Скіма агаломшана выслухаў гэтыя павучэньні. Апошні раз зь ім так размаўляў Пэтэр. Перад тым, як яны рассталіся. Але самым цікавым было тое, што яму падабалася слухаць гэтае цёмненькае, абсыпанае пухам коўдры дзяўчо. Ён паслухмяна кіўнуў і выцягнуў ногі.
“Бацька казаў мне перад сьмерцю, што вы прыйдзеце”.
“Што?” — Тэрэзіюс Скіма схапіў сябе за сярэбраную бародку. Ён зусім забыўся пра тое, што трэба трымаць ногі разам, спадніца задралася, Міра зірнула на яго са шкадаваньнем.
“Бацька ніколі не насіў спадніцаў. Людзі лічылі яго злым, непрыветным, такім сабе аскепкам мінулай эпохі... Але паважалі”.
“Ты сказала, што... Што твой бацька... Стары Лямпэ ведаў, што я прыйду сюды?”
“Ён папярэджваў. Аднойчы, казаў ён, тут зьявіцца хтосьці, хто будзе шукаць чалавека зь пяром і кнігай. Можа быць, праз год, а можа, праз сто гадоў. Але гэта адбудзецца. Так ён казаў і пакінуў пасланьне. Вы прыйшлі праз год. Але пакажыце мне пяро. І кнігу таксама”.
Тэрэзіюс Скіма паклаў на калені заплечнік, дастаў тое, што засталося ад пастаяльца, і працягнуў Міры.
“Так, усё правільна. Хадземце ўніз, бацька скажа вам усё, што трэба”.
“Скажа?”
“Гэта відэазапіс. Ён зрабіў яго на стары тэлефон, але ў мяне ёсьць усё патрэбнае”.
І вось яны ўжо спускаліся па пакручастай лесьвіцы на цокальны паверх, у пакой, дзе таксама былі кнігі: разарваныя пачкі і цэлыя, не кранутыя нікім цагліны, часопісы, газэты, стосы тонкіх і тоўстых папяровых трупаў. На імгненьне Тэрэзіюс Скіма ўявіў сабе канцлягер.
Яна пасадзіла яго на праціснутую канапу і працягнула стары тэлефон на прывязі зараднай прылады. Выключыла цьмянае сьвятло, села побач. Ён адчуваў, як ад яе востра пахне падлеткам. Пах раскрытага падвальнага акна на зімовай вуліцы.
На маленькім экране зьявіўся жаўтаваты твар старога мужчыны. Той пажаваў вуснамі і зьедліва ўтаропіўся ў вочы агента Скімы.
“Прыйшлі... Прыйшлі нарэшце... Я ведаў... Ведаў. Некалі ўсё роўна ўсё сыдзецца. Што б вы там ні вярзьлі пра сучаснасьць і актуальнасьць... Тых, хто піша, ніколі нельга судзіць пры жыцьці. Ня ведаю, ці побач мая дачка Міра. Магчыма, яна ўжо даўно ў магіле. Калі так, дык, спадзяюся, яна пражыла шчасьлівае жыцьцё. Яна адзінае стварэньне, якое я любіў...”
Вядома, у вачах у Міры зьявіліся сьлёзы. Як у старых фільмах, падумаў Тэрэзіюс Скіма. А можа, яму падалося. У пакоі было цёмна, і водсьвет з экрана старога тэлефона блукаў па іхных тварах. Якія былі цяпер аднаго колеру.
“Калі ты побач, Міра, дык перастань румзаць і замкні дзьверы. Ты заўжды забывала гэта рабіць. Там навокал столькі гаўна. Небясьпечнага гаўна. Вы нават не ўяўляеце, там, сярод жывых, колькі гаўна было, калі я круціўся сярод вас. Ад вас жа немагчыма было схавацца. Вы лезьлі ва ўсе шчыліны... Людзі, людзі... Гаўно. Усё гаўно, апрача мастацтва і Міры... І ты гаўнюк, той, што сядзіць зараз і слухае маё трызьненьне. Ну, ці гаўнючка. Усе вы гаўнюкі. Ня веру, што ў вас там стала хоць на каліўца лепш. Няздары... Слабакі і няздары! Што, крывіцеся там? Адварочваецеся? Хрэн вам у вочы! Усё роўна даслухаеце, што я скажу. Вы ж ня проста так прыйшлі...”
Стары Лямпэ закурыў — нешта сьмярдзючае, з дымам такім густым, што ягоны твар на нейкі час не было відаць. А калі дым разьвеяўся, Лямпэ пазіраў у аб’ектыў ужо ня толькі са злосьцю, але і з тугою.
“Спачатку вы развучыліся курыць... Піць... Гаварыць... Слухаць адно аднаго. Потым чытаць... А потым і пісаць... Вам жа нічога больш не цікава. Вы думаеце, што ведаеце ўсё! Адзінае, пра што вы думаеце, гэта будучыня. Адзінае, што яшчэ неяк можа страпянуць вашыя дохлыя душы. Вы думаеце, вы зьмяніліся... Курам на сьмех! Вось ідыёты...”
Стары Лямпэ заперхаў, закерхаў — такім быў ягоны старэчы сьмех. Тэрэзіюс Скіма зноў падумаў, што ён глядзіць кіно: столькі ў маналёгу гэтага чалавека было акторскай гульні.
“Слухайце, слухайце... Ня хочацца, а давядзецца... Я вам усё пра вас раскажу. Вы дыстрофікі там, ясна? У вас атрафіравалася самае важнае — а што, вы ўжо й ня памятаеце. Дыстрафічныя чалавекападобныя. Упэўненыя ў сваёй выключнасьці, упэўненыя, што ідзяце правільным шляхам. У вас не засталося сумневаў. Толькі карцінкі. Адны карцінкі. Тупыя дзеці. Вы ідзяце за карцінкамі і думаеце, што ведаеце ўсё пра сьвет...”
Ён пачынае надакучваць, падумаў Тэрэзіюс Скіма. Яму што, і праўда ў галаву не прыйшло, гэтаму старычыне, што можна проста праматаць запіс і паслухаць самае важнае? Калі, вядома, ён і праўда мае што сказаць, гэты звар’яцелы кнігар. А той нібы наўмысна працягваў філязофстваваць:
“Нічога не зьмянілася. Вось што вам варта ведаць пра сябе. Вам нецікава, як жылі людзі сто, дзьвесьце гадоў таму, і ў вас больш няма кніг, каб прачытаць і павучыцца ў іх... Вось у мяне ў руках кніга...”