Выбрать главу

“Привет, — сказаў я. — Вообще-то я не клоун”.

Яна ня слухала. Узяла мяне пад руку і мы выйшлі з вады, як найлепшая пара тэлевізійнага конкурсу. Пад плясканьне іхных далоняў і звон крышталю.

Мяне пасадзілі каля маладых, уціснулі паміж сьведкай з боку нявесты і нейкім pоtsan, які, што праўда, быў ужо даўно гатовы і лавіў цяпер рыбу ва ўласнай талерцы: рыбка высьлізгвала, сьмерць ніяк не давала сябе падмануць. Мне навалілі гару мяса, налілі шклянку гарэлкі “Русский стандарт”, я прамармытаў “горка”разам з усімі, таропка адпіў, праглынуў гарачы кавалак... Сьведка была тоўстая, галарукая, галаногая, запечаная ў фальзе ружовай сукні.

“У вас зарядного не найдется? Для Нокии”.

“Нет”, — яна засьмяялася, нібы я сказаў ёй на вуха непрыстойны жарт.

“Я слышал, один хрен, из оппозиции, остров себе в море купил, — сказаў ацец нявесты пад пачцівае чвяканьне сваіх дарагіх гасьцей. — Ципа, штоб там оппозиционеров готовить, боевиков всяких. Я вот думаю: вот купил бы я остров. Собрал бы там вас всех и улетел. А через год бы прилетел и посмотрел, кто живой остался. С теми и жил бы дальше. Дела бы делал. Вы ж посмотрите на себя. Здесь же каждый второй — шлак. Не люди, а клоуны. Вы ж по понятиям жить не можете. Только жрать и баб­ло клянчить. Тошнит меня от вас, госьцейкі даражэнькія!”

Пад маімі нагамі сядзеў пакет, чакаў, што я яму нешта кіну зь вясельнага стала. Костку? Ножку? Ручку? Нявеста... Хоць якая яна нявеста, яны ж пажаніліся ўжо. Таня і яе жук-плывунец. Таня гэтая на мяне глядзела, ва ўсе вочы. Чордт, чордт, я што, і праўда зайздрошчу яе мужаньку? Рэўнасьць? Адкуль ты прыйшла, я цябе ня знаю, ідзі сваёй дарогай, я Нільса люблю, а цябе, дурная, прэч ганю: вэг! Зь зялёнай вады вылезла, адказвае рэўнасьць. Рука Таніна: рука тапеліцы. Афэлія, дачка дробнага афэрыста, акруціла мяне сваімі водарасьцямі.

“Покажи что-нибудь, клоун, — папрасіла Таня. — Пожалуйста”.

“Мне позвонить надо”, — сказаў я.

Але яна чула толькі тое, што ёй хацелася.

“Хорошо, — сказаў я. — Но я лучше расскажу. Слушай...”

“Всем рассказывай! — крыкнуў Васіль-Васіліч. — Всему столу! Микрофон дайте клоуну! Иди на сцену!”

Я падхапіў свой пакет, пукаты, закатаваны, выйшаў, спатыкнуўшыся аб скрутак дратоў, на сцэну. Даўно я не выступаў са сцэны. Можа, апошні раз ва ўнівэры. На Дзень студэнта мне трэба было прасьпяваць камічныя куплеты. Вось жа шоў тады выйшла... Больш за два дзясяткі гадоў таму, у іншым жыцьці. Я выглядаў на подыюме ў той далёкай актавай залі ня горш за Бэрці Вустэра: у капелюшы, пазычаным у самадзейным тэатры, у белых шкарпэтках (так было модна), у гальштучку-матылёчку, мальчык-пальчыкавая батарэйка; о, што гэта быў за Дзень студэнта, я выйшаў і засьпяваў пад фанаграму пра тое, што

Наш дэкан Пятро Кузьміч

Сьвеціць у начы, як зьніч,

Асьвятленьне ў туалеце

Лепшае на факультэце!

І ўзнагародай мне была поўная цішыня ў залі, ніхто не сьмяяўся, ніхто, а потым мне сказалі, што паэта зь мяне ня выйдзе — так і атрымалася. Затое цяпер сто чалавек лічылі мяне клоўнам, і яна таксама, і мне трэба было нешта сказаць.

“Что ты молчишь, клоун?” — крыкнулі з таго канца стала, які губляўся ў гушчары бутэлек і мясных пагоркаў.

“Ща из пакета как достанет...”

“Бабу голую!”

“Тихо, черти, — раўнуў на ўсю бяседу бацька Афэ­ліі маёй, Жукаў вайны маёй, патрон усёй кліентэлы. — Давай, клоун, начинай!”

“Я вам раскажу гісторыю пра аднаго хлопца... — пачаў я, круцячы ў руках мікрафон. — Які жыў у Скандынавіі. У Даніі, калі быць дакладным. У адной вёсцы, нічым не прыкметнай. Аднойчы ён зрабіўся такі малы, што здолеў сесьці на сьпіну шэрага гусака і падняцца высока ў неба. Гусак узяў курс на захад. Разам з хлопцам. І больш іх ня бачылі. Гэта, вядома, казка. Але яна чамусьці не дае мне спакою. Сёньня я ўвесь дзень пра гэта думаю. І вось што я хацеў вам сказаць...”

“Песня про зайцев”, — сказаў хтосьці.

Як у сьне, яны паволі рухалі шыямі. Нібы хочучы сагнаць зь сябе здранцьвеньне.

Таня усьміхнулася.

“Усім ржаць!” — скамандаваў Васіль-Васіліч.

Госьці леглі ад рогату.

“На гусака... Дания... — надрываліся сукенкі ўсіх магчымых колераў, белыя кашулі, прыліплыя да сьпінаў, кадыкі, быкі, ганчакі, павукі... — Не дае спакою... Ну, насмешил... Петросян...”

Я сеў на месца, але так, каб пры першай жа магчымасьці высьлізнуць.

“За что тебе платят, артист?” — пагардліва сказаў Танін мужанёк. І забыў пра мяне. Закусіў мяне фаршыраванай індзейкай. Шырокія людзі з шырокімі жэстамі, шырокія твары з шырокімі ратамі, шырокія душы больш ня мелі ўва мне патрэбы. Я непрыкметна выйшаў і рушыў па пакоях вялікага панскага дому. Дзесьці тут ужо стаяў ложак, а на ім была пасьцеленая іхная першая шлюбная ноч. Дзесьці тут мусіла быць зараднае. Пазваню, патлумачу, выкручуся, высплюся — і ўсё забу­дзецца.