Хрэстаматыя так добра ўхрыстамацілася ў стол, што ўсе паэты, якія сядзелі ў ёй, атрымалі, відаць, шматлікія ўшыбы ўнутраных ворганаў.
Кніга паклала іх рукі на парты, як цэлы варожы ўзвод на зямлю. Яна стрэліла па іхных трусіных вушах, нібы гармата. Гул ад яе быў чуцён, пэўне, нават у краме “Смарагд” і ў самурайскім клюбе.
Стала ціха-ціха.
На ўсёй зямлі. І ўрок нарэшце паплыў — як тыя ручнікі па рацэ. Далёка. Куды ён завядзе, ніхто пакуль што ня ведаў.
Дзеці. Якія ж яны яшчэ дзеці. Варта табе наладзіць гук — і вось ужо змоўклі, паселі, лапкі склаўшы. Незадаволеныя. Нехта нахабна пакруціў пальцам каля скроні: “Во наш Алег Іванавіч ухерачыў”. Маўчы, Сідарэвіч, хрыстом-матам прашу, маўчы.
Ёб вашу хрэстамаць, дзеткі, я прымушу вас мяне выслухаць.
Не даючы ім апамятацца, ён дастаў пусты трохлітровы слоік і паставіў на стол. І паглядзеў на іх доўга, злавесна. На ўсіх адразу. Сядзяць, прысьмірэлыя, прысаромленыя, заінтрыгавана дрыгаючы нагамі. Пазіраюць: то на слоік, то на настаўніка.
“Гэта для аналізу мачы?” — ня вытрымаў адзін зь іх, той, які з асабліва глумлівым выразам вачэй. Пара галасоў прыцішана і радасна цяўкнула, іншыя чакалі, што будзе.
“А табе мала, Сідарэвіч? — адказаў ён у поўнай цішыні. — Уся школа ведае, што ты сцышся ўначы, але я ня думаў, што твая норма большая за тры літры...”
Гэтым разам цяўканьня было крыху болей. Маленькая настаўніцкая перамога.
“Я не Сідарэвіч”, — прабурчэў дзіцёнак з выклікам, зьбянтэжаны, раззлаваны.
“Магчыма, — пагадзіўся ён. — Але ў ложак, значыць, і праўда сцышся... Што маўчыш? Пост-праўда, яна такая”.
Сідарэвіч змрочна апусьціў галаву, раздушаны жалезнай лёгікай. Дзеці. Ім не было чаго запярэчыць. Хай чарговы раз пераканаюцца, наколькі ён круты ў адкрытым баі.
Ён успомніў, як прыйшоў да іх упершыню. Як стаяў перад імі, напружаны, недарэчны, гатовы да ўцёкаў, нібы прусак, засьпеты пасярод кухні, стаяў, правільны і прычасаны. Як прэў, хапаў ротам паветра і ня ведаў, як прымусіць іх павярнуцца ў свой бок. А цяпер яны адна каманда. Каманда “Лятучага Галяндца”, які нясецца на ўсіх ветразях у менскі вечар.
Яны ўсе былі для яго сідарэвічы. А дзяўчаты — каштанкі. Так зручней. У думках, канечне. Не запамінаць жа іх было і праўда, як дарослых, пайменна. Яму здавалася, што гэта абсалютна нерэальна. Ён ведаў, што ў гэтай богам выклятай клясе ёсьць прынамсі адзін Сідарэвіч. Гэтага хапала. Толькі вось хто зь іх і як выглядаў — забыў, а дазнавацца было не ў ягоных правілах. Дый хіба яны б сказалі праўду? Для іх гэта зрабілася б вясёлай гульнёй: не згаворваючыся, яны памяняліся б імёнамі і выставілі б вучыцеля на сьмех. Ён ужо чуў іхны гогат. Здаецца, у аднаго зь іх было такое прозьвішча: Гогат. Ці не ў таго, якога ён так шчодра ўзнагародзіў толькі што энурэзам? Тата ў яго Гогат, і мама Гогат, і брат. Сямейства Гогатаў, надзея пупу зямлі, хрыбет нацыі.
Што да каштанак, тут усё было прасьцей: вось яна, сядзіць каля акна, нэрвовая, у швэдрыку, глядзіць на штосьці — угадаць ані шанцу: што там, штыкетнік з птушкамі, школьны стадыён, чорная хваля ўкапаных у зямлю шынаў, шэры будынак, дым... задумалася. Каштанка Натальля — з націскам на імя, у школе ўсё і ўсіх называюць так, быццам прозьвішча адно на ўсіх, толькі імёны розныя. За год ён і сам пачаў так казаць. Рабіць акцэнты ня там, дзе трэба. Не на тых гуках, не на тых думках, не на тых тэмах. Школа зрабіла зь яго нешта іншае. Кожны дзень яна ператварала яго ў нешта іншае — і дома, пад душам, пад Вагнэраў шторм, ён кожны вечар адчайна намагаўся вярнуць сабе сябе, уціраў ў сваю скуру сваю страчаную самасьць, змываў гукамі старой і вечнай музыкі працоўны дзень. Такі, як гэты.
Заставалася зрабіць яшчэ некалькі штрыхоў. Ён падышоў да аднаго зь сідарэвічаў, самага ўбогага, з палымянымі вушамі, ужо ўшчэнт запляванага папяровымі кулямі, сідарэвіча кволага, полага, бясполага лоха, іхную цацку, зацкаванага іхнымі ціхімі подласьцямі забітага зайку. Відаць, з такіх і вырастаюць потым белакурыя бэстыі. Пазьней, калі ўсё гэта скончыцца: клясы, кляўзы, ляскат партаў, пляўкі, бясконцае паляваньне... Ён падышоў да яго і паказаў на пярэднюю парту. Уратаваў да званка. Няшчасны перасеў (як там яго? Віця?), уцягнуўшы ў плечы галаву. Няўдзячны маленькі дзядок.
Ён вярнуўся да свайго стала і сеў побач з гэтым убоствам. Цяпер у клясе быў парадак. Уратаваны ім Сідарэвіч сядзеў, дзіўна ўздрыгваючы, нібы ў сьне, і ён адчуваў, як ад гэтага цела ідуць хвалі млявай нянавісьці.