Выбрать главу

Усё было проста. Яшчэ адным чалавекам зрабілася меней. Яшчэ адным пахам, насмаркам, зубной шчоткай, вялікай праблемай, занятым месцам у электрычцы, сьледам на мокрай зямлі, галаўным болем, голасам, просьбай, крыкам. Хутка нябожчыка забяруць, а ён, Тэрэзіюс Скіма, пачне калупаць гэтую нікому не цікавую сьмерць. Бо яму за гэта плацяць. Ён спусьціцца па сходах уніз, дзе пераступаюць ужо з нагі на нагу людзі зь цёмнымі вачыма і неспакойнымі запясьцямі. Ён пройдзе міма іх ашчэраных ратоў, міма засохлых дрэўцаў, выйдзе на вуліцу, уздоўж якой стаяць у адным бясконцым шэрагу прапаведнікі і афрыканскія прынцы, прастытуткі і прадаўцы гарачых каштанаў, усе гэтыя праўнукі і праўнучкі чалавецтва, хто пасьпеў, той прысеў, на вуліцу, дзе няма ні сонца, ні сьмеху, дзе дрэвы мучацца ад бяссоньня і ўсім так хочацца жыць. Але гэта будзе пазьней.

Не, Тэрэзіюс Скіма не служыў у паліцыі. Ён працаваў агентам так званай Erkennungsdienst, ED Berlin, службы ідэнтыфікацыі неапазнаных асобаў. Гэта была зусім маленькая кантора, хоць справаў у яе хапала: у горад, нібы загіпнатызаваныя, цягнуліся людзі з усяго сьвету, яны праточваліся праз шчыліны, праходзілі скрозь сьцены, прасочваліся сюды разам з паветрам, яны ляцелі ў бэрлінскую ноч, нібы інсэкты на сьвятло, і паміралі тут, і ніхто ня ведаў, адкуль яны і хто. Апошніх паўстагодзь­дзя чалавек толькі і рабіў, што выстаўляў сябе напаказ, імкнуўся быць бачным, чутным, змагаўся з публічнасьцю і за публічнасьць — і здавалася, што вось яна, тая эпоха, калі ў сьвеце цяжэй чым калі-кольвек згубіцца, але ж не: на плянэце ўсё роўна большасьць складалі тыя, пра каго не было вядома анічога. І Тэрэзіюс Скіма знаходзіў іх імёны. Ён высьвечваў у цемры і хаосе часу іхныя жыцьці — як правіла, ужо тады, калі па гэтых закінутых сьцежках ужо не было каму ісьці; ягонай задачай было пазбавіць сьмерць ананімнасьці і паведаміць у адпаведныя органы, хто менавіта пакінуў шэрагі чалавецтва, каго можна было больш ня ўлічваць вечна заклапочанаму закону і заўжды цікаўнай, але занадта абмежаванай у сродках дзяржаве.

Ці любіў ён сваю працу? У 2050 годзе пра гэта не прынята было пытацца. Праца як праца: але ў ёй прысутнічала нешта, што прымушала Тэрэзіюса Скіму адчуваць цікаўнасьць, амаль забытае эўрапейцамі пачуцьцё. Цікаўнасьць і зьдзіў. Ягоныя тонкія вусны складваліся тады ў маркотную ўсьмешку, і можна было меркаваць, што яго засмучае ягоны невясёлы занятак, але не: калі Тэрэзіюс Скіма працаваў, на ягоных вуснах зьяўляўся дзіўны смак, гаркавы, як трава, і пякучы, як быццам ён пракусіў сабе скуру. Тэрэзіюс Скіма любіў гэты смак. Нібы ён стаяў на беразе акіяну і глядзеў на тое, як пачынаецца бура.

А яшчэ Тэрэзіюс Скіма любіў котак, кароткія вузкія спадніцы і старое кіно — такое, якое здымалі на дапатопныя смартфоны ў пачатку стаго­дзьдзя. Яму было трыццаць пяць, ён скончыў Потсдамскі ўнівэрсытэт, ягоная магістарская праца была прысьвечаная камэнтарам, якія пакідалі ў сацсетках пачатку стагодзьдзя рэжысэры так званай “SuperDDR“: Мюльбах, Ойбушка, Цзы Фань... Можна было застацца ў навуцы, замкнуцца ў сьвеце віртуальных прывідаў, так і пражыць, не перанапружваючы ні цела, ні душу — але чамусьці... Чамусьці Тэрэзіюса Скіму цягнула ў кіно вуліц, у так званую “рэальную рэальнасьць”, ногі самі вялі яго туды, дзе было вусьцішна і шумна, дзе цябе самога здымалі на сваё відэа вісклівыя вокны і разьбітыя пыльныя вітрыны няіснага больш гораду, дзе пахла нікому не цікавым жыцьцём.

У розэнгартэны і кайзэргофы, у самыя цёмныя і занядбаныя кварталы выкінутага з гісторыі гораду. У такія вось пакоі, што зьмяшчалі цэлае жыцьцё і дзе на ложку прытулілася маленькая чужая сьмерць. Яго ўражвала, што ён мог бы зрабіцца адным зь іх — і ён ніяк ня мог уцяміць, што за выпадак аддзяліў яго ад гэтых людзей непраходнай мяжою. Няўжо гэтым выпадкам было дзяцінства? Ці — дабрабыт бацькоў? Або яшчэ страшней: ён проста нарадзіўся ў гэтай краіне. Нарадзіўся: а значыць, ягонай заслугі ў тым, што ён не памрэ самотны ў танным гатэлі сярод чужых людзей, няма. Няма! Неяк ён пачуў ад аднаго эмігранта: калі ты з Усходняй Эўропы, тваё нараджэньне — гэта пахаваньне зажыва. Гэта яго агаломшыла. Усё магло быць інакш. Ён мог нарадзіцца ў вёсцы па той бок Мяжы. Сярод “бураковых палёў, каларадз­кіх жукоў і народных прыкметаў...” Сярод гусей, курэй і парсюкоў. І тады не было б нічога. У тым, што Тэрэзіюс Скіма нарадзіўся Тэрэзіюсам Скімам, не было ніякай ягонай заслугі.