Выбрать главу

“Гэтым ён пісаў у нататніку?”

“Не”, — коратка і ўпэўнена адказаў Скіма.

Не такое, зрэшты, яно было і старое — дый не настолькі сьмярдзючае, як яму падалося. Варта было проста адчуць яго сваім, адчуць, што цяпер пяро будзе гаварыць за свайго памерлага ўладальніка — і вось ужо Скіма пагладзіў яго пальцам і нават паказытаў сабе падбародзьдзе. На ім не было сьлядоў фарбы або атраманту, ім нічога ня скрэблі і наогул захоўвалі досыць надзейна. Гэтае пяро мела для памерлага нейкую важнасьць, нейкае значэньне. Магчыма, яно было абярэгам — а можа, нагадвала пра штосьці. Хоць магло стацца, што чалавек проста падабраў яго на вуліцы, напляваўшы на ўсе магчымыя хваробы, якія перадаюцца птушкамі. Проста так, падняў і паклаў у кішэню, зачараваны яго дасканаласьцю, пекнатой, незвычайнасьцю... Пяро магло быць зачэпкай. Нябожчык мог быць неяк зьвязаны з птаствам. Працаваў калісь — або паляваў, даведзены да адчаю голадам.

“Айсу! — зароў зьнізу Бюхман. — Ты хочаш, каб наша фірма загнулася? Дзе ты, чортава камсамолка? Я што, адзін буду прыбіраць гэты Палац зьездаў?”

Айсу са шкадаваньнем абвяла вачыма пакой і спынілася позіркам на Скімавай бародцы.

“Я нават ня ведаю, які ў яго быў голас, — прашаптала яна. — Ён нічога не сказаў. Узяў ключ і паклэпаў наверх, сюды”.

І яна выбегла ў калідор.

Дзяцел пагрукаў у дзьверы дня — патрабавальна і дзелавіта. Тэрэзіюс Скіма надзеў скураное паліто і завязаў чырвоны шалік — нібы апрануў на сябе вуліцу. Ён склаў свае здабыткі ў заплечнік: кніга, нататнік, пяро; рэчы, якія мусілі загаварыць. На парозе ён спыніўся і абярнуўся, быццам нешта забыў. Але ў пакоі не заставалася нічога, што прымусіла б яго вярнуцца. І ўсё ж, і ўсё ж...

“...комната была сама по себе; но нашелся посредник, и теперь этот вид становился видом из этой именно комнаты”.

5.

Папіваючы турэцкую гарбату — як утульна атайбаваўся й растае драбочак цукру ў роце з кожным глытком, драбочак цукру, вартаўнік маўчаньня! — Тэрэзіюс Скіма праглядаў усё тое, што сеціва магло расказаць яму пра гусіныя пёры. Ён заклаў нагу за нагу і раз-пораз лавіў на сабе няўхвальныя позіркі маладога кебабніка: занадта кароткая спадніца для гэтага раёну. Ня варта было іх правакаваць — але Тэрэзіюс Скіма меў свае прынцыпы. Прынцыпы, што грунтаваліся на разважлівасьці і здаровым сэнсе. І насамрэч: калі б ён мяняў спадніцы кожнага разу, калі апынаўся ў новым Stadtviertel, у яго папросту не хапіла б запасаў у гардэробе. Дый не пасавалі яму тыя шырокія і доўгія спадніцы, у якіх хадзілі мужчыны ў гэтай частцы гораду. Тэрэзіюс Скіма меў густ.

Прачытаўшы ўсё, што сеціва ведала пра гусіныя пёры, Тэрэзіюс Скіма вярнуўся да адной карціны, якая зацікавіла яго сваім сюжэтам. О так, вядома, “Сьмерць Марата” Жака-Люі Давіда, вядомы твор. Некалі ён быў выстаўлены ў Брусэлі, але ўжо два дзесяцігодзьдзі карціна знаходзілася ў Абу-Дабі, купленая тамтэйшым шэйхам. На гэтай карціне пёраў было ажно два: адно ў руцэ толькі што забітага рэвалюцыянэра, другое на драўлянай тумбе, побач з чарніліцай. Гэтыя два пяры — вось дзе былі сапраўдныя прылады забойства, намаляваныя Давідам. Нож на падлозе? Не, ён занадта відавочны, ён усяго толькі выканаўца, мсьці­вец. Бязьвінныя пёры забілі значна больш народу — і працягвалі забіваць, нават нягледзячы на гібель свайго ўладальніка. Гусіныя пёры, якімі падпісваліся прысуды і ставіліся крывавыя рэзалюцыі...

Ад карціны Давіда, якую Тэрэзіюс Скіма памятаў яшчэ са школы, ён неўпрыкмет перайшоў да іншых і зрабіў некалькі адкрыцьцяў, якія нямала яго пазабаўлялі. Высьветлілася, што ­сьмерць жорст­кага якабінца пісаў ня толькі Давід. Расеец Ганчароў стагодзьдзе з чвэрцю таму намаляваў парачку Марат-Кардэ нібы ў сцэне зь нямога кіно — але каляровага, расфарбаванага мастаком у марозна-крымінальныя ленінградзкія цені. Пёраў там не відаць, там рука забойцы — ужо сама па сабе пяро... А Марат — як сьвяты, рукі ўзьдзеў, ня зьдзіў­лены, але гатовы да ўзьнясеньня. Некалі Мунк напісаў сваю сьмерць Марата: там удзельнікі драмы — каханкі, на стале садавіна, на ложку — прапораты труп, тварам да гледача аголеная Шарлёта, з пачуцьцём выкананай місіі, асуджаная, што асу­дзіла. Чэх Іржы Суруўка, натхнёны Мункам, таксама напісаў пасьцельную сцэну: яна зьверху, занятая справай, рот у Марата вялікі, нібы парваны. Трохкутнік паміж ног Шарлёты працінае Марату ніз жывата, рука з нажом занесеная над сэрцам, двайное пранікненьне, ня толькі забойства, але яшчэ і кастрацыя.