Выбрать главу

“Генэравацца, кнопку націснуў — і гатова”.

“Празь пяцьдзясят гадоў нас саміх ужо ня будзе! — рашуча заявіў сідарэвіч справа. — Усяму сьвету будзе пі...!”

“Не... Нас марсіяне ў рабоў ператвораць, — летуценна сказаў сідарэвіч-арыец. — Кроў піць будуць, і размнажаць, як сьвіньняў. На забой”.

“Марсіяне не дэбілы, каб такіх, як ты, размнажаць. Такіх яны ў цырку паказваць будуць”, — піскнула іншая каштанка.

“Зараз ты ў мяне размножышся, Салаўёва”.

“Так што ў нас сёньня творчае заданьне! — спыніў ён іх дзіцячыя фантазіі. — Вы, то бок восьмая “а” кляса, пад маім мудрым кіраўніцтвам напішаце кожны сваё кароткае пасланьне. Пасьля гэтага мы схаваем нашу капсулу ў надзейным месцы. Закапаем яе. Што вы там напішаце, справа ваша, я правяраць ня буду. Поўная свабода. Можна пісаць ананімна, толькі улічвайце, што гэта калі-небудзь прачытаюць людзі. Што яны пра вас падумаюць? Я б на вашым месцы пра гэта не забываўся. Ну, што, паехалі, часу ў нас засталося няшмат, дваццаць пяць хвілін. Пачынаем. Гэта ў вас апошні ўрок, правільна? Так што пасьля званку здаем, што напісалі, ідзем і закопваем капсулу”.

“Я не магу пасьля званку...” — пачуліся расчараваныя стогны.

“У мяне рэпэтытар...”

“Хто ня можа, я не прымушаю, са мной пойдуць добраахвотнікі. І адзнакі ў іх таксама будуць доб­рыя. На два балы вышэйшыя. Усё, час пайшоў, пішам”.

Яны пакорліва выцягнуліся, нясьпешна зашалахцелі сшыткамі.

“А капсула дзе?”

З капсулай, вядома, выйшаў промах. Ён усяляк імкнуўся ня выдаць сваёй зьбянтэжанасьці, але яны ўлавілі яе, ваўчаняты, улавілі і вылавіравалі сваімі глумлівымі позіркамі да слоіка на стале. І запытальна перавялі вочы на яго, а ён стаяў, як абпляваны. Па клясе прайшоў задаволены стогн. Буркнуў адзін, пырснуў другі, і адна з каштанак шырока адплюшчыла вочы, напоўненыя такім захапленьнем, быццам яна на конкурсе прыгажосьці перамагла.

“Банка?”

“Гэта... Гэта і ёсьць наша капсула?”

Кляса заржала, заружавела, зарохкала — жаласьлівы слоік на стале і праўда выглядаў жудасным зьдзекам зь велічнай ідэі: недамыты, мажны, мутны, і нейкая мяшчанская пыха адчувалася ў ягонай крыклівай кругласьці.

“Трохлітровік часу...” — сказаў нехта.

“Можа, лепш на піва, Алег Іванавіч?”

“Скінемся на банку?”

Вінаваты быў настаўнік працы, які яшчэ месяц таму абяцаў вырабіць у сваё майстэрні прыгожы і ладны футарал са сталі. Яшчэ і надпіс выгравіраваць кляўся, падла. Але ўчора ён зноў сустрэў працавіка каля крамы “Смарагд” — выявілася, што той не зьбіраўся выходзіць з запою. Яго наогул цьвярозым ніколі ня бачылі — у кожнага свой крэатыўны падыход. Працавік акурат узяў новую порцыю чарніла і быў у гуморы.

“Іванавіч, ды я табе такую капсулу зраблю — у космас адправіць можна! — палез ён абдымацца. — Я ж у сакрэтнай лябараторыі працаваў, ты ж у курсе... Заўтра будзе гатова! Іваныч, ты мяне знаеш! Не падвяду!”

І так кожны раз. Абрыдла ўжо нагадваць — ён ня з тых, хто ўмее прасіць двойчы. Дый Пан Дырэктар усё чапляўся: конкурс крэатыўнасьці сярод настаўнікаў у самым разгары, а ідэя ягоная так і заставалася ідэяй. Як ні сустрэне яго, усё пытаецца: гатова капсула ці не? І што яго прымусіла месяц таму ляпнуць пра гэтую сваю ар-рыыгінальную задуму? Прамаўчаў бы, правёў віктарыну, раздаў бы дзіцяткам пратэрмінаваныя вітаміны айчыннай паэзіі — і забыў. А так трапіў у пастку ўласнай ідэі. На яго пачалі глядзець з павагай і яшчэ большай зайздрасьцю, Пан Дырэктар лічыў, што перамога на конкурсе ў іх у кішэні, і вітаўся зь ім, як з роўным. Трэба было нешта рабіць.

Прозьвішча дырэктара было Барсук, меў ён і імя па бацьку, гэты неад’емны атрыбут настаўніцкай улады, але чамусьці любіў, калі яго называлі панам. Мо таму і любіў, што сам быў гісторык. Гісторык з кашай у галаве і неразборлівай любоўю да іншаземных словаў: інавацыя ў ягоных вуснах гучала ватнай падкладкай, а сімулякры ператвараліся ў сімуляркі. Пан Дырэктар быў апантаны крэатыўнасьцю: маё крэда — крэацыяніст, горда крумкаў ён, і ад вас я чакаю найперш крэатыўнасьці. “Забудзьце ўсё, чаму вас вучылі, на адным стажы ў мяне ніхто ня выедзе!” Паныла седзячы на сваіх стажках, настаўнікі ўсё ж неяк выяж­джалі — і ніхто не зваліўся з возу. Прычэплівы, але няўважлівы быў Пан Дырэктар — з такімі можна суісна­ваць, галоўнае займець навык.

Да яго Пан Дырэктар адразу ж паставіўся з падазронай прыязнасьцю: “Вось чалавек, здольны на Нешта Гэткае!” — казаў ён у настаўніцкай, абдымаючы яго, новага настаўніка, за плечы. Настаўніцкая пазірала з рэўнасьцю; зрэшты, тут усе раўнавалі адно аднаго, як у шэксьпіраўскай п’есе. Нешта Гэткае было няўлоўным, расплывістым боствам, сутнасьць якога доўга заставалася для яго таямніцай. Ён выдумляў віктарыны, ладзіў урокі-суды над пэрсанажамі савецкага белліту і конкурсы красамоўства. Ён даводзіў сваіх вучняў да гістэрыкі. Мары пра спакойную ссылку ў нічым не выбітнай школе, дзе можна адседзецца год-два ў пошуках больш годнага занятку, памерлі ў самым зародку. Пан Дырэктар нікому не даваў спакою, а яму найперш. “Эх... Ня тое, — мармытаў засмучана Пан Дырэктар. — Разумееш, калега Іванавіч, ня тое... Павінна быць Нешта Гэткае! Такое, каб душа разгарнулася, а потым зноў згарнулася! Такое, каб адчуваўся прарыў! Ты зможаш!”