Адным вокам чапляючыся за праскія ўзгоркі, Скіма абыякава прачытаў надпіс на падушцы:
“Облокотясь на узловатыя перила, я увидѣлъ внизу одернутую легкой поволокой Прагу, мреющія крыши, дымящія трубы, дворъ казармы, крохотную бѣлую лошадь. Единственной красотой ландшафта былъ вдали, на пригоркѣ, окруженный голубизной неба круглый, румяный газоемъ, похожій на исполинскій футбольный мячъ. Поодаль, около терновыхъ кустовъ, лежалъ навзничь, раскинувъ ноги, съ картузомъ на лицѣ, человѣкъ. Я прошелъ было мимо, но что-то въ его позѣ странно привлекло мое вниманіе, — эта подчеркнутая неподвижность, мертво раздвинутыя колѣни, деревянность полусогнутой руки. Онъ былъ въ обшарканныхъ плисовыхъ штанахъ и темномъ пиджачкѣ.
“Глупости, — сказалъ я себѣ, — онъ спитъ, онъ просто спитъ”.
...
“Ну і што? — спытаў Тэрэзіюс Скіма. — Проста ўрывак са старой кнігі”.
“Нічога, — сказаў той, з выглядам выкрытага шпіёна. — Фулмэрфолд. Ангельскія казкі, мабыць. Вы не чыталі?”
“Не”, — сказаў Тэрэзіюс Скіма і нацягнуў боты. Дзень быў зусім не блакітны. Шэры і доўгі дзень у незнаёмым старым горадзе, дзе Тэрэзіюса Скіму чакалі ўсё новыя і новыя старыя кнігі.
На Поржычы, дом сем. Так — і ўсё ж, канечне, не зусім так гучала адрэса, якую ён назваў барадатай таксістцы, але тая зразумела і машына пачала сутаргавымі рухамі прабірацца па вузкіх вуліцах, ледзьве ня кожную хвіліну нецярпліва прытарможваючы, каб не апярэдзіць гэты дзень, які ўсё разгортваўся на каленях гораду, нібы складзеная хрусткая і сьлізкая мапа. Урэшце ён расплаціўся і выйшаў на праскі марозец. Пастаяў перад дзьвярмі, на якіх не было нічога, апрача папяровых скальпаў старыжытных стыкераў, і рашуча таўхануў іх — нібы яны былі вінаватыя ў тым, што ён апынуўся тут, з анямелымі пальцамі ног і поўным заплечнікам дзіўных рэчаў.
Вандроўны гандляр Скіма.
Каміваяжор Тэрэзіюс С.
10.
І зноў на яго глядзелі кнігі. З усіх кутоў, няўхвальна і недаверліва — а пасярэдзіне пераліваўся нежывым полымем электрычны камін, нястрашнае траваеднае, якое ніколі ня зможа зжэрці папяровую кніжную плоць.
У пакоі сядзела некалькі маладзёнаў — нават не азірнуўшыся на Скіму, яны чыталі, схіліўшы вялікія, нейкія непрапарцыйна круглыя галовы, і варушылі вуснамі. Адзін зь іх выцягнуў да каміна ногі ў грубых ваўняных шкарпэтках.
Тэрэзіюс Скіма павітаўся і адкашляўся.
“Я шукаю Пэтру, — сказаў ён па-нямецку і паўтарыў гэта па-ангельску. — Пэтра. Яна тут?”
Хоць было ясна, што ніякай Пэтры ў пакоі не было. Толькі гэтыя хлопцы і бледны электрычны агонь. Агонь, што, падавалася, быў тут галоўным — ён глядзеў на Скіму загадкава і крыху паблажліва.
Скіма ўспомніў, як ён упершыню трапіў у адзін з бэрлінскіх гатэляў. Там у нумары, дзе ён спаў, на сьцяне вісеў манітор, а на ім выява дрыготкага агню, які асьцярожна лізаў языкамі экран. Падманлівая цеплыня — і ўсё ж яе хапала, каб сагрэцца. Проста карцінка — а ты ўжо інстынктыўна падсоўваеш бліжэй рукі. Калі гэта было? У 33-м?..
“Пэтра, — раптам сказаў адзін з хлопцаў, не падымаючы галаву. — Пэтра — гэта дух, яна паўсюль і нідзе. Пэтра ўжо ў табе, чужаземец. Намацай яе пад сваім няшчасным сэрцам”.
“Кінь, Кінч, не дуры галаву чалавеку, — адгукнуўся іншы маладзён, зарослы барадой па самыя вочы. Вочы, якія ён нарэшце падняў — яны былі чырвоныя і апухлыя, нібы ён ня спаў ужо некалькі дзён. Ён назваў адрас. — Навігуй сябе туды. Калі, вядома, ты гатовы да таго, што цябе пашлюць куды далей”.
“Матухна Пэтра... — прамовіў той, што выцягнуў ногі да агню. — У яе ўжо ёсьць тры сыны, Расінант ня вытрымае чацьвярых”.
“Балівар”, — паправіў з прыкрасьцю барадаты.
“Так, я ведаю гэтую песьню”, — сказаў Тэрэзіюс Скіма, успомніўшы кліп пачатку саракавых.
“Песьню?.. — цяпер ужо ўсе трое паднялі на яго свае цяжкія галовы і фыркнулі. — Ды гэтым словам гадоў сто, а мо й болей!”
“Фільму крыху меней”, — кінуў хлопец у ваўняных шкарпэтках.
“Цяпер ясна, што да Пэтры ты можаш не хадзіць, яна нават гаварыць з табой ня будзе”.
“Я шукаю ня толькі Пэтру, — цярпліва сказаў Скіма. — Уласна кажучы, чалавек зь пяром і кнігай таксама мяне вельмі цікавіць”.
“Зь пяром?”
Яны задумаліся, быццам чулі гэтае слова ўпершыню.
“Так. З гусіным пяром. Магчыма, вы бачылі яго тут?”
“Мы тут нядаўна, — неахвотна сказаў барадаты. — Тут шмат народу швэндаецца... Не, пёрамі тут ніхто не захапляецца”.
“Не народ для ўраду, а ўрад для народу”, — тонкім голасам прамовілі Ваўняныя Шкарпэткі.