Скіма наматаў бародку на палец. Серабрысты матузок бліснуў у сьвятле лямпы. Хутчэй за ўсё, Кляйнрот замкнуў дзьверы. Але грукаць? ...і прасіць выпусьціць яго адсюль на волю?.. Не, ён ня дасьць ім яшчэ і такога задавальненьня.
Кім Кляўс сядзеў на сваім месцы, тупа гледзячы перад сабой, вушы яго гарэлі, а ў маленькіх вачах скакалі ашалелыя маладзёны, якія накручвалі сябе ўсё больш і больш.
“Калі я чую вершы Кіма Кляўса, мне здаецца, у мяне пад пазногцямі нараджаецца космас”, — паведаміла агенту адна з жанчын, сутаргава ўчапіўшыся ў сьпінку крэсла.
“Вы чыталі яго апошнюю кнігу? — спытаў у Скімы пісклявы хлопчык. — Я куплю сёньня тры асобнікі. І папрашу аўтограф на кожны! На кожны! На кожны!”
Усё пачалося з крэслаў. Іх штурхалі нагамі — і крэслы паслухмяна валіліся на падлогу, адно на адно, а калі не валіліся, дык разьяжджаліся, натыкаючыся на сьцены, на паваленыя крэслы наступалі нагамі, паўсюль панавалі трэскат і грукат, быццам пакою ламалі косткі, нехта выбіў крэсла з-пад ног паэта, але той пасьпеў саскочыць — досыць элегантна, насуперак свайму мажному целаскладу. І вось ужо паэтава крэсла, якое хтосьці падкінуў да самай столі маладой рукой, узьляцела і ўпала на галаву нейкаму аматару паэзіі. Кіма Кляўса абляпіла адразу чацьвёра... не, пяцёра чалавек, яны вырывалі валаскі зь ягонай зашмальцаванай барады, хапалі яго за рукавы, пакідалі пацалункі на ягоных барвовых шчоках, ён моршчыўся, але трымаў рукі па швах, як салдат, якога зьбіваюць п’яныя афіцэры, і на твары ягоным гарэла няшчасная, але і трохі юрлівая ўсьмешка.
“Паэзія! Кіма Кляўса! Абуджае ў нас найлепшыя чалавечыя пачуцьці! І касьмічныя інстынкты!” — прароў хтосьці на вуха Скіму.
Скіма сядзеў пасярод гэтага гармідару і флегматычна ўсьміхаўся. З-пад яго ніхто крэсла выбіць не наважваўся — ён плыў праз гэтую буру, што раскідвала вакол валаскі, пляўкі, ашмоцьце паперы і дурны, зьвераваты лямант, нібы айсбэрг. Бура шалела проста перад ягоным тварам, у ягоныя вочы з прагнай надзеяй зазіралі нячысьцікі, дробныя і вусьцішныя, як істоты з гогалеўскай ночы, але Тэрэзіюс Скіма проста гуляў са сваёй бародкай і ўсьміхаўся. А калі няўрымсьлівая публіка схапіла паэта і пачала падкідваць угару, ён дастаў з заплечніка кніжку пра мальца, што ўцёк з дому на гусаку, і занурыўся ў пажоўклыя карцінкі.
Хлопчык на сьпіне птушкі. Чалавек у чэраве кіта. Тэрэзіюс Скіма ў кашэчай поўсьці. Жывое падказвае нам штосьці, нейкі шлях паратунку. Ці не таму людзі навокал з кожным годам пачынаюць усё больш нагадваць жывёлаў? Валасы так і пруць з расьпешчаных целаў. Пысы выцягваюцца, рукі цягнуцца да зямлі. І з горлаў усё часьцей вырываецца енк, брэх, страх, голад...
З гэтай гісторыі пра Нільса мог бы атрымацца неблагі фільм, падумаў Скіма. Уцёкі з Расейскай імпэрыі на гусаку ў вольны сьвет. Хлопчык-дзікун, які прызямляецца ў чужой краіне без папераў і мінулага, бяз мовы і маці.
Бура сьціхла раптоўна. Нібы па камандзе, удзельнікі клюбу “Абажур” замерлі — і потым, ня гледзячы адно на аднаго, пацягнуліся да дзьвярэй. Кляйнрот абачліва адчыніў іх і, стоячы ў засені кніжных гор, зьбіраў плату. Неўзабаве пакой апусьцеў.
“Колькі? — кінуўся Кім Кляўс да кнігара. — Колькі кніжак прадалі?”
“Трыццаць, — суха адказаў Кляйнрот. — Зараз разьлічымся. І ты абяцаў мне навесьці парадак”.
“Як табе мой выступ?” — Кім Кляўс паправіў спадніцу, закасаў парваны рукаў, сеў нацягваць цёплыя калготкі.
“Поўны посьпех, — Кляйнрот, сьлінячы купюры, адлічыў паэту ягоную долю. — Як заўжды, Кіме”.
“Менавіта! — вочы паэта шчасьліва бліснулі. — Як яны мяне слухалі... Я думаў, зараз заплачу...”
Але нечага паэту ўсё ж не хапала. Ён прыдзірліва разгледзеў сябе ў маленькім люстэрку, паглядваючы скоса на Скіму, нецярпліва прабегся міма абыякавых паставаў кніжных асілкаў, а затым ня вытрымаў і схапіў Скіму за серабрысты віты матузок. Той лёгка ўдарыў паэта па руцэ — і тоўстая рука, дрыжучы, вярнулася ў нетры бруднай спацелай барадзішчы.
“А вы, агент? Як вам мая паэзія? Бачылі, які фурор?”
“Хрысанагісу такі і ня сьніўся, — сказаў Тэрэзіюс Скіма, назіраючы, як па твары Кіма прабегла грымаса агіды. — Але мне падалося, яны вас ня слухалі”.
“Што?”
“Ня слухалі. Не чыталі. І не зьбіраліся, — спакойна сказаў агент Тэрэзіюс Скіма. — Вы іхная цацка. І яны пабавіліся вамі ўволю. У кожнага пакаленьня свае забавы, але часам звыклыя забавы надакучваюць. Нам хочацца пярчынкі. Разынкі. Новых ахвяраў. Вось і ўсё, што я магу сказаць”.
“Што ён такое вярзе, Кляйнрот? — жаласьліва прамовіў паэт. — Вы паліцэйская доўбня, вы нічога не разумееце ў літаратуры”.