Жанчына ўскочыла і выбегла ў калідор. Скіма падабраў камэру і агледзеў поле бітвы.
Яму было ясна, хто яны. Маладыя рэжысэры, вядома ж. Гэты рух, які пачынаўся як мастацкі, за апошнія гады набраў папулярнасьць: на іхнай мове гэта называлася “люстэрка жыцьця” — яны нападалі на мінакоў, здымалі на відэа і адпускалі сваіх ахвяраў, а потым зьбіраліся на фэстывальчыкі, дзе паказвалі зьнятае і раздавалі прызы. У іх была свая філязофія: “адрэналін не каштуе нічога”, “мы вёдры для сьвежай крыві мастацтва”, “толькі гвалт робіць нас людзьмі”, так гучалі іхныя лёзунгі, нешта такое, брыдкае, маладое, і самае цікавае: іх цяжка было прыцягнуць да адказнасьці, бо, па-першае, дзіўным чынам у іх заўжды знаходзіліся выдатныя дарагія адвакаты, а па-другое, ахвяры почасту самі адмаўляліся ад заяваў у паліцыю, калі даведваліся, што іх зробяць зоркамі моднага кіно, пра якое напішуць у сеціве. Урэшце, роля ахвяры нічым ня горшая за ролю нападніка: шкадаваньне блукае побач зь любоўю.
Цяпер яны ўсе трое туліліся ў куце, пазіраючы на Скіму без асаблівага страху, хутчэй зь цікавасьцю і лёгкай пагардай. Так, ім было балюча, але боль успрымаўся імі як частка жорсткай гульні, яны былі гатовыя прымаць боль і даваць яго, яны шчыра не разумелі, чаму Скіма ўмяшаўся ў творчы працэс, адзінае, чаго ім было шкада: цудоўных кадраў — фільм пра гвалт у старасьвецкім цягніку Intercity, на фоне падушак утульнага купэ, зьняты ўсутыч, так натуральна, што ў кадры можна было б пабачыць непадробны жах і боль, і, можа быць, задавальненьне... о, яны мелі б посьпех... а камэра? Хрэн зь ёй, Скіму зьдзіўляла, як лёгка кожны з маладых рэжысэраў мог дазволіць сабе дарагую апаратуру, тут была нейкая брудная таямніца, але Скіма не працаваў у аддзеле дарагіх таямніц, ён займаўся таннымі, някідкімі, нікому не патрэбнымі, такімі, пра якія ніхто не напіша...
Скіма паклаў камэру на падлогу і акуратна, з асалодай, намагаючыся пранікнуць у самае сэрца, раструшчыў яе абцасам свайго высокага бота. Потым расправіўся з абломкамі, стараючыся не ўпусьціць ніводнае дэталі. З задавальненьнем паглядзеў на апухлае вуха аднаго, разьбіты рот другога, сутаргава прыціснутыя да калена бледныя далоні трэцяга... Застрахаваныя ўбоствы. Ён стаяў над імі, як судзьдзя — і бачыў па іхных вачах, што яны не раскайваюцца, а ацэньваюць яго на прадмет кінэматаграфічнасьці.
Пустата. Якая ж пустэча ў іхных зрэнках. Шкло аб’ектыва.
Судзьдзя, які ня можа караць, бо ў яго астывае кава. Вось хто ён такі, Тэрэзіюс Скіма.
Маладыя рэжысэры заварушыліся, запоўзалі каля ягоных ног, яны ўпіваліся болем і глядзелі на яго з усё большым выклікам. Ён сьцяў вусны і выйшаў, бразнуўшы дзьвярыма. Яму хацелася, каб нехта зь іх падставіў гэтым шкляным дзьвярам пальцы.
“Я вас ведаю”, — сказала жанчына, якую ён уратаваў. Магчыма, ад славы, ад грошай, ад кар’еры.
Яна ўжо трохі супакоілася.
“З вамі ўсё ў парадку?” — буркнуў Скіма.
Яна кіўнула.
“Хадземце да мяне ў купэ. Вы ня хочаце падаць заяву на гэтых лярвёнкаў?”
“Гэта ня мае сэнсу. Выкруцяцца. Я чытала пра іх, але ня думала, што...”
Скіма рушыў наперад. Яна не магла адвесьці вачэй ад яго барады.
“Вы агент Скіма. Мы знаёмыя, праўда?”
Ён уздыхнуў і ўсьміхнуўся:
“Дзяцел”.
“Дзяцел у шатах, нябачны ў ранішнім тумане, высяляе з дрэва чарвячкоў”, — прамовіла яна, дакрануўшыся да яго рукі.
“Вы Айсу. Пакаёўка з гатэлю “Розэнгартэн”, — абыякава сказаў Тэрэзіюс Скіма. — У якой няма для мяне ніякай карыснай інфармацыі адносна памерлага ўчора ўначы пастаяльца”.
“Вы памятаеце, як мяне завуць?”
“Айсу, мы з вамі пазнаёміліся ўчора раніцай. Няўжо вы думаеце, што ў мяне настолькі дзіравая памяць, што я забываю людзей праз 24 гадзіны пасьля знаёмства?”
Прагучала раздражнёна, але Айсу глядзела на яго як заварожаная. Скіма выпіў астылую каву. Цягнік ехаў па Гамбургу, цяпер ужо паволі, асьцярожна, карцінка з вокнаў зьнікла, цяпер яны бачылі ўжо сапраўдны горад, горад у рэальным часе: карычневы, кармінавы, чорны, ён выплываў з туману, як субмарына, і недзе далёка крычалі на Эльбе караблі, і было такое адчуваньне, што пад падлогай купэ плёскае вада. Чайкі, наеўшыся мяса, кружлялі над дахамі, замёр на чыгуначнай эстакадзе, прапускаючы Intercity, цягнік гарадзкой электрацыі.