Выбрать главу

І тут мне стала ясна, што мой тэлефон здох.

14.

Калі ты маеш у галаве мапу, табе ня зьбіцца са шляху. Аблудныя дарогі толькі падаюцца аблуднымі, горад перамог хібы дэзарыентацыі, ідзі — выйдзеш да мэтро, толькі ў людзей не пытайся напрамак, чалавек — істота слабая, можа і не туды паказаць пальцам, а можа і ў неба тыцнуць.

Над пасёлкам у далёкай смузе гарэлі на вечаровым сонцы гмахі шматпавярховікаў. Дзесьці там яно, Партызанскае авэню, кудысьці туды трэба было ісьці, каб пням на вочы не трапляцца.

Некалі тут жыло шмат цыганоў. Адсюль і да Дражні — цыганскія сядзібы, за высокімі агароджамі, з-за якіх і цяпер яшчэ ліецца дзіўная мова, патокі незразумелых словаў, сярод якіх раптам праскокне “дваццаць тысяч” або “лампачка”. Так яны гавораць, а ты слухай і галаву ламай: хто яны, свае, не свае? Свае, вядома. Яны тут жылі, яшчэ калі твая прабабка да Менску не даехала. І ўсё ж не свае. Дваццацьцю тысячамі і лямпачкай — свае, а недаверлівым бляскам вачэй — чужыя. Я люблю чужых. Люблю іх, як цягнікі на Менскім чыгуначным вакзале. Бязь іх холадна было б гораду. І неяк ня думаеш, разважаючы пра чужых і сваіх, што ты і сам тут чужы. Гораду безь цябе — нармальна. Табе бяз гораду — сьмерць.

Тут бабка мая жыла. Калі я ў яе жыў, нас цыганамі палохалі: “Цыганы забяруць, прададуць, заб’юць, зьядуць!” Самае страшнае, канечне: прададуць. Як гэта так, прададуць, думаў я, піянэр, савецкі грамадзянін, начытаны пра рабаўладаньне ў Рыме? Як можна жывога чалавека — прадаць?

Цыганы могуць, запэўнівалі мяне дзяўчаты з Ангарскай, Дражні, Алтайскай. Цыганы злыя і хітрыя. Беражыся іх. Бо выкуп запатрабуюць: і давядзецца тваім маме і тату ўсё прадаць, толькі б цябе назад забраць.

Чамусьці ўсіх, каго выкрэсьліваюць са сьпісу людзей, абвінавачваюць найперш у празьмерным захапленьні гандлем. Гандаль — гэта загана. Сумленны чалавек не гандлюе і не гандлюецца. Плюецца пра выглядзе таргаша. Беларусы — не гандляры. Яны — земляры, “што за народ такі? Вядома ж, землякі!” — як у песьні пяялася. Земнаводныя. Зямныя, землекапалкі, зямляне, рудыя мышы. Акопы капаць — іхнае захапленьне. Зямлянкі. Ямы. Пасадзіць сябе ў зямлю, прарасьці, карэньне пусьціць. Так у зямлю ўжывіцца, учапіцца, каб ніхто выдраць ня мог. Таму і ня любяць яны ванд­роўнікаў, кацігарошкаў, якіх ня кінеш у аліўе роднай зямелькі, ня любяць тых, хто на гусаках у неба ўцякае. І тых, хто сваю зямлю кінуў і да іх прыпёрся, таксама ня любяць. Чалавек без карэньня сохне. Сабака брэша, вецер носіць — гэта пра непрытульных эмігрантаў, ніхто іх слухаць ня хоча, што ты можаш сказаць разумнага, чалавеча, калі карэньчыкі сабе на нагах не адрасьціў?

Што ты можаш сказаць у сваё апраўданьне, Нільс Хольгерсан?

І дзе мне падзарадзіць тэлефон?

Думаючы пра ўсе гэтыя невясёлыя рэчы, я ішоў наўскос па пасёлку, а дамы Енісейскай бліжэйшымі не рабіліся. Толькі мяккае сонца абводзіла іхныя контуры: усё прыгажэйшымі, гусьцейшымі, сытнейшымі фарбамі. З садоў ішоў ачмуральны пах летняга вечара, чырванаватых ужо пладоў, нізка над неасфальтаванай вуліцай навісалі галінкі, важкія, жарсныя, няпужаныя, спакушаючы спыніцца і забыць, куды я іду і нашто. Жах нечаканай адзіноты наваліўся на мяне: навокал не было нікога, ніводнае жывой душы, толькі душнаватае паветра даносіла галасы аднекуль з-за павецяў ды пераробленых у альтанкі сьвірнаў. Я адчуў, што горад пада мной правальваецца некуды, адломваецца ад свайго цела, я ішоў і не абарочваўся, баючыся, што пабачу за сьпінай прорву, глыбокую і цёмную, па краях якой струменіць пясок. Не спыняцца, дайсьці да праспэкту, забыць гэты вечар, як аповед п’янага дзеда ў перапоўненай тройцы-тралейбусе. З-за павароту паволі выехала машына, паглядзела мне ў вочы і чамусьці міргнула фарамі, прагула міма, нясьпешная, нястомная, дыхнула гарачым жалезьзем, цяжкі легкавік з забітымі нябачным дымам лёгкімі...

Я паскорыў хаду. Але за сьпінай ужо сыгналілі. Уладна. Гучна. Забрахалі сабакі.

“Эй, постой!”

Я вырашыў не абарочвацца.

“Стой, тебе говорят!”

Машына дала задні ход, я павярнуўся, каб ня трапіць пад колы, і вось яны ўжо стаялі на маім шляху: чорны легкавік і старэйшы за мяне мужык у шэрым касьцюме, гальштук боўтаецца пад напаўрасшпіленай беласьнежнай кашуляй.