Выбрать главу

На адной з бэрлінскіх вуліц юнак Нільс Хольгерсан пабачыць ровар бяз колаў. Дакладней, колы ў яго будуць, але намаляваныя. Іржавы бязногі ровар будзе вісець на сьцяне, на ланцугу, і там, дзе мусілі б быць колы, проста на цэгле сьцяны будуць намаляваныя два кругі са сьпіцамі. У Бэрліне можна пабачыць што заўгодна, асабліва ў прыдуманай будучыні, гэты дзіўны ровар быў мастацкім творам, а можа, проста помнікам свайму двухколаваму ўлюбёнцу — і ўсё ж Нільс застыў перад гэтай карцінкай, матэрыяльны ровар, намаляваныя колы, іржа і ружовая фарба, здымі зьвера з ланцуга, садзіся яму на загрывак і едзь, каці, каціся, кацігарошак, Käthe Kollwitz з табой, па бэрлінскіх вуліцах, на накрэмзаных у паветры блінах, гнільс-гнільс-гнільс: і вось ты ўжо на Курфюрстэндам.

Напэўна, гэта было ўпершыню, калі ён напісаў верш.

Парадаваўшыся за Нільса і ўявіўшы ніколі ня бачаны мною Бэрлін (цікава, ці бывае там такая саплівая сьпёка?), я перайшоў вуліцу і кінуўся ў склеп сэканд-хэнду. Да сустрэчы заставалася яшчэ паўтары гадзіны. Па прыступках уніз — і вось я ў бясьпецы, тут штучны ветрык і пахне антымольлю, і адзеньне адклейваецца ад скуры, добры склеп, мой фамільны, часта там бываў, час ад часу купляў штосьці, штосьці гэткае.

Стоячы перад люстэркам, я разглядзеў сябе і прыйшоў да высновы, што выглядаю проста жудасна. Жу: чорная футболка з надпісам “404. Belarus not found”, пакамечаная, запраная, расьцягнутая на шыі, нібы ў яе слана прасоўвалі, прасторная, на два памеры большая за мой, такія футболкі былі папулярныя шэсьць гадоў таму ў раёне плошчы Перамогі ў горадзе Мінску. Да: джынсы, якія выпуч­валіся на каленях двума агіднымі шарамі, прыдуманыя яўрэем мэрыканскія штаны турэцкай вытворчасьці, зашмальцаваныя, занадта кароткія, на шрубах. Сна: на босых нагах хлюпанцы, брудныя, разьбітыя ад начных і дзённых блуканьняў, нястрыжаныя пазногці выглядваюць, як галодныя дзеці. Жудасна. Твар загарэлы, нямыты, шчасьлівы, сівая шчэць точыцца каля вачэй, на галаве сумбур замест музыкі, рэдкія ўскудлачаныя валасы. Се чалавек. Сим победиши хаос и мерзость. Сим ён кажа сім-сім-адчыніся гораду М. у самы сьпя­котны дзень ад пачатку часоў “Луч”.

А пінжачок нічога. Ільняны. Купіць такі, накінуць — і адразу з бамжакі ператворышся ў багемнага іншаземца, які ад няма чаго рабіць блукае Менс­кам і мармыча нешта па-свойму, па-іншаземску. Дзьвесьце тысяч, гэта дваццаць рублёў новымі, на рукаве пляма: дзе ты сядзеў, уладальнік пінжачка, у якую салату апусьціў задуменна локаць, у якім горадзе з Магдэбурскім правам? І хто сказаў табе: сыньёр, у вас локаць у талерцы. Грацые, грацые, сыньёра, міо пінжакко э фініто.

Я зайшоў у кабінку, накінуў проста на сваю нотфаўндлэндавую футболку. Мой памер. Трэба браць. Праўда, пляма. Праўда, у плячах завялікі, разношаны бо. Праўда, дзірка на падкладцы. Але ён мой. Уно пінжакко, сыньёра, іль джорно фортунато, ма ля кальдура э тэррыбіле. Так я скажу.

Я выйшаў з кабінкі і падышоў да вялікага люс­тэрка. Хто яго ведае. Браць-ня браць? Здаецца, ён усё ж быў занадта стары і паношаны. І ўсё ж: спакуса.

У люстэрку за сваёй сьпінай я пабачыў фіранку суседняй кабінкі. А пад ёй — жаночыя голыя ногі. Голыя костачкі. Сам ня ведаю чаму вярнуўся да сваёй прымерачнай, але не зайшоў, стаў перад фіранкай, прыхіліў пакет да сьцяны, уздыхнуў, пацёр рукі — і зазірнуў у шчыліну чужой кабінкі. На імгненьне. Не стрымаўся. Сорамна, сорамна. Пабачыў няшмат, станік, плячо, нахіленую да спадніцы галаву. Адхінуць, таргануць, раскрыць, сказаць: можна я на вас пагляджу? Проста пагляджу. Я не пасьпеў разглядзець усяго. Мне трэба ведаць, як вы выглядаеце, калі здымаеце спадніцу. Навошта? Не, вы не падумайце, што я маньяк які-небудзь, я не падглядваў, гэта ўсё шчыліна, яна спакусіла, я не хацеў, а зараз я выйду на сьпёку і ўвесь дзень буду мучыцца, вас дадумваючы. Дазвольце мне проста паглядзець і пайсьці. Што вам, шкада?

Апошняя фраза была б такой брыдкай. Вядома, я гэтага не зраблю. Ніколі так не зраблю. Так і пайду, са словам “панамка” у галаве і з вобразам шчыліны, недагаворанай прыгажосьці, так і дажыву гэты дзень: панамка, пакет, голае плячо невядомай жанчыны.

Цяжка.

“Я вазьму”, — паволі кажу я, кладучы пінжакко на прылавак.

Я буду пахнуць склепам.

Як дурань, буду бадзяцца па горадзе з пакетам і ў ільняным чужым пінжаку, калі горад разьдзяваецца, падстаўляючы сябе сонцу. Сонцапаклоньнікі вяртаюцца з працы, ровары круцяць коламі, сьцёгнамі, шортамі, дупамі, я ўжо занадта стары, каб быць адным зь іх.

Пінжаку не падабалася на мне. І надвор’е яму не падабалася. Нічога, звыкне, зласьліва думаў я, ідучы міма Камароўкі ў бок Праспэкту. Бог цярпеў і пінжакам вялеў. Так я ішоў і разглядваў свае адбіткі ў вітрынах кіёскаў і шкле гандлёвых цэнтраў, у шчытах сацыяльнай рэклямы і акулярах мінакоў. Зусім іншы чалавек ішоў да плошчы Якуба Коласа. Сур’ёзны, салідны, прэдставіцельны. Летні стыль. Лянівы і расслаблены я.