Выбрать главу

“Надеюсь, он его и правда забыл, Кира”.

Жанчына ад расчараваньня ажно задыхнулася. Вочы яе ўжо не ўсьміхаліся, яны палалі, як два скварныя сонцы:

“Как же вы могли забыть? Это же очень важный пакет. Где вы его забыли? У нас нет времени!”

“Ды я яго праз пятнаццаць хвілін прынясу! — залепятаў я, мружачыся ад крыўды на самога сябе. — Дайце мне дваццаць хвілін. Праз паўгадзіны максімум. Я мігам”.

“У нас нет ни полчаса, ни сорока минут, — сказаў мужчына. — Вы должны были принести его сюда. Пакета нет. И вы сами не понимаете, что...”

“Нам надо поговорить, Никос”, — жанчына ўзяла яго за локаць і мякка пацягнула за сабой. Ён падпарадкаваўся — неахвотна, але даў ёй адвесьці сябе да найбліжэйшай лаўкі. Яны пашапталіся і вярнуліся да мяне рашучыя і ўжо зусім не такія ветлівыя:

“Мы сделаем так, — сказаў гэты ніштожны Ні­кас. — Через два часа, нет: меньше чем через два часа вы привезете пакет на станцию метро “Могилевская”. Там его заберет наш человек. На остановке, в сторону выезда из города. Вам все понятно?”

“Да”, — прамармытаў я, зьбіраючыся сыходзіць.

“Пакет должен быть у вас в руках”, — строга сказала жанчына, схапіўшы мяне за руку і зазірнуўшы ў вочы. Ад яе нічым ня пахла. Нават здаровым жаночым потам. Пальцы былі прахалодныя, прыемныя, але нейкія ўладныя, нібы яна ў пальчатках была, гэтая Кіра. Ну і знаёмыя ў маёй мамы. Трэба ёй сказаць пра гэта, калі вернецца. Я пачаў за яе баяцца. Можа, і яна таксама вось так вылоўлівае людзей каля цыркаў і хапае іх за руку. Мая дзіўная мама. Але мая Мама пахне. Пахне жаночай сумачкай. А гэтая Кіра — пахне пустэчай.

Я імкліва рушыў назад, да плошчы Перамогі. Не хацеў, але азірнуўся: гэтая няпростая парачка, Нікас і Кіра, разьбегліся ў розныя бакі, ён у бок парку Горкага, яна ўверх, да Кастрычніцкай. І ці то мне падалося, ці то і праўда на тым месцы, дзе мы стаялі, цяпер таптаўся, азіраючыся, чалавек, які таксама шукаў сустрэчы са мной. Ён круціў галавой, выглядваючы ў руках у мінакоў пакет, пазіраў на гадзіньнік, але пакета не было, не было аніякага пакета, і таму ён не зьвярнуў на мяне ўвагі.

Лухта, падумаў я. Прымроілася. Прымірыцца — і прывезьці ім той — піііп! — пакет, той абсалютна піііп! пакет, які цяпер піііп! ведае дзе трэба было шукаць.

Мае шанцы вярнуць яго былі малыя. І ўсё ж, і ўсё ж. Надзея памірала апошняй — разам з гэтай сьпёкай дурной, якая мяне, маленькага і вінаватага, давяла да канфузу, канец мне, што Мама скажа, куды пашле, калі вернецца. Ці эсэмэскай пашле. Ёй жа раскажуць. Усё раскажуць: ня сын у вас, Аксана Іванаўна, а сып на целе, сыр зь дзіркамі ў яго замест мазгоў.

Сорамна.

Будзеш ведаць, як думаць пра свайго Нільса, дакараў я сябе, панура скачучы па мосьце, ганебна-пасьпешліва, нявыспаны, раб спацелага пакета, што спаскудзіў мне дзень, будзеш ведаць, як набіваць галаву лухтой замест таго, каб за рэчамі сачыць, чужымі рэчамі, не тваімі, за чужымі рэчамі пільным вокам сачыць трэба, а то расфантазіраваўся тут, ні да бока ні да вока, а ўсё чаму, таму што ні на волас не задрамаў, усё скакаў, як малады, хрэн мне ў вочы.

Усё таму, што сваіх рэчаў ня маеш. Таму і звычкі няма да пільнасьці.

Пінжачок сабе прыкупіў. А пакет чужы згубіў.

Швайцарцы ўсё гэтак жа сядзелі пад сваім парасонам, а за іншымі столікамі не было нікога. Я кінуўся да інтурыстаў, схапіў іхны столік, у іхных вачах прачнуўся стомлены жах:

“Пакет, — сказаў я. — Вы ня бачылі мой пакет? Я забыў яго тут”.

Яны заматлялі галовамі. Ды калі б і бачылі: ён стаяў бы каля іх, ён бы ня ўціснуўся ў дзіцячы заплечнічак, які малодшы швайцарац на вольнае крэс­ла кінуў. Я зайшоў у бар, халодны, пусты, грымнуў кулаком па вітрыне:

“Пакет. Я пакет потерял. Забыл у вас. А может, и не забыл”.

Прадавачка задумалася. Неглыбокія вочы памутнелі.

“Вы не помните, я к вам с пакетом зашел или без?”

Или без, или без.

“С пакетом”, — упэўнена сказала яна.

“Или без?”

“Или нет, вы были без пакета”, — прамовіла прадавачка гэтаксама ўпэўнена, як і дагэтуль.

Я махнуў рукой і выйшаў. Пабег у кнігарню. З парогу шапнуў прадаўцу пра пакет, бо ў глыбіні пакоя нехта гучна гаварыў пра нейкую сёньняшнюю прэзэнтацыю.

“Не, вы былі без пакета, — хлопец таксама перайшоў на шэпт. — Гэта дакладна. Я запамінаю такія рэчы. Мне вельмі шкада”.

З кута выйшла чорная котка, падабаюцца мне аксамітныя танцы, падышла, пацерлася аб мае ногі. Нібы суцешыла: ідзі, ты яшчэ пасьпееш, знойдзецца твой пакет, чалавеча. Жывеш ня вечна, але яшчэ ня вечар.

І горад пачаў раскручвацца назад. Двор, праспэкт, плошча, рынак. “Ешчо не вечар, — напяваў я раздражнёна, крочачы па роварнай дарожцы, і адкуль толькі ўзялася пад носам гэтая пясенцыя, — ешчо ня вечар, ешчо адна асталась ноч у нас з табой”. Хто пяе? Хто? Лайма Вайкуле. Пэўне ж, яна.