Вось аднойчы ён і ня вытрымаў чарговай дырэктаравай атакі ды ляпнуў пра капсулу. Ахвяраваў сваім, недатыкальным, таемным — толькі б гэты Барсук адчапіўся.
“Хм. А вось гэта і праўда Нешта! — ухваліў Пан Дырэктар, вымаючы вільготную сурвэтку. Ён заўжды праціраў рукі пасьля заняткаў, нібы змываў зь іх кроў гістарычных бітваў і задушаных паўстаньняў. — Нешта Гэткае! Вось гэта я і называю крэацыянізмам! Дзейнічай!”
Капсула... Па шчырасьці, ён ня бачыў вялікай розьніцы: сталёвая, шкляная ці з пап’е-машэ. Ды хоць зь дзіцячай скуры. Таму сёньня раніцай ён выцягнуў з прыбіральні пусты слоік, адзін з тых, што кожны месяц перадавала яму маці, вытрас зь яго памідоры і прапаласкаў пад кранам. Урэшце, якая сучаснасьць, такая і капсула. Трохлітровік выглядаў сымбалічна і да таго ж дужа аўтэнтычна. Што магло б лепш увасабляць наш гераічны час? І ня менш гераічнае месца? Клясычны дызайн: une banque trilitère classique! Да таго ж слоік быў празрысты. І — што самае істотнае — надзейны. Традыцыя, правераная часам. А менавіта час ён і мусіў прарэзаць сваім круглым рылам. Камень і шлак часу. Якім бы ні атрымалася іхнае пасланьне — да некага яно мусіла дайсьці. Што само па сабе неверагодна абсурдна.
Ягоныя ваўчаняты ўсё яшчэ пасьмейваліся.
“Што за ўхмылкі? Вам палец пакажы, вы лыбіцеся. Як дзеці малыя”.
“Дык эта самае, мы і ёсьць дзеці, Алег Іванавіч! Мы ж несавяршэнналетнія!”
Зрэшты, выбару ў іх не было. Кляса навісла над сшыткамі. Яны засунулі ў раты асадкі, і твары іхныя прынялі адсутны і тупаваты выраз — нібыта яны да смочак на бруху самкі прыклаліся. Худой і зьнясіленай самкі бясплатнае адукацыі.
“Алег Іванавіч, а што пісаць?” — капрызьліва спытала нейкая каштанка, пасмактаўшы сваё паркерава пяро.
“Ну што-што... Раскажыце ў двух словах пра сябе. Што вам цікава, што акружае. І што гэта за час, у які мы ўсе жывем. І зьвярніцеся да людзей з будучыні. Якімі вы іх бачыце. Пра што, на ваш погляд, яны павінны задумацца. Ясна?”
“Не!” — адказаў яму на дзіва зладжаны хор. І пачалося:
“А колькі? Старонкі хопіць?”
“А што зьверху пісаць?”
“Колькі заўгодна. Нагадваю, у вас поўная свабода. Зьверху?... Ну, дату можаце паставіць”.
“І што, усё ад рукі? У мяне пальцы баляць!” — занылі па чарзе ягоныя сідарэвічы і каштанкі.
“Можна і не пісаць, — ашчэрыўся ён. — Калі ласка. Хто ня хоча, каму няма чаго сказаць, адкрылі падручнікі на старонцы сто два... І да заўтра вывучыць, на адзнаку. Хто ня піша, падыміце рукі”.
Пішуць. Скрыпяць. Руплівая шматрукая рабыня. Ён паглядзеў на ўратаванага ім сідарэвіча: той калупаўся ў вуху. Заўважыў яго бязьлітасныя вочы, неахвотна ўзяў асадку. Закрэмзаў, мучачы мярзотныя свае прышчы.
”Ай! Я ня ведаю, што пісаць!” — зарумзала, вылепіўшы з вуснаў ружовае пірожнае, каштанка, што сядзела перад ім. Кінула асадку — і чаму школьныя асадкі так бразгочуць, падаючы на стол? — пляската, пуста, паскудненька. Кінула, адвярнулася, а ў самой ужо цэлая старонка гатовая. Ня ведае яна... Усё яны ведаюць, несавяршэнналетнія савяршэнствы.
Заскрыпелі, прыціхлі, засаплі.
2.
Больш за ўсё ў школе яго зьдзівіла, што ён зноў стаў Алегам Іванавічам. Як жа лёгка робіць кар’еру тваё ўласнае імя. Школа — установа для жабракоў-арыстакратаў, працуеш за капейкі, затое кожны дзень маеш прыстаўку-оччаства, ня горшую за “фон”, і на яе фоне падаешся сабе не такім ужо й мізэрным. Добры дзень, Ідальга Іванавіч, як вашыя справы, Арэх Банвіванавіч, калі ласка, Морпех Бананавіч, ня стаўце мне пяць.
Ён вёў урокі як лекар: не дазваляў сабе крыку, не сюсюкаў, ня скардзіўся і не шкадаваў. Проста рабіў сваю працу. Са сваімі вучнямі ён заключыў непісаны кампраміс — зь ім яны гавораць па-беларуску, хто як умее, але быццам бы па-беларуску, а ён не папраўляе і не зьніжае за мову адзнак. Яны, канечне, ня ўмелі, яны былі з таго пакаленьня, для каго беларуская была хутчэй другой замежнай, чым роднай-моднай, але паціху гульня іх захапіла. Магчыма, яны яго нават любілі і крыху шкадавалі — як і належыць пацыентам нэрвовага, стомленага, але добрага і стараннага лекара, які ўзяўся за безнадзейную справу. Яны ведалі, што яму іх ня вылечыць. Але ён лячыў, як быццам яму і праўда ўсё гэта было важна.