Прывязаны дротам да сьцяны, уключыў тэлефон. Наш дэкан Пятро Кузьміч... Два-два-тры-пяць. Ці шэсьць. Шэсьць. Наш дэкан Пятро Кузьміч... Нокія-нокія, абпаліла ногі я... Ці пяць? Пін-код быў забыты. Пакет пры мне, пін-код у гаўне. Наш дэкан Пятро Кузьміч... Сонцапаклоньнікі на менскіх дахах ўжо разьдзімалі свае тонкія ноздры, сьветлыя валаскі на загарэлай скуры варушыліся, рыхтуючыся да праводзінаў сонца. Яшчэ гадзіны тры — і неба над Менскам зробіцца колеру фіранкі ў Нільсавым гатэлі.
“Вы извините, — маладая жанчына, якая ўвайшла ў пакой, нечым нагадвала Таню. — Да, я ее сестра. Я вас отвезу, папа не хотел вам ничего плохого, просто на него находит, когда выпьет. Он за Таню переживает... Вы только в милицию не звоните, ладно? Ради Тани. Пожалуйста!”
“Я пін забыў, — прамовіў я абыякава. — Нікому пазваніць не магу. Ні ў міліцыю, ні...”
“Я вас отвезу, до метро, — яна памахала ключамі. — Готовы? Не злитесь только. Это все жара отцу в голову стукнула. И водка. Людей хватает с этими своими дебилами, а потом, как протрезвеет, деньги им дает, чтоб не жаловались...”
Яна села за стырно ў чым была: сукенка кароткая, туфлі скінула пад сядзеньне, ногі непрыгожыя, вусны хваравітыя, вузкія, колеру сукравіцы, крывяцца. Я залез ззаду, не хацеў сядзець побач, пакет да сябе прыціснуў, каб не забыць. Пра Маму ўспомніў: яна б ганарылася. Раскажу ёй, калі вернецца, раскажу, а ў яе ні пра што пытацца ня буду, ні пра сяброў яе дзіўных, са скрыпучымі, нібы скрадзенымі, галасамі, са справамі цёмнымі, у якія яны маму заблыталі, Мама дарослы чалавек, а я сорак гадоў пражыў — і ўсё роўна сыночкам Маміным застаўся, стомленым студэнтам пасярэдзіне лета. Лета — мой сакрэт. Аднойчы ў маладосьці, сустракаючыся са сваёй вучаніцай, спакусу гонячы, вёрткі, як сьпіца, я разгадаў таямніцу лета, зрабіў так, каб яно спынілася, зрабіў крок у ягоны сад, і больш ужо не выходзіў. Куды мне бегчы з гэтага менскага лета? Грукае ўнутры сэрца, старасьць — ня летні месяц, старасьць мне не пагражае, лета мая абаронца, высплюся, прачнуся пад менскіх саловак, заўтра сонца будзе, і заўжды, і свабода, і самота, і суткі самых неверагодных прыгод і няісных цудаў у няісным маім горадзе, дзе жыць мне ды жыць яшчэ, сорак ды сорак, ды ў сачок, ды сьветлы шлях у сьмерць, імя якой: горад-герой на рацэ Сьвіслач.
Таніна сястра маўчала, каб не выдаваць мне сваіх сямейных тайнаў. Сіні куб Ікеі вырас, напяўся, упаў за сьпіны, на плыўкі асфальт шашы. Над Шабанамі сонца заходзіла, коміны лавілі яго, лавілі, ды ня вылавілі, ды ня вылавіравалі...
“Дообгоняешься”, — сказала злосна Таніна сястра ў лабавое шкло і скінула хуткасьць. Пад намі прамільгнуў мост, яшчэ адзін. І вось ужо зялёныя аўтобусы пачалі мазаць сабой палатно дарогі, хакейная клюмба паклялася, што яна заўзее за Беларусь, шаша раздваілася, растраілася... “Не расстраивайтесь”, — сказала Таня, высадзіўшы мяне каля мэтро і ўручыўшы мне пару купюраў. Вечар прыняў мяне ў свае мяккія смуродныя вятры. І я рушыў, пагойдваючыся, па прыступках уніз. Купіў жэтон і талёнчык.
“Пройдемте на осмотр”, — ласкава сказаў сумны ахоўнік. Як доктар, да якога ты ўжо шмат разоў хадзіў на прыём.
Я не супраціўляўся.
“Что у вас в пакете?” — спытаў ён, выціраючы пот з шырокага, лякіраванага сонцам лба.
“Камни”, — сказаў я, падумаў і ўжо зусім упэўнена паўтарыў:
“Теперь я точно знаю. Камни”.
Італійская кухня
З рукалай рукаючыся,
Мыючы маяран,
Сьвежым базілікам закідваючы сыр і сьвет,
Лечышся ад рэўнасьці, расейшчыны і іншых ран,
І ад навінаў у Парыжы, за сьценкай і, што рабіць, у Маскве.
АрэгАна або арЭгана — дзе тут паставіць націск?
Мой знаёмы італіец казаў, на “э”. На “э”!
АрЭгана:
Я кулінарны геній і грамар-нацы
Салютую мокрай рукою вялікаму дучэ — то бок сабе.
Розьнячыся ад размарыну толькі дзіўным складам сваіх малекул,
Поўны тэстастэрону, цярплівы, як Эстрагон,
Я мог нарадзіцца духмянай траўкай, а выйшла, на жаль, чалавекам,
Які патрабуе трошкі больш, чым сонца, вада, балькон.
Не даючы ўпасьці ў пасту сівому воласу,
Верачы вяршкам беларускіх малочных заводаў
(дваццаць працэнтаў тлустасьці, інакш ня вырасьці соўсу),
Я пачуваюся роўным Ўітмэну, Купалу, Коласу —
Некалі пра мяне здымуць сэрыял на сто эпізодаў.