Выбрать главу

Паэт упіўся ў іх вачыма. Было відаць, як яму цяжка, як ён шукае ў іх энэргію, шукае адказ — ці дадуць яны яму сёньня тое, без чаго ён не дажыве да раніцы. Дозу славы.

Скіма заклаў нагу за нагу. Да яго ніхто не падсеў. Толькі жанчыны часам кідалі на яго зьдзіўленыя, недаверлівыя позіркі — пэўне, ня ведалі, як да яго ставіцца. Скіма быў тут адзіным, хто прыйшоў ня дзеля гульні. Адзіным, каго яны ня ведалі — вясёлая зграя перакормленых маладых гараджанаў, якія ратаваліся ад нуды.

Седзячы ў сваім куце, Кляйнрот ціха прадставіў паэта і асьцярожна, уздоўж сьцяны, прасьлізнуў да дзьвярэй. Кім Кляўс ня стаў вітацца — ускудлаціўшы брудную бараду, ён адразу пачаў нешта чытаць. Тужлівы голас мармытаў слова за словам, барада трэслася, рукі дрыжалі... Недзе праз хвіліну паэт заплюшчыў вочы, ён нібыта наладжваў сябе, напампоўваў свой рот новымі словамі, якія браліся невядома адкуль... Маладыя целы перад Скімам напружыліся, па ледзь бачнай дрыготцы, якую агент заўважаў у ідэальна роўных сьпінах і выгаленых патыліцах, Скіма адчуваў, што ўсярэдзіне слухачоў пачынае клекатаць сьмех. Але яны стрымліваліся. Відаць, у іх быў свой сцэнар — прадуманы так, каб атрымаць максымальную асалоду.

Гуляючы са сваёй бародкай, прымружана-адсутны, прыгожы і ўсё роўна чамусьці дужа маркотны Тэрэзіюс Скіма сядзеў, паклаўшы нагу на нагу, і чакаў, што будзе далей.

Спачатку ён пералічыў тых, хто прыйшоў. Пятнаццаць чалавек. Небагата — і ўсё ж ён, Скіма, быў пэўны, што такіх сходак у Бэрліне не адбываецца, прычым ужо гадоў дваццаць... Ён думаў, што ведае пра свой горад усё. І пра тых, хто жыве ў ім, таксама. І вось жа: новая забава, пра якую ён ніколі ня чуў. Потым ён усё ж вырашыў сканцэнтравацца на чытаньні, услухаўся ў тое, што гучала з рота Кляўса — той то мармытаў, то выў, то пляваўся, але голас меў невыразны, слабы, голас хворага, капрызнага таўстуна... Тэрэзіюс Скіма чуў словы, словы сваёй роднай мовы, але ня мог зразумець іхны сэнс. Калі ж сэнс усё ж праскокваў, гэта ня надта дапамагала. Тады вершы Кіма Кляўса больш за ўсё нагадвалі бясконцыя скаргі на самаадчуваньне — і Скіму апаноўвала пачуцьцё абсалютнага абсурду гэтай дзеі.

Яму ўсё мацней хацелася пераключыць карцінку, перагарнуць, або проста выдаліць непатрэбную выяву — але зрабіць гэта было немагчыма. Кім Кляўс існаваў — і пятнаццаць сьпінаў перад ім, якія пачалі ўжо выяўляць прыкметы нецярплівасьці, таксама існавалі і запаўнялі вечар, не пакідаючы ў ім вольнага месца. Тэрэзіюс Скіма адчуў, што задыхаецца ў гэтым душным пакоі, сярод бязглузь­дзіцы, смуроду, рытмічнага мармытаньня і насьмешліва замерлых патыліц.

Нарэшце Кім Кляўс зрабіў паўзу — проста каб глынуць паветра, і публіка скарысталася гэтым напоўніцу.

Моцныя маладыя далоні закалаціліся ў дурнаватых, перабольшаных, гістэрычных воплесках. Некаторыя пляскалі сябе па сьцёгнах і лытках, іншыя крычалі:

“Брава! Геніяльна! Віват Кім, наш найлепшы ­паэта!”

“Гэты чалавек вынес мне мозак! — ускочыў нейкі маладзён і павярнуўся да сваіх прыяцеляў. — Вось гэта сіла!”

“Гэтая штука мацнейшая за “Фаўст” Гётэ!” — падняўся зь месца іншы.

Потым ускочылі яшчэ двое, скасавурыліся на Скіму і хорам пралямантавалі:

“Кім Кляўс — геній! Геній нашага часу!”

“Хто мы безь яго вершаў? Кансумэнты, мёртвыя дзеці прададзенай Эўропы!” — сказала басам адна з жанчын.

“Вы немец?” — зьвярнулася да Скімы яе суседка.

“Я бэрлінец”, — флегматычна адказаў Скіма. Але яго ніхто не пачуў.

“Кім! Кім! Мы абажаем цябе!” — заенчыла нейкае хлапчанё ў гальштуку, надзетым на палітон.

“Кім Кляўс — гэта паэзія! Кім Кляўс — жывы клясык”, — падтрымала яго сяброўка, падміргнуўшы сваім, якія падымаліся зь месца, па чарзе, як на стадыёне.

“Слава Кіму! Безь яго гэты сьвет — гаўно, Кім дае нам духоўнасьць і сьвятло ў канцы тунэлю!” — правішчаў той самы хлопчык у палітоне, упаўшы на калені перад паэтам і абхапіўшы яго кароткія тоўстыя ногі.

“Кім! Кім! Кім!” — заверашчалі яны ўсе разам. Скіма асьцярожна зірнуў на Кляйнрота — але дзьверы былі зачыненыя. Ён сядзеў у адным пакоі з гэтымі ненармальнымі і быў адзіным, для каго тут не існавала ролі.