Ніякай рэакцыі. Увайшоў у клясу. Нуль увагі. Настаўнік увайшоў у клясу. Ідэальны сказ. Прамое выказваньне, дзівосна-нэўтральнае, эмацыйна не афарбаванае, нічым не афарбаванае, апрача чырвонай павязкі, якая боўтаецца на рукаве. Дзейнік, выказьнік, дапаўненьне (зрэшты, лішняе). Настаўнік увайшоў. Настаўнік! Сьвяты чалавек! Пакутнік! Ваш уладар і павяліцель, ваш герой і пабядзіцель, Гітлер-ваш-асвабадзіцель, судзеб і дзялоў вяршыцель, юных душ нагой Праксіцель, ой ты скромны белы кіцель, ваш айцец і наўчыцель, жарсьцяў ваш агнетушыцель і гармонаў дырыжор...
Ён абвёў вачыма гэтае нацысцкае зборышча. Усе ў чырвоных павязках. Дзяжурная кляса.
Дзеці. Якія ж яны яшчэ дзеці.
Грудзі-дражнілкі, шчодра выкладзеныя на пярэднюю парту, проста перад ім, так, каб можна было зазірнуць у дзёрзкія выразы і ўразіцца, дрыгнуць, дараваць дурасьць іх уладальніц. Або — хлопцы. Віславухія васіліскі, рэдкія вусікі над убогімі губамі, вінаватыя вільготныя далоні, высокія галасы, вайнушка ў галаве: волаты-ванючкі.
Шумлівыя, глумлівыя дзеці. Некалі яны думалі яго напужаць. Сьмешныя, сьмешныя дзеці. У кожнага ў галаве дзірка, а зь дзіркі ідзе шум. Гэта ўсё, што варта пра іх ведаць.
Прымусіць іх змоўкнуць было няцяжка. У сваім пэдагагічным арсэнале ён меў сто спосабаў зрабіць гэта — і заставалася толькі выбраць найпрыгажэйшы.
Канечне, можна было пазбавіць іх адзінай мовы. Перамяшаць іх гаворкі так, каб яны не разумелі адно аднаго. Разбурыць Бабілён іхнай балбатні, расьсеяць іх па сьвеце — сям і там, сьвет не такі вялікі: ад унівэрсаму “Смарагд” да самурайскага клюбу, куды яны вечарамі ходзяць качацца. Ён ужо бачыў, як яны сьцішваюцца, лыпаюць вачыма, гэтыя дзеці зь дзіркамі ў галаве, адкуль ідзе няспынны шум, ён ужо бачыў, як словы захрасаюць у горлах, яны давяцца шумам і замаўкаюць — што ж, цяпер можна пачаць урок. Але гэты спосаб пагражаў яму непазьбежнымі разборкамі з дырэктарам — пан Дырэктар не любіў архаічных мэтадаў, пан Дырэктар паважаў наватараў і атэістаў.
Наватарскімі спосабамі ён валодаў добра. Напрыклад, можна было пазашываць ім раты. Схадзіць у кабінэт працы, пазычыць нітак і доўгую іголку — і абысьці парту за партай, губу за губой. Дзеці-зашыванкі. “Настаўнік школы на ўскраіне Менску закалоў сваіх вучняў”. Закалоў? У якім сэнсе? Як кабанчыкаў? Або шпрыцам? Не, іголкай для шыцьця. І зашыў казённымі ніткамі. Закалоў да страты мовы. Ясна: палітычная акцыя. Пэрформанс. Ды не: проста пэдагагічны прыём.
Усё роўна ў гэтым узросьце яны пагалоўна мараць сабе нешта пракалоць. Пірсінг выклікае ў іх нейкае парасячае захапленьне. Нібыта ім мала вушэй, нібы на целе бракуе дзірак. А хто-ніхто з вучаніц ужо колаты арэшак: па вачах відаць, што маюць пярсьцёнкі ды колцы ў пупках. У іхных вачах добра відаць іхныя пупкі. Часта гэта адзінае, што там можна пабачыць. Прагрэсіўныя таты і мамы ня супраць лёгкага пірсінгу — калі дзіцятка добра вучыцца, хай пракалупае ў сабе дзюрку-другую. Чамусьці пупок падаецца бацькам бясьпечным месцам. Ну, давай, толькі ў пупок, строга кажуць яны, не разумеючы, як непрыстойна гэта гучыць. Чамусьці пуп ні ў кога не выклікае рызыкоўных асацыяцый. Узяць хаця б пуп зямлі, на якім мы жывем. Наогул ніякіх дадатковых сэнсаў. Толькі пупок. Проста пупок. Праколаты пуп зямлі.
Кляса, між тым, працягвала выць, рохкаць, мэкаць, бляяць і скуголіць. Дзеці. Бедныя парасяты. Калі ён трапіў да іх упершыню, ягоная завушніца выклікала ў іх фурор. Што было б, калі б ён паказаў ім усе свае татуіроўкі? Мабыць, яны абралі б яго сваім фюрэрам.
Зашыць ім раты, зашыць.
Але і гэты трыкатажны спосаб зьнітаваць іх дзеля пэдагагічных патрэбаў варта было пакінуць да лепшых часоў. Зашытыя, як у зомбі, раты ягоных вучняў, можа, і замаўчаць, але, перастаўшы шумець, гэтыя глумлівыя дзеці пачнуць румзаць. Ім, бач ты, будзе балюча. Ён не любіў, калі яны плачуць. А такое бывала: пашкадуйце, бацька прыб’е. Як жа яны яго раздражнялі — румзаючы, любое зь іх выглядала так, быццам пазіруе для плякатаў сацыяльнай рэклямы. Кшталту, “Папа, не пей” ці “Мы супраць хатняга гвалту”.
Існавалі, вядома, і іншыя спосабы зьвярнуць на сябе ўвагу. Зьняць штаны і паказаць ім голую задніцу. Абліць дзяцей бэнзінам і падпаліць. Але ўсё гэта пагражала выклікам на пэдсавет, вымовай або пазбаўленьнем прэміі. Дзеці цяпер ня тыя, якімі некалі былі мы. Іх вучаць ведаць свае правы — пуп зямлі абавязвае.
Нарэшце пасьля ўсіх гэтых развагаў — мінула ўжо хвілін дзесяць — ён абраў досыць традыцыйны спосаб, які, бывала, выкарыстоўвала шмат гадоў таму іхная маладая беларусіца. Спачатку ён паклікаў на дапамогу літаратуру. Дастаў таўшчэзную таміну, на якой красавалася хітрае, нейкае хрыстапрадаўчае слова “Хрэстаматыя”, якое ніколі не асацыявалася ў яго з прыгожым пісьменствам — паволі падняўся і ўзьняў яе на вышыню вачэй. А потым расьціснуў пальцы.