Выбрать главу

“Паважаныя пасажыры, празь некалькі хвілін мы прыедзем на станцыю Гамбург-Гаўптбангоф...”

“Зараз вы выйдзеце і...”

“Я еду да Альтоны”, — сказаў Тэрэзіюс Скіма. Яна перасела да яго, пакруціла ў руках пусты кубак.

“І я таксама. Вы знайшлі нешта пра нашага нябожчыка?”

“Нашага?” — Тэрэзіюс Скіма ўсьміхнуўся. Наш ня­божчык. Падзяліць яго з гэтай жанчынай: яму — ручкі, ёй ножкі і рожкі. Яму — асадкі, алоўкі, нататнікі, кніжкі. Ёй — ягоныя разьбітыя боты, у якіх ён пракрочыў сотні кілямэтраў, перад тым, як ­зьняць іх у гатэльным нумары. Назаўжды.

Што табе такое прыходзіць у галаву, Скіма? Няўжо гэта і ёсьць яно — атручаньне старымі кнігамі? Калі словы самі складваюцца ў вонкава прыгожыя, ладныя фразы — за якімі насамрэч нічога няма. Нічога, што дапамагло б ацалець у гэтым тумане.

“Я таксама еду да Альтоны, — Айсу накінула паліто. — Да бацькоў”.

“Вось як, — няўважліва кінуў Скіма, думаючы пра пастаяльца. — Сёе-тое пра яго вядома. Здаецца, ён сапраўды быў паэтам”.

“Паэтам? — Айсу пырснула сьмехам. — Пісаў... вершы? Такое яшчэ бывае ў прыродзе?”

“Яшчэ як бывае, — Скіма прыгадаў Кляўса і міжволі пасьміхнуўся. — Так. Але ня проста паэтам. Апошнім паэтам”.

“Дарэчы, я падумала... — Айсу дакранулася да ягонай тонкай рукі. — Такія, як ён, часта робяцца ахвярамі. Я маю на ўвазе гэтых Маладых Рэжысэраў. Напасьці на кагосьці ў купэ Intercity — такое здараецца рэдка, тут патрэбны кураж. А вось скруціць і зьняць на камэру нікому не патрэбнага валацугу — гэта ж для іх проста падарунак. Ніхто і ўвагі ня зьверне”.

Скіма паглядзеў на яе, яму хацелася зноў узяцца за сваю бародку — але Айсу апярэдзіла яго, правяла пальцам па серабрыстым матузку, зьверху ўніз. Нібы зьлёгку пагладзіла хвост невядомай істоты.

Тэрэзіюс Скіма быў жанаты тройчы. Першы раз — з жанчынай, аблічча якой ён пачаў ужо забываць. Яе звалі... так, яе звалі Мары, яна была афрыканка, францужанка, студэнтка, вывучала ў Бэрліне ці то арніталёгію, ці то афрыканскія ляс­катлівыя зычныя, а можа, і тое, і другое, і нешта трэцяе... Яны пражылі разам год — тады Тэрэзіюс Скіма выглядаў зусім ня так, ён быў доўгі, аўтычнага выгляду маладзён, які ўвесь час прысьвячаў кампутарным гульням, а асабліва Бібліі... была такая старая забаўка... прыдуманая яшчэ тады, калі Скіма нарадзіўся... Потым быў Пэтэр — шмат сэксу, мала грошай, з раніцы да вечара яны валяліся ў ложку і глядзелі фільмы, збольшага SuperDDR, але і старое кіно таксама. Іх бацькі не прыехалі на вясельле, ні ягоныя, ні Пэтэравы, толькі сястра Пэтэра, якая напілася, згубіла кашалёк, засталася ў іх жыць... яна рабіла Скіму недвухсэнсоўныя знакі ўвагі, а ён ня ведаў, што рабіць. Уцякаць ад людзей ён тады яшчэ не навучыўся. Скіма добра запомніў Пэтэраў чэлес — а як не запомніш, на тым прамым чэлесе быа татуіроўка, чалавечак, які сьмеш­на і трохі злавесна ўсьміхаўся Скіму, калі ў Пэтэра ўставаў... Чалавечак, блізка, блізка... А Пэтэр усё далей, Скіма кінуў яго, калі той пачаў накачвацца рознай хіміяй, яе шмат разьвялося ў Бэрліне ў канцы трыццатых. Яму не патрэбны быў наркаман побач. Аднойчы ён проста сышоў з дому, які яны здымалі ў Кройцбэргу, і не вярнуўся. Зьняў кватэру каля Фрыдрыхштрасэ, недалёка ад дому, дзе некалі завісалі ўсе гэтыя расейскія мастакі...

А потым здарылася Танья. Яна была руская і ўсё расказвала Скіму, як яе зусім малой вазілі да нейкай чарадзейкі, у лес, на тым баку Ўсходняй мяжы. Праўда, тады, у Таньіным дзяцінстве, ніякай мяжы яшчэ не было, бацькі Таньі пасьпелі ўцячы яшчэ да таго, як пачалася вайна. Часам ён прасіў раска­заць яе пра сваё дзяцінства — але ня слухаў, яму ўжо праз пару хвілін хацелася пераключыць яе, або прыбраць гук, хацелася паглядзець яе іншыя каналы, але іх не было... Толькі адзін. Аднавымерная дзеўка. У яе былі валаскі на смочках. І ён забараняў ёй іх стрыгчы.

Які ж ён быў дурань тады. Яму ўсё здавалася, што фільм толькі пачынаецца, доўгі фільм ягонага жыцьця, ён нецярпліва праскокваў людзей, словы, знакі, падзеі, каб хутчэй дабрацца да самага галоўнага. Каб зразумець, для чаго яго здымаюць. Дзеля чаго ўзялі на ролю. У чым соль сцэнара. І раптам ён застаўся адзін.

Зь ім быў толькі горад, які ён любіў дзіўнай любоўю кафкіянскага землямера.

І ўсе гэтыя людзі, якім ён вяртаў імёны і мінулае. Хоць яны яго пра гэта не прасілі.

Калі б было можна, ён выйшаў бы замуж за аднаго са сваіх безвалосых катоў або ажаніўся б з коткай. Гэта ня мела значэньня: котка, кот... Ён узяў бы іх у жонкі і мужы ўсіх: але закон усё яшчэ забараняў мнагажэнства.

Тэрэзіюс Скіма не любіў прыгадваць мінулае.

Яны выйшлі разам з Айсу ў сьветлы туман Альтоны.