Гэта цяжка было прыняць. Гэта злавала. Гэта хвалявала. Гэта руйнавала ўвесь ягоны сьвет. Аднойчы ў нейкай крамцы на яго накрычаў п’яны чалавек — гэта быў супрацоўнік ED. Яны пазнаёміліся, разгаварыліся. А празь месяц Скіма атрымаў пасьведчаньне агента. Было сьмешна. Тыя рэжысэры з SuperDDR ненавідзелі ED... Бунтары з прыдуманай імі супэркраіны.
Тэрэзіюс Скіма падняў выкураны пастаяльцам недапалак і паднёс да вачэй.
Што я раблю тут? Дзеля чаго мне ведаць, хто ён быў такі? Што ад гэтага зьменіцца?
Мэдык насунуў шапачку, кіўнуў Скіму і выйшаў.
“Айсу, расьпішыся там за мяне, — прабурчэў Бюхман. — Слухай, агент, я спадзяюся, табе хопіць тут дзесяці хвілін на гэтыя вашыя фармальнасьці?”
У пакой увайшлі дужыя хлопцы і, некалькі разоў перакуліўшы цяжкае цела нябожчыка, ускінулі на насілкі. Апошні раз правесьці позіркам па ягоным твары, запомніць кожную рысу. Фота — гэта яшчэ ня ўсё.
“Выносім”.
Вось у пакоі ўжо і няма ніякай сьмерці. Хлопцы затупалі ў калідоры, панесьлі нябожчыка ўніз. Бюхман ішоў сьледам, нібы сьвятар. Было чуваць, як ён напявае пад нос: “würgen macht frei”. Старая песьня.
Тэрэзіюс Скіма наматаў бародку на палец, адпусьціў. А затым сьціснуў вузкія вусны, якія зноў паколваў гаркавы смак таямніцы, і ўзяўся за справу.
4.
Аўсвайс нябожчыка, як яны пасьпелі пераканацца, быў усяго толькі бессэнсоўным пляскатым кавалкам плястыку — сканэр на яго нават не рэагаваў. Гэта быў часовы дазвол на побыт у краіне — цікава, колькі яму далі часу чыноўнікі паліцайпрэзыдыюму: год, два, тры? А галоўнае, калі? Ад фота ў куце засталася толькі ружовая пляма, літары былі зацёртыя, нібы іх нехта саскроб нажом. Зразумела, што аўсвайс быў даўно пратэрмінаваны і ўладальнік захоўваў яго толькі таму, што іншага пасьведчаньня асобы ня меў. Не, ён ня быў шпіёнам, гэты пастаялец — ён проста занадта часта начаваў пад дажджом і сьнегам, губляў сваё немудрагелістае майно і зноў знаходзіў, выпускаў яго з рук у лужыны чужой краіны, яго абкрадалі, білі, ён хварэў і зноў прытомнеў, і кожнага разу гэтае плястыкавае, неахвотна выдадзенае яму сэрца зноў вярталася да яго, немаведама якімі шляхамі.
Саскрэблены з плястыку, зацёрты бяспашпартны чалавек толькі што ляжаў на гэтым вось ложку. Вядома, Бюхман мусіў адказаць перад законам за тое, што пасяліў у гатэлі асобу без дакумэнтаў, але Тэрэзіюс Скіма ведаў, што махне на гэта рукой — яму было не да Бюхмана, з гэтым камунякам усё ясна і так, унізе ўжо чакаюць новыя пастаяльцы, у якіх таксама ніхто не спытае, хто яны такія. Валакіта з разборам і штрафам толькі адцягнула б агента ад сапраўды важных рэчаў. Пагатоў іншыя знойдзеныя ў пастаяльца прадметы аказаліся значна больш цікавымі.
Так, тут было пра што падумаць.
Маёмасьць нябожчыка зьмяшчалася ў адзін заплечнік. Шкарпэткі і майткі ён, відаць, незадоўга да сьмерці зьбіраўся памыць у душавой кабінцы — яны ляжалі на падлозе, яшчэ сырыя, зь белымі саплівымі плямамі ад мыла. Бруднае паліто вісела на кручку, яно яшчэ захоўвала колішнюю элегантную форму, але ўжо страціла колер. Каля дзьвярэй разводзілі вушамі ў бакі разьбітыя, заліхвацкія дарожныя чаравікі. На трэснутай ракавіне ляжалі старая зубная шчотка і выціснуты да апошняй кроплі тубік зубной пасты. У заплечніку Тэрэзіюс Скіма знайшоў штаны і швэдар, відэлец, адкрывалку, нож... Набор плястыкавага посуду... З гэтым усё было зразумела. Зроблены мэдыкам аналіз паказаў, што ДНК памерлага пастаяльца няма ні ў воднай базе дадзеных. Ва ўнутранай кішэні заплечніка ляжала пяцьдзясят марак купюрамі і меднай дробязі грамаў на трыста. Банкаўскую картку, канечне, шукаць было бессэнсоўна. Вось яна, яго картка: пакамечаны цыгарэтны пачак з купюрамі. Скарыстаныя насоўкі, анучы, бясплатная, грубая, як каменным парашком пасыпаная, туалетная папера “Пяшчота”... Іржавая машынка для скручваньня цыгарак. Пакет таннага тытуню. І іншыя артэфакты зусім не фантастычнага чалавечага жыцьця.
Але ў заплечніку былі яшчэ тры рэчы, пабачыўшы якія, Тэрэзіюс Скіма зразумеў, што нябожчык ня быў звычайным бадзягам.
Па-першае, папяровы нататнік, увесь скрэмзаны надпісамі — крамзолі віліся па ім, як бясконцыя валасы, скручваліся і выпаўзалі, чапляліся за іншыя, абрываліся і завіваліся, каўтуны літар, чорны волас чужога почырку...
“Ён што?.. Пісаў ад... Ад рукі? На паперы?”
Тэрэзіюс Скіма азірнуўся. Пакаёўка стаяла на парозе, заварожана гледзячы на нататнік у ягоных руках.
“Вычварэнец, праўда? — усьміхнуўся Скіма. — Я мяркую, ад рукі ён пісаў ня толькі алоўкам...”
“А чым?”
“Напрыклад, дубцом па мокрай пасьля дажджу зямлі. Часам я бачу, як яны гэта робяць. Сядзяць на лавачках, апусьціўшы галовы, і крэсьляць свае знакі. Злуюцца, сьціраюць накрэмзанае падэшвай чаравіка, і зноў пішуць...”