Яму? Важна? Ды пляваць ён хацеў. І на іх, і на іхных бацькоў. Праца патрэбная, каб аплачваць задавальненьні. А задавальненьняў у ягоным жыцьці засталося няшмат. Вікі, віскі, Вільня — вось і ўвесь набор. Гэтую трыяду можна было ўспрымаць як veni, vidi, vici ці як Kinder, Küche, Kirche, у залежнасьці ад настрою і абставінаў.
Штодня, едучы ў сваю школку, ён праглядаў абвесткі на сайтах працоўных вакансій. Найперш, зразумела, у разьдзеле “Мастацтва, забавы, мас-мэдыя”. Краіне былі патрэбныя трэнд-вотчэры — і гэта гучала як парода сабакаў. Сабачкі мусілі вынюхваць модныя рэчы ў крамах ЗША і ў замежных блогах і валодаць ангельскай на ўзроўні Upper. Не, гэта не для яго. Куды яму, дварняку. Хтосьці шукаў капірайтэра-піяршчыка 80-га ўзроўню. Што трэба піярыць, тлумачыць ня сталі. Якая розьніца. Капіюй, пі, наярвай і ня парся. Сетцы крамаў “Рублёўскі” быў пазарэз патрэбны культарганізатар: ”ініцыятыўнасьць, харызматычнасьць, крэатыўнасьць, актыўная жыцьцёвая пазыцыя”. Апошняе асабліва пужала. Быць у адказе за суворы адпачынак сотні давераных табе каўбасьнікаў, касірак і грузчыкаў і забаўляць іх сваёй актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй — гэта было горш за школу. Хацелася б паглядзець, як яны выпрабоўваюць кандыдатаў на харызматычнасьць. Ну што, хлопча, насьмяшы нас. Абаяй ды наябі, ды так, каб ніхто не заўважыў. Харя-то у тебя не больно харизматичная...
Айчыннай культуры былі патрэбныя страсныя выкладчыкі сальсы, а таксама бачаты, вальсу, вогу і стрып-плястыкі. Пяшчотныя флярысты і мужныя майстры тату, радасныя вядучыя ФМ-радыё і мэнэджэры па продажы керамічнай пліткі. Несудзімыя мыйнікі посуду і непітушчыя касіры ў букмэкерскую кантору. Слаўныя кіраўнікі тэлеканалу Слуцк ТВ і аніматары (зь яго атрымаўся б неблагі Кракадзіл Гена). Катастрафічна не хапала адміністратараў у катарскія кінатэатры і мэрчэндайзэраў. Тэрмінова шукаліся кіраўнікі курсаў па нарошчваньні веек і шустрыя швачкі-машыністкі.
Вікі, віскі, Вільня. Не пытайцеся, адкуль у настаўніка грошы на віскі і Вільню — кожны круціцца, як можа. Мець тут працу значыць шукаць іншую, ня мець ніякай значыць мець толькі адну, быць значыць мець, мець значыць знаць патрэбных людзей. Вільню ён дазваляў сабе раз на месяц, па выходных — браў загадзя білет, прыяжджаў раніцай і, непрыкметны, адстаяўшы ў змакрэлай чарзе памежнага кантролю, выходзіў, сонны і нейкі прысаромлены, у віленскі вырай, піў каву, купляў драбязу, насалоджваўся іншым рытмам, іншым розумам, тут можна было стаць няспрытным, празрыстым, тонкім, тут ня трэба было хітрыць і трапацца, тут можна было растварыцца — да вечара.
Не, сваю Вільню раз на месяц ён, відаць, нікому не аддаў бы. А нешта іншае з рэшты часам можна было замяніць на Вініфрэд. Такі быў псэўданім у дзяўчыны зь сяміхвіліннага порна, ягонага любімага роліка, лепшага за які ён так і не знайшоў. Усё там было натуральна і проста, як у наскальным жывапісе. Яна была жывая, маркотная, нясьпешная, і скура ў яе была ў прышчыках. Відэа дзейнічала на яго прымірэнча і лагодна. Твару мужчыны відаць не было — ды ён нічога і не рабіў, ад яго заставаўся толькі чэлес, зь якім Вініфрэд абыходзілася на дзіва спакойна і зь нейкім затоеным жалем. Можа, яна кахала таго мужыка, і ён быў сьведкам аднаго іхнага вечара. Заўжды аднаго і таго самага вечара. Яны канчалі з гэтым мужыком разам. Ёй на далонь. Раз на тыдзень.
Ён быў самотны, і яму было сорак. У сорак гадоў пакрысе пачынаеш заўважаць, што тваё цела перастае цябе слухацца. Спачатку гэта зьдзіўляе, успрымаецца як недарэчнасьць, потым злуе, нібы здрада, а потым прыходзіць пакора. Сорак — ня вырак, сорак — выклік; тваё цела робіцца падобнае да школьнай клясы, над якой цябе нядаўна паставілі наўчыцелем. Канечне, большасьць тут яшчэ выконвае твае загады і нават прыхамаці — неахвотна, ляніва, але выконвае, бо такі ўжо заведзены парадак. Але сям і там зьяўляюцца маргіналы, неслухі, іх мала, але галасы у іх усё мацнейшыя, гэтых дурнілаў усё болей — іх трэба ўпрошваць і караць, падманваць і ўзнагароджваць. А ёсьць жа і сапраўдныя адмарозкі. Гемараідальныя вузлы калектыву. Як і любому настаўніку, табе хацелася б перавесьці іх на нейкае іншае, чужое цела, а сабе пакінуць толькі прытомных і дысцыплінаваных. Мара кожнага пэдагога.
Але гэта ня тая школа, якую можна зьмяніць. Разумееш, ня тая. Гэта твая школа на ўскраіне гораду, і гэта твая кляса, іншай ня будзе, і гэта твая краіна, як бы ты ні марыў пра чужую, і гэтае дэжа-вю трэба неяк дажыць.