более что-то...”