Выбрать главу

Ён што, плача?

Не, гэта кніжны пыл выядае яму вочы. Тэрэзіюс Скіма і сам адчуў, як шчыпле яму недзе ў валасках у носе.

“Здаецца, яна напісаная па-расейску, — сказаў Тэрэзіюс Скіма. — Але ня факт. І я ніколі не паверу, што вам няма чаго сказаць пра гэтую... ну... кнігу”.

Кнігар пакруціў кнігу ў руках.

“Не, я бачу яе ўпершыню. Але расейскіх кніг у мяне хапае. Расейскіх і тых, што выдаваліся ва ўсіх гэтых лімітрофах. Да 2020-га году. Магу дакладна сказаць, што яе купілі не ў мяне. І яшчэ...”

“Што?”

“Мяркую, ён сам яе напісаў, гэты ваш нябожчык”.

“Чаму?”

“Ня ведаю. Але мне знаёмы гэты тып. Паэты. Кожны зь іх цягае з сабой асобнічак сваёй кніжкі. Паверце, я дастаткова на іх наглядзеўся”.

“Паэты? Тыя, хто піша... вершы? Хіба яны яшчэ існуюць?”

Кнігар неяк злосна засьмяяўся.

“Яны — так. Яны нават чытаюць сваю чухню. Але толькі самім сабе. І страшна гэтым ганарацца. Па шчырасьці, гэтыя вычварэнцы вартыя жалю. Больш самазакаханых істотаў я ў жыцьці не сустракаў. Думаю, ваш кліент якраз з такіх...”

Тэрэзіюс Скіма паказаў кнігару фота пастаяльца. Той пацёр вочы і ўсьміхнуўся.

“Сьмерць сама найлепшы аўтар. Неўміручы клясык. Перад ёй мы ўсе поўныя глыбокай пашаны чытачы. Не, я яго ня ведаю. У мяне ён не выступаў. Значыць, ваш кліент ня дурань. Прынамсі, у яго хапала розуму не гуляць у іхныя гульні”.

“Якія гульні? Што вы маеце на ўвазе?”

“А вы ня ведаеце? Хоць адкуль вам ведаць... Вы не падобныя да таго, хто бавіцца ў “Абажур”.

Заўважыўшы неўразумелы позірк Скімы, кнігар зласьліва, крыва засьмяяўся.

“Гэта клюб маладых ідыётаў. Жорсткіх, як і ўсе дзеці. Яны прыходзяць да гэтых старых пердуноў, паэцікаў, і робяць выгляд, што фанацеюць па іхных вершыках. Разумееце? Зрэшты, гэта трэба бачыць. Сёньня ў мяне будзе чытаць адзін такі небарака. Не разумею, чаму да яго не даходзіць, якое ён сьмяхоцьце. Зрэшты, гэты занятак — папісваць кніжкі — заўжды асьляпляў людзей, раптам і ўжо незваротна. Пісаць іх — як выколваць сабе вочы. Уласнаручна выдзіраць іх са сваёй башкі і ўсё жыцьцё пачувацца шчасьлівым. Яны хворыя людзі... Як вас завуць?”

“Агент Тэрэзіюс Скіма”, — Скіма кіўнуў і прысеў на скрыню з кнігамі.

“Вы немец?”

“Я бэрлінец”, — коратка адказаў Скіма, а сам падумаў, што як бэрлінец ён мусіў бы ведаць пра гэтае дзіўнае месца.

“Я таксама... — кнігар задумаўся. — Маё імя Кляй­нрот. Увэ Кляйнрот. Да вашых паслугаў, агент Скіма. Дык пра што гэта я? Ах, так. Гэтыя нудныя шоў варта пабачыць на ўласныя вочы. Прыходзьце сёньня а сёмай. Абажурнікі (гэта ад слова “абажаю”, канечне ж) прыйдуць на свайго клоўна. Які не падазрае, хто ён насамрэч для гэтай моладзі. Цікавы псыхалягічны фэномэн, мушу вам сказаць. Агідны і цікавы, агент Скіма...”

“Чаму ж вы трываеце ўсё гэта... тут... вам жа ­агідна?”

“А што я магу зрабіць? Клоўн крыўдуе, калі яму намякаеш пра ягоную сапраўдную ролю. Апошнія кнігарні ёсьць і ў іншых гарадах. Ён можа паехаць да іншых. А абажурнікі плацяць мне за ўваход. Тры маркі, дарэчы. Яны багатыя, гэтыя злыя дзеці, новыя людзі новай плянэты. Зразумейце мяне. Кожны выжывае, як можа. Прынамсі, мы ўсе маем ілюзію, што часы літаратуры яшчэ не мінулі. Што старая цудоўная эпоха яшчэ ня скончылася. Хоць, па шчырасьці, агонія пачалася яшчэ перад вашым нараджэньнем...”

Тэрэзіюс Скіма ўжо ведаў, што пойдзе. Ён і не па­дазраваў пра існаваньне ў горадзе такіх субкультураў. Гэта магло быць важна для працы — але была і іншая прычына. Якая, ён пакуль што ня змог бы патлумачыць нават самому сабе. Горад, па якім ён швэндаўся год за годам, раптам прачыніў яму патаемныя дзьверы. Быццам ты жыў гадамі з адным чалавекам і думаў, што ведаеш пра яго ўсё. А высьветлілася, што гэты знаёмы да апош­няга ўрослага пазногця чалавек — суцэльная таямніца...

“Што да кнігі... — Кляйнрот з уздыхам аддаў яе Скіму. — Тут няма прозьвішча аўтара. І няма назвы. Так пачалі рабіць не раней за 2035. Тады вырашылі, што назва — гэта занадта прэтэнцыёзна, а пісаць сваё прозьвішча на вокладцы — бессэнсоўна. Калі зь літаратуры сышлі апошнія грошы — скончылася і гэтая вечная прэтэнзія на ўладу. Уладу над тым, што ты напісаў. Паверце, я ведаю, пра што кажу. Я мяркую, ён выдаў яе за свае грошы недзе ў нас. І прыехаў сюды, ня маючы ілюзій. Ён не зьбіраўся чытаць яе перад абажурнікамі. Ён прос­та быў шчасьлівы тым, што мае. Апошні паэт. Вось кім ён сябе лічыў. Эмігрант, які думаў, што зможа пражыць тут, у нас, пішучы вершыкі на сваёй расейскай мове... Дык чакаць вас сёньня, агент Скіма? Я не вазьму з вас плату, так і быць. Лепш купіце ў мяне штосьці”.

“Так, я буду, — сказаў Тэрэзіюс Скіма. — Кажаце, а сёмай? Дайце мне якую-небудзь расейскую кнігу. Любую”.