Выбрать главу

Гэта калі ён ужо зусім малы зрабіўся. Зачараваны хлопчык-ліліпут.

“Такога багатага ўбраньня Нільс ніколі ня бачыў, хіба што ў дзедавай кнізе, якую маці давала яму разглядваць толькі ў нядзелі”.

І вось апошняе, самае цікавае:

“Зь якіх толькі краін сюды не траплялі кнігі, у скураных і выразаных з дрэва пераплётах, з зашпількамі й без!”

Тэрэзіюс Скіма перачытаў гэты сказ яшчэ раз.

І яшчэ.

Ён адразу ж прыгадаў дзьве кнігарні, у якіх яму давялося пабываць за апошнія дні. “Зь якіх толькі краін...”

А і праўда, зь якіх? Зь якіх толькі краін не прыяжджалі ў Нямеччыну людзі, каб пісаць тут вершы. Зь якіх толькі краін не прыляталі...

Вось і памерлы пастаялец з “Розэнгартэну”. Зь ягонымі кніжкай і пяром. Гусіным пяром.

Тэрэзіюс Скіма ціха засьмяяўся і палашчыў сваю бародку. Лухта нейкая. Гусі, людзі, кнігі. Куратнікі, імпэрыі, кнігарні. І ён, агент ED, крочыць па гэтым загадкавым ірэальным сьвеце, нахі­ляецца, стараецца не наступіць, стрымліваец­ца, прыглядаецца. Чорт. Куды ж яго нясе гэтая гісторыя?

Краявід за акном — адначасова сапраўдны і не — пачаў, між тым, зьмяняцца. Мільганула Пірна. Неўпрыкмет на экране акна вырасьлі горы, паступова, нібы выйшлі на шум цягніка — і Эльба, якая пакрысе пачынала ўжо мяняць сваё ненадзейнае імя (ва ўсіх рэкаў такія цякучыя імёны...) — бліснула халодным сьвятлом. Старыя дамы зьмянілі колер — нібы цягнік трапіў у іншую пару году. Цягнік замёр, калыхнулася кава, прачнуліся падлеткі — і расчапілі рукі. Вагон, нібы прыслухоўваючыся да чагосьці, пастаяў і зноў крануўся зь месца. Чэскія шыльды на шэра-жоўтых камяніцах абвясьцілі, што ехаць засталося зусім ня доўга.

Хто там пісаў у пару тваёй маладосьці, Скіма, што чыгунка вымрэ да сярэдзіны стагодзьдзя?

У Тэчэне, які чэхі называлі Дэчынам, Intercity спыніўся. Тэрэзіюс Скіма напаўвуха паслухаў кароткую, разьлічаную на нецікаўных турыстаў, лекцыю пра выселеных адсюль больш за сто гадоў таму судэцкіх немцаў. Чорна-белыя карцінкі былі літасьцівыя — прабеглі імгненна і зьніклі, нібы й не было. Дэкрэт Бэнэша, дэкрэт Бэнэша... Потым была хвіліна настальгіі: пасажырам расказалі пра саставы “Віндабоны” і “Хунгарыі”, амаль дагістарычныя цягнікі, якія некалі весела грукалі паміж сталіцамі, грэючы людзей ў халодную вайну, і кожны спыняўся тутака, на мяжы...

Вялікі добразычлівы сабака тыцнуўся ў ногі Скімы — яму было прыемна адчуць на пальцах дотык ягонай рудой поўсьці. Па вагоне прайшла чэская памежная варта, пакідаючы аднолькавы для ўсіх краін пах уніформы.

“Кнігі?”, — зьдзіўлена спытаў малады чэскі памежнік, адным элегантным рухам пальца спраў­дзіўшы Скімаву візу.

“Так”, — кіўнуў Скіма. Памежнік пажадаў яму добрай дарогі на сваёй пявучай нямецкай і ляніва рушыў далей.

“Кнігі?” — гэта была мытніца, паўнагрудая бляндынка, прыгожая, як усе славянкі.

“Прыгожая, як усе славянкі, — падумаў Скіма. — Гэта не мае словы. Але я падумаў іх. Толькі што іх падумаў, нібы нехта нашаптаў мне іх на вуха”.

“Так, — ён павярнуўся да яе. — Гэта забаронена?”

“Не, што вы, — усьміхнулася яна. — Проста... Яны па-расейску?”

“Так, гэта расейскія казкі”.

“Расейскія казкі... Гэта гучыць злавесна”, — засьмяялася яна, нібы яны дуэтам выконвалі жартоўную песьню ў адзін мікрафон.

Каменныя твары пасажыраў з усяе моцы імкнуліся не глядзець на Скіму. Сабака лізнуў яго ў вялікі палец нагі, і мытніца, калыхнуўшы гру­дзьмі, перайшла да наступнага пасажыра.

І вось цягнік зноў набраў ход, экраны на вокнах расталі, цяпер усё было суладна з часам — і Скіма зь цікавасьцю глядзеў, як чужая краіна з правінцыйнай сур’ёзнасьцю спрабуе ўпарадкаваць свой дзень. Мінула гадзіна, выпілася яшчэ адна кава, Тэрэзіюс Скіма недаверліва зірнуў на дно кубачка — і вось яны ўжо пад’яжджалі да Прагі.

“Вы, я бачыў, цікавіцеся старымі кнігамі?”

Той самы шпіён, які ўсё паглядваў на Скіму, нарэшце раскрыў рот. Тэрэзіюс Скіма неахвотна павярнуўся і кіўнуў.

“Упершыню ў Празе?”

Было відаць, што гэты чалавек чэх, але доўга пражыў сярод немцаў, яго выдаваў толькі мяккі акцэнт.

“Так”.

“Тады трымайцеся далей ад цэнтру. За сто гадоў там нічога не зьмянілася. Турысты, дарагоўля, мітусьня... Едзьце на Жыжкаў. Ці вы па справе?”

“Па справе”.

“Прага... — шпіён уздыхнуў. — Горад са старых кніг. Ён такім і застаўся. На дзіва. Ведаеце... У мяне ёсьць вось такая падушка... Каб не муляла шыю ў падарожжах. Я зрабіў на ёй вось такі надпіс. Гэта словы аднаго старога... старога пісьменьніка, які даўно памёр. Фулмэрфолд. Так яго, здаецца, звалі. Я выпадкова натрапіў на іх і запісаў. Не, я не чытаў таго Фулмэрфолда... ці Фулмэрфорда? Я не люб­лю літаратуру. Але гэтыя літаркі пра Прагу. Таму я зрабіў прынт на падушку. Вось, чытайце. Гэта па-нямецку, ня бойцеся...”