Выбрать главу

“Пэтра!”

“Што?”

“У цябе няма такога адчуваньня, што нас з табой і ўсё гэта, усю гэтую гісторыю напісаў нехта?”

“Пра нас?”

“Нас і ўсё гэта, што з намі адбываецца. Нейкі паэт з Расеі. Які ніколі ня быў па гэты бок Граніцы. Ён проста прыдумаў нас, вычытаў са старых кніг”.

“Ты напіўся”.

“Я напіўся”.

Яны ўваліліся ў Пэтрын клюб, нібы ком вулічнага сьнегу. Хлопцы ўсё яшчэ сядзелі там — і нехаця павярнулі цяжкія галовы. Яны спалі, падумаў Скіма. Яны заснулі адразу, калі ён выйшаў ад іх некалькі гадзін перад тым. Гэта месца для іхнай ­сьпячкі.

“А ну марш усе на вуліцу, — нізкім пагрозьлівым голасам сказала Пэтра. — Няздары. Вы ж адурэеце тут, вунь вочы якія, як у наркаў. На паветра, наперад, у людзі. Тут дыхаць няма чым. І каб да раніцы не вярталіся!”

Маладзёны пакорліва пацягнуліся да сваіх балахонаў, зваленых у кучу. Пэтра прасачыла, каб яны выйшлі, і зачыніла дзьверы.

“Зараз я падумаю, дзе б гэта магло быць...”

“Гэта ягонае пяро?”

Тэрэзіюс Скіма дастаў пяро з заплечніка і ледзь не зламаў.

“Так, ён чамусьці ўвесь час цягаў яго з сабой... Відаць, памяць пра нешта. Ці амулет. Я спрабавала распытаць яго, як ён трапіў у Парыж. Мусіў жа ён неяк дабрацца туды з таго боку Граніцы. Не пераляцеў жа празь яе”.

“І што?”

“Нічога”.

“Ты кажаш: не пераляцеў... У Бэрліне я купіў адну рускую кнігу... Рускую кнігу пра хлопчыка Нільса. Там межы перасякаюць менавіта так. Пераля­таюць на птушках”.

“Што ты чытаеш, Скіма? Што ў цябе за густ...”

“Прабач. Дык што сказаў Парыжанін?”

“Парыжанін толькі ўсьміхаўся. Усё пра мяне, сказаў ён...”

“...Напісана ў адной старой кнізе, — сказаў Скіма, цяжка варочаючы языком. — Так?”

“Так. Вось, знайшла. Як ні дзіва”.

І Пэтра працягнула яму пакамечаныя аркушы. Скінула куртку, адчыніла дзьверцы, якіх Скіма нават не заўважыў, дастала бутэльку сьлівовіцы.

“Самы час выпіць”.

Яна наліла ім у брудныя шклянкі. Скіма ікнуў, прымружыўся і выпіў усё да дна.

“А цяпер можаш пачытаць... Уголас. Калі зможаш. Цяпер ты маеш і арыгінал, і пераклад. Але гэта табе не дапаможа. Табе ўжо нічога не дапаможа, Скіма. Табе і тваёй снобскай бародцы”.

Ён нахіліўся над паперкамі і паслухмяна пачаў чытаць, намагаючыся сабраць у словы беглыя літары, такія знаёмыя — і пазбаўленыя нават намёку на сэнс.

“Aiduzu, aiduzu psauta-spajmalnutika,

Jaf rukoju,

Mautika us nitutima,

Mautika us kugoje kristutima,

Us neistoje hutima u strilutima...”

Страшныя і вясёлыя “uti” скакалі перад вачыма Скімы. Не, гэта была ня мова. Гэта была гульня, у якой ён, Скіма, быў усяго толькі маленькім мячыкам.

“...Nutima, volfsutima ujmatuzu,

Bim nepletuzu,

tuzu

makinogrimutima...”

“Я нічога не разумею”, — сказаў ён і падняў галаву.

Пэтра стаяла перад ім аголеная і з асалодай назірала за ягонымі асьлепленымі вачыма. А потым падышла і засунула руку яму пад спадніцу.

“Цяпер ты падобная да мядзьведзіцы”, — сказаў ён.

“Здымай”, — сказала яна, рассоўваючы ­поўсьць. На гэтым вялікім целе было ўсё, што ён шукаў. А яна правяла рукой па кнігах — і яны паляцелі на падлогу, як спалоханыя куры. Пад верхнім слоем была нізкая канапа, якая ўпіралася рэбрамі ў падлогу, а на ёй, як абяцаньне, гэткі ж бухматы, але не занадта, плед.

“Калі ёсьць мова, мусіць быць і слоўнік”, — сказаў Скіма, якому не хацелася выбірацца зь яе цёп­лага цела.

“Калі ты пашукаеш тут... — Пэтра абвяла шырокай далоньню пакой. — Дык, можа, праз год і знойдзеш. Але глядзі, вось гэта, здаецца, ня верш. Гэта проза. Ён напісаў тут нешта, што не ўвайшло ў ­кнігу”.

Выгнуўшыся, Скіма ўхапіўся за аркуш, які прыляпіўся ззаду нейкага верша. І прачытаў напаўголасу, адчуваючы, як тахкае ашалелае ад гэтага вечара сэрца:

“U mau irukutima agramuta. O agramuta, sau au bim asituzu u o agramutejle. Nekau krauta bim laduzu balbutima. O sau bim aluzu. Neistoje balbuta neistoje tajnobalbalnutima. Akkou legoje balbuta, legoje akkou klinkuta. U uvjutima izimoje, au kartuzu i.v.s. da krapuzu nutima, mau rukutika chlopcy neamiluzu mau parou o. Razozhgu ja kamin budu pit, khorosho bi sobaku kupit. Suta imatuzu laduzu sabau istutima. U stutima M. au bim imatuzu istuzu fafroje. Fuzu okutima, akkoubif au akkou ujma. Najda onki dinutima bu aiduzu amgluta, au bu siduzu u mau sauroje autima da bu pavuzu guroju. Da ujma algobalbuta bu istuzu u stutima m. u uvjutima sau nekau nekalau neasituzu. Tau bim neistuzu kalau bim neimatuzu posabau sigrutima. Au — bim.