Выбрать главу

Машына нарэшце павярнула да адной з тых раскошных сядзібаў, якія растуць, як радыеактыўныя грыбы, па ўсёй Меншчыне — трымаюцца зграямі, катэджнымі бандамі, мураваныя маёнткі з назвамі прэтэнцыёзнымі, поўнымі штучнага цукру, кшталту “Панскія Забавы”, “Охотничье имение ”Троекурово”, “Усадьба “Медвежья”, “Графский пруд”...

Potsony выйшлі, страціўшы да мяне ўсялякую цікавасьць. Панская бяседа тут даўно ўжо гудзела, надышоў той момант, калі ўсе, здавалася, забыліся, чаго сабраліся, і наш прыезд іх напалохаў. Па кустах замерлі госьці, з талеркамі ў руках ды келіхамі, расшпіленыя, п’яныя, шкляныя вочы, кроўю налітыя твары, голыя сьпіны і гістэрычны рогат. Пабачыўшы ацца нявесты, грымнулі нешта псэўданароднае музыкі, вяла, гулка, адно буханьне ды стогны струнаў.

“Гуляете, падлы?”

“Гуляем, Василь-Василич!”

“Не нажретесь никак!”

“Никак не нажремся, Василь-Василич!”

“Вот же я вас из калаша”.

“Так точно, Василь-Василич, дайте тока мясцо дожевать”.

Да ацца нявесты слугі кінуліся, са стопачкай, ды з графінчыкам, ды зь лімончыкам, а ён ім, як толькі задніцу тугую разьмяў, як бізуном па тварах: “Танька где?”

Апусьцілі слугі вочы, а нейкі жардзіна-мажардом паслужліва і скрушна ў глыбіню двара паказвае. Ацец нявесты туды кінуўся, мы за ім. Там, пасярод белых штучных акацый і лопнутых шарыкаў, быў зеленаваты ставок, а ў ім нявеста стаяла, пасярэдзіне, па пояс у вадзе, сукенка ляжала вакол яе на зацягнутай раскай паверхні, нібы талерка папяровая, а нявеста ў цэнтры гэтага бела-жоўтага кола, як пірожнае. Яна павярнулася да нас голай сьпінай — і высокая прычоска ўздрыгвала, як быццам нявесту зьнізу пад вадой нехта кусаў за ногі.

“Танька! Танька!” — кінуўся да яе ацец. Стаў на беразе, рукі да яе працягнуў.

Тут жа на пясочку скакаў жаніх, паўтараў, адкашліваючыся:

“Таня! Танечка! Вернись! Папа приехал!”

“Танька! — ацец нявесты кінуўся разувацца. — Ну что ты придумала, дочка? Обидел кто? Скажи, кто, я его на кол посажу! Только имя назови!”

“Танечка!” — кашляў жаніх, разглядваючы свае туфлі.

“Ты чего стоишь, вошь ты дешевая? — крыкнуў на яго ацец нявесты. — Ты уже там быть должен, на руках ее вынести, сокровище свое! Я тебе что, куклу доверил? А, блядь? Послал бог зятька!”

“Так это, Василь-Василич, папа, — залыпаў вачыма жаніх. — Я плавать не умею. Да и не подпускает она никого. Даже вот Вичку не подпускает!”

“Вичку! — ацец нявесты сьцягнуў шкарпэткі і сунуў іх жаніху пад нос. — Я вас всех тут сейчас закопаю живьем, если с доченькой моей что случиться... Таня!”

“Дайте мне камень, папа, — пачулі мы яе голас. Голас Афэліі Менскай. — Камень, прошу”.

“Что ж ты такое несешь, дочка? — горка завыў Папа. — Утопўться хочешь? Ты ж его любишь, слизняка этого! Сама говорила!”

І тут ягоны шалёны позірк упаў на мяне.

“Таня, дочка! — загаласіў ён радасна. — Я ж тебе подарок привез! Догадайся, кого? Клоуна! Живого!”

І тады яна павярнулася. Калыхнулася вада, урачыста пацягнула за сабой сукенку, голая сьпіна зьнікла, прычоска хітнула шыньёнам.

Я пабачыў спакойны твар звычайнай менскай дзяўчыны — на такія чамусьці кідаюцца, як на мядок, загранічныя трутні, пруцянеюць ажно, калі такіх бляндыначак пабачаць. Шэрыя стомленыя, зусім не капрызьлівыя, але захінутыя плеўкай поўнага і ўжо не кіраванага вар’яцтва.

“Клоун?”

“Да! — закрычаў Папа, зьзяючы ўсьмешкай. — Сюрприз!”

“Да! — ажывіліся госьці і запляскалі ў ладкі. — Ну Василь-Василич, ну молодец!”

“Сколько ему заплатили, хотелось бы знать”, — холадна прамовіла цётка ў бардовай сукенцы. — Шикуете, Василий Васильевіч”.

Таня Афэлія нахмурылася, але тут жа зморшчыны разгладзіліся.

“Пускай подойдет, — прамовіла яна разгублена. — Ко мне, сюда”.

Я абвёў іх вачыма. Іх нарадзіў сёньняшні гарадз­кі сквар. Яны проста не маглі існаваць, і ўсё ж яны існавалі, уперыліся ў мяне вачыма, нецярплівыя, плацёжаздольныя, пасьпяховыя, зьвязаныя сваяц­твам. Што ж, вада ў летні вечар — гэта не найгоршы варыянт.

“Что ты стоишь? — рыкнуў Васіль-Васіліч. — Слышал, что дочка сказала? Работай!”

Я паклаў пакет на траву, скінуў свае ўшлёпкі, пінжак, закасаў, як мог, джынсы. І пайшоў у адбымкі п’янай вады. Густаватай, зь зялёнай жывой душой, поўнай гукаў, бурбалак, каламуці. Падышоў да яе, стаў перад нявестай, нібы гэта я жаніх быў, а яны ўсе мае госьці — стаялі, раты разявіўшы, чырвоныя шкуркі твараў павыцягваўшы.