Выбрать главу

“Добры дзень, я ад Аксаны Іванаўны, — пачаў я напаўголасу. — Яна прасіла вам пакет перадаць”.

“Рига, — строга сказаў голас. — Знаете, где это?”

“У Латвіі”, — адказаў я, гартаючы альбом Міхася Савіцкага.

“Это на Сурганова, универсам, — сувора абарваў мяне голас. — Там и встретимся. Возле входа. Через полчаса. Я позвоню”.

І гудкі.

Я не люблю, калі са мной так гавораць. Ні здрась­це, ні дасьвіданьня. Што я, вартаўнік пакету свайму? Ён што, і з Мамай так размаўляе? Я адчуў нясьцерпнае жаданьне неяк адпомсьціць. Ці хаця б прымусіць яго пачакаць. Ці... Ці кінуць пакет каля ног, хай сам нахіляецца і падымае. Ці нао­гул нікуды ня ехаць. Але Мама. Маму нельга засму­чаць. Мама прасіла.

Я выйшаў зь “Ведаў” і адразу ж кінуўся ўніз, у мэтро. Сьпякотны горад нават за локаць уха­піць не пасьпеў сваімі вогненнымі рукамі. Мэтро су­стрэ­ла пахам падзямельляў, сутарэньняў, суцінскімі колерамі... Спакой. Сьпёка засталася над галавой, сьпёка сюды не даставала, там, наверсе, лета танчыла свае вальсы і маршы... Я купіў жэтончык, падняў пакет, рушыў наперад...

“Молодой человек! — сіні мужычок бег да мяне, загараджваючы праход. — Пройдемте, пажалуста, на досмотр”.

Гэтыя сінія мужчыны — відаць, самая ненаві­дзімая частка чалавецтва ў горадзе. Прынамсі, мною. Яны такія ветлівыя, што хочацца даць ім падсрачніка. Іхная ветлівасьць — ветлівасьць жаў­лакоў, што ходзяць у іх пад скуламі, калі яны кажуць сваё: “Пажалуста, спасіба, шчасьлівага пуці”. Трэба, было, відаць, пакарыцца, уздыхнуць, пагардліва сьцяць вусны — і паставіць свой злашчасны пакет на гэтую стужку. Хай прасьвеціць, дзеяч народнага прасьвяшчэнія. Але нешта раптам пстрыкнула ў маёй галаве.

“А чым я вас так зацікавіў?”

Бяз сэнсу гэта ўсё. Калі пачынаеш зь імі гаварыць, яны з гэтай іхнай бездакорнай жаўлаковай ветлівасьцю пасылаюць у офіс сваёй канторы — маўляў, маеце прэтэнзіі, абрашчайцесь туда ў устаноўленым парадке. Усё марна. Але я спыніўся, прыціснуў пакет да грудзей і сказаў:

“Я говорю, чем я вас так заинтересовал?”

Ён дабрадушна ўсьміхнуўся. Таксама — дабрадушнасьць эсэсаўца. Жорсткая такая, уладная дабрадушнасьць.

“У каждого своя работа”.

Arbeit macht frei.

“Пройдемте на досмотр”.

“Я что, такой... Падазрыцельны?”

“Молодой человек! Пройдемте на досмотр!”

“Не пойду!”

“Ну так пешком ходить надо. Или на такси ездить, — зьдзекаваўся ён, весела разглядваючы маю футболку. — А метро прохладно. В такую жару в метро зайти как в бассейне искупаться. Пройдемте”.

“Не пойду, — я адышоў ад яго на крок. Сам ня ведаю, навошта я гэта ўсё распачаў. — Патлумачце, калі ласка, прычыны вашай увагі”.

“Што? — ён усьміхнуўся яшчэ шырэй. — Ничего тлумачыць не обязан. В случае отказа от досмотра имею право не пустить вас в метро. И все тут. Если есть претензии, абрашчайцесь на...”

Я павярнуўся і пайшоў назад, да дзьвярэй. Чамусьці мне важна было паказаць яму, што ён не прымусіць мяне прайсьці гэты ягоны прагляд. Цікава, што яны робяць у такіх выпадках? Асаблівыя прыкметы запамінаюць?

І тут празь дзьверы ламануўся да турнікета нейкі бамбіза з заплечнікам такім агромністым, што ў ім мы з маім дурацкім пакетам маглі б зьмя­сьціцца ды яшчэ каго-небудзь узяць з сабой. Эсэсавец кінуўся да яго. Праход быў адкрыты. Ня ведаю, пабачыў ён ці не, але я падбег і кінуў жэтон, і апынуўся ў маім родным мэтро, у якім, памятаю, мы каталіся зь цёткай у дзень адкрыцьця новай лініі, калі я быў зусім малы, і патрацілі кучу бліскучых навюткіх медзякоў. Па той бок сіні ахоўнік быў ужо ня страшны. Я спусьціўся па прыступках і зьліўся з натоўпам. Абпаленыя летам людзі сьвяцілі смочкамі. Лета даз­валяе. Лета выстаў­ляе нас напаказ: валасатымі і з кепска паголенымі нагамі, смачкастымі смаркачамі, нясмачнымі, спацелымі, анатамічнымі да матузкоў.

“Нэкст стэйшан плошча Перамогі”, — сказаў маладзён з голасам работніка капіравальнага цэнтру, я бухнуўся на вольнае месца і паклаў на калені пакет. Пакет быў яшчэ цёплы. Быццам у ім абед ляжаў. Абед невядома для каго.

10.

А і праўда — што ў ім, у гэтым пакеце? Едучы на Акадэмію Навук, я перабіраў розныя варыянты. І чым больш людзей набівалася ў вагон, тым больш фантастычныя рэчы прыходзілі мне ў галаву.

Мая Мама займалася продажамі. Што гэта значыць, заўжды было для мяне таямніцай. Але лягічна, цалкам лягічна было меркаваць, што і зьмесь­ціва пакета неяк зьвязанае з гэтымі самымі продажамі. Магчыма, яна прадавала касмэтыку, трэслася ў маёй галаве, касмэтыку, якісьці максфактар, ці чым там яны цяпер фарбуюцца, мама-­мэнэджэр, што ж такога? А ў Галі, напрымер, мама-мэнэ-бэнэ-джэр. Цэлы пакет касмэтыкі, за які заплачана. Кліентка чакае, клейкія ручкі пакета ліпнуць да яе пальцаў, дзякуй, спасіба і дасьві­даньня.